Ліцвіны Севершчыны

(Пасля перасылкі з Літвіны Севершчыны)

Ліцві́ны Се́вершчыны — назва беларускамоўнага насельніцтва паўднёва-заходніх паветаў былой Чарнігаўскай губерні — Гараднянскага, Мглінскага, Навазыбкаўскага, Старадубскага, Суражскага і некаторых іншых.

У 9 — 12 ст. гэты рэгіён быў сумежжам плямён севяран, радзімічаў і вяцічаў, насіў назву Севершчына і першапачаткова ўваходзіў у склад Чарнігава-Северскага княства. У сяр. 14 ст. Севершчына далучана вялікім князем Альгердам да ВКЛ. Канчаткова перайшла да Расійскай дзяржавы па Андросаўскаму дагавору (1667).

Упершыню ў навуковы ўжытак тэрмін ліцвіны адносна беларускамоўных жыхароў Чарнігаўшчыны ўвёў у канцы 18 ст. Апанас Шафонскі. П. Білецкі-Насенка у сваім «Слоўніку украінскай мовы» (1843) пісаў: «Литвин. Житель и подданый Вел[икого] Княж[ества] Литвы. Полтавские малороссияне называют литвинами всех жителей задесенских, говорящих белорусским „наречием“».

У 19 ст. працы прысвечаныя беларусам-ліцвінам выдалі Г. Есімантоўскі і С. Максімаў, на пачатку 20 ст. — А. Рубец. Адным з галоўных даследчыкаў ліцвінаў з'яўляецца Марыя Косіч. У 1901 годзе ў часопісе «Живая старина» друкуецца яе манаграфія «Литвины-белорусы Черниговской губернии, их быт и песни», якая ў 1902 годзе выйшла асобным выданнем. У савецкі час беларусаў-ліцвінаў вывучалі прафесар П. Растаргуеў і вядомы беларускі этнограф Аляксандр Сержпутоўскі.

Самі сябе ліцвіны называлі «рускімі» і «казакамі». Ліцвіны ўсведамлялі сваё адрозненне ад вялікарускага насельніцтва («маскалі», «кацапы» — у іхняй мове). Этнонім «беларусы» ліцвінамі не ўжываўся, бо на Чарнігаўшчыне ў канцы 19 — пачатку 20 ст. не было элітарнага беларускага нацыянальнага руху. Ліцвіны адрозніваліся ад суседняга вялікарускага і ўкраінскага насельніцтва этнічнымі рысамі адзення (белыя даматканыя світкі, жаночы галаўны ўбор намітка, мужчынскі — магерка), абрадамі і мовай (вельмі блізкая да гаворак Усходняй Гомельшчыны). Моўныя асаблівасці ў сельскай мясцовасці, з-за замкнёнасці сельскага жыцця ў мінулым і аддаленасці ад вялікіх адміністрацыйна-палітычных і прамысловых цэнтраў у новы час, захоўваюцца па сённяшні дзень.

Тэрыторыя былой Чарнігаўскай губерні пасля рэвалюцыі была падзелена паміж РСФСР і УССР і былыя ліцвіны ўсведамляюць сябе зараз адпаведна рускімі і ўкраінцамі. Толькі невялікая частка ліцвінаў Чарнігаўшчыны (жыхары вёскі Казацкія Балсуны былога Суражскага павету і некаторых іншых, што ўвайшлі ў склад БССР) была далучана да працэсаў кансалідацыі беларускай нацыі.

Літаратура правіць

  • Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах — Мінск 1993.
  • Катлярчук А. Беларусы бранскага краю // ARCHE 2(16)-2001.
  • Горленко В. Литвины півночі України — ймовірний уламок нащадків племені літописних сіверян.

Спасылкі правіць