Леанід Міхайлавіч Несцярчук

(Пасля перасылкі з Л. М. Несцярчук)

Леанід Міхайлавіч Несцярчу́к (нар. 2 кастрычніка 1945, в. Харкі, Пружанскі раён , Брэсцкая вобласць) — беларускі гісторык, даследчык гісторыі населеных пунктаў і архітэктурных збудаванняў на Беларусі. Спецыяліст па гістарычнай спадчыне і персаналіях славутых ураджэнцаў Берасцейшчыны другой паловы ХVIII-ХІХ ст. Кандыдат гістарычных навук (1996).

Леанід Міхайлавіч Несцярчук
Дата нараджэння 2 кастрычніка 1945(1945-10-02)[1] (78 гадоў)
Месца нараджэння
Род дзейнасці гісторык
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат гістарычных навук
Альма-матар
Член у

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 2 кастрычніка 1945 года ў вёсцы Харкі Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. У гэтых мясцінах адбылася адна з важных бітваў вайны з Напалеонам, з пакалення ў пакаленне перадаваліся ў вёсцы страшныя гісторыі тых часоў. Леаніда з дзяцінства вельмі цікавілі гістарычныя падзеі, таму вырашыў стаць настаўнікам гісторыі.

У 1970 годзе скончыў гістарычны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. Працаваў выкладчыкам гісторыі ў ПТВ № 27 г. Брэста, інструктарам Брэсцкага гаркама ЛКСМБ, загадчыкам сектара Брэсцкага абкама ЛКСМБ, першым сакратаром райкама ЛКСМБ.

У 1978 годзе скончыў Мінскую вышэйшую партыйную школу. Працаваў загадчыкам аддзела Брэсцкага абкама КПБ, намеснікам загадчыка аддзела абкама КПБ, намеснікам начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. У 1991—2010 гадах Леанід Міхайлавіч быў вядучым спецыялістам упраўлення культуры аблвыканкама па ахове гістарычнай спадчыны. Быў ініцыятарам стварэння ў 1997 годзе і сакратаром каардынацыйнага савета аблвыканкама па ахове матэрыяльнай і духоўнай спадчыны. З 2001 года — член прэзідыума Беларускага рэспубліканскага Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

З 2002 года з’яўляецца членам Беларускага камітэта Міжнароднай рады па помніках і мясцінах.

Леанід Міхайлавіч у 1991 годзе прымаў актыўны ўдзел у рэстаўрацыі і адкрыцці Свята-Пакроўскай царквы — помніка архітэтуры 1825 года ў в. Гарадзечна Пружанскага раёна. Таксама пры яго непасрэдным удзеле была адноўлена каля в. Паддубна мемарыяльная капліца на месцы пахавання рускіх воінаў Гарадзечанскай бітвы 1812 года.

У 1996 годзе Л. М. Несцярчук скончыў Варшаўскую Акадэмію палацава-паркавай архітэктуры. Атрымаў навуковую ступень кандыдата гістарычных навук пасля абароны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце дысертацыі «Баявыя дзеянні 3-й Заходняй Рускай арміі ў Айчынную вайну 1812 года на тэрыторыі Беларусі» (навуковы кіраўнік — прафесар А. П. Ігнаценка).

Л. М. Несцярчук з’яўляецца ініцыятарам стварэння ў 1994 годзе і старшынёй Брэсцкага міжраённага грамадска-культурнага аб’яднання імя Тадэвуша Касцюшкі. Арганізатар дэлегацый грамадскасці Брэстчыны да ўдзелу ў штогадовым Міжнародным Касцюшкаўскім сімпозіўме ў Мацеёвіцах пад Варшавай (Польшча).

Па думцы Леаніда Міхайлавіча, толькі дзяржава здольна вярнуць да жыцця гісторыка-культурныя ансамблі. Сядзібы А. Міцкевіча ў Завоссі, Н. Орды ў Варацэвічах, Нямцэвічаў у Скоках, Т. Касцюшкі ў Мерачоўшчыне ­- прыклады адраджэння страчанага. Але час палацаў, паркаў і замкаў яшчэ не прыйшоў на Беларусь, пакуль могуць быць рэалізаваны толькі лакальныя праекты.

Навуковая дзейнасць правіць

Аўтар 10 манаграфій, 140 навуковых публікацый, шэрагу кніг па гістарычнай спадчыне і многіх публікацый па праблемах гісторыі краю: «Отечественная война на Брестчине» (1990), «Высокае: 500 гадоў» (1994), «Гарадзечна: гістарычны нарыс» (1997), «Палацы, паркі і замкі Баранавіцкага раёна» (1999), «Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X—XX стст.» (2002) і інш. Кніга Л. М. Несцерчука «Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны» атрымала гран-пры на VI Міжнародным конкурсе «Мастацтва кнігі» дзяржаў-удзельніц СНД (2009).

Часта прымае ўдзел у навуковых канферэнцыях з дакладамі па гісторыі краю. Выступіў з дакладам аб бітве пад Гарадзечнам на міжнароднай навуковай канферэнцыі «Айчынная вайна 1812 года і Беларусь», арганізаванай Кобрынскім ваенна-гістарычным музеем імя А. В. Суворава (21 ліпеня 2012 г.). Зрабіў даклад «Михал Клеофас Огинский — дипломат, композитор, сенатор и его роль в политической жизни Российской империи» на навукова-практычнай канферэнцыі «От Малороссии до Арктики. Российская империя в событиях и лицах» (Санкт-Пецярбург, 24-25 студзень 2014 г.).

Працы правіць

  • Беларусь у вайне 1812 года. Паміж Напалеонам і Аляксандрам / Л. Несцярчук. — Брэст : Паліграфіка, 2012. — 319 с. : іл.
  • Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны / Л. Несцярчук; уступ. арт.: А. Лакотка, В. Дадзіёмава. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2012. — 429 с. : іл.
  • Станіслаў Аўгуст Панятоўскі: манарх, асветнік, мецэнат / Л. Несцярчук. — Брэст : Брэсцкая друкарня, 2011. — 298 с. : іл.
  • Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка : Вяртанне героя на радзіму / Л. Несцярчук. — Брэст : Брэсцкая друкарня, 2006. — 295 с. : іл. (Знакамітыя людзі Беларусі).
  • Ахова гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі : асноўныя этапы фарміравання, сучасны стан і перспектывы / Л. М. Несцярчук. — Мінск : БЕЛТА, 2003. — 283 с.
  • Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X—XX стагоддзяў: гісторыя, стан, перспектывы / Л. Несцярчук. — Мінск : БЕЛТА, 2002. — 334 с. : іл.
  • Пісьмовыя крыніцы аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі / Л. М. Несцярчук // Веснік Брэсцкага універсітэта. Серыя гуманітарных і грамадскіх навук. 2005. № 1 (22). С. 41—47.
  • Гарадзечна: матэрыяльная і духоўная спадчына : гіст.-архіт. нарыс / Л. М. Несцярчук. — Брэст : МПП «Тэхнічны цэнтр-88», 1997. — 42 с.
  • Перспектывы аднаўлення гісторыка-культурных аб’ектаў старасветчыны на Берасцейшчыне / Л. М. Несцерчук // Берасцейскія кнігазборы : матэрыялы міжнар. навук-практ. канф. «Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання», Брэст, 30-31 кастр. 2008 г. / Брэсц. абл. б-ка. Мінск, 2010. С. 10—13.
  • Стан і перспектывы гістарычных сядзіб Берасцейшчыны / Л. М. Несцярчук // Берасцейскі хранограф : зб. навук. прац. Брэст, 2004. Вып. 4. С. 71—75.

Заўвагі правіць

Літаратура правіць

  • НЕСЦЯРЧУК Леанід Міхайлавіч // Сучасныя беларускія даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага : біябібліяграфічны даведнік / С. П. Марозаў. — Гродна-Каўнас: ЮрСаПрынт, 2022. — 290 с. — ISBN 978-985-7257-57-7, 978-609-96340-1-2.
  • Нестерчук Леонид Михайлович // Кто есть кто в Республике Беларусь : 2009. Минск : Энциклопедикс, 2009. С. 161.
  • Несцярчук Леанід Міхайлавіч // Корзенко, Г. В. Историки Беларуси в начале XXI столетия : биобиблиографический справочник. Минск : Белорусская наука, 2007. С. 267—268.
  • Нестерчук Леонид Михайлович // Кто есть кто в Республике Беларусь : Деловой мир СНГ : вып. 3. Минск : Энциклопедикс, 2006. С. 265.
  • Нестерчук Леонид Михайлович // Кто есть кто в Республике Беларусь : 2004. Минск : Энциклопедикс, 2004. С. 204.

Спасылкі правіць