Магілёўская губернская друкарня

Магілё́ўская губе́рнская друка́рня — друкарня ў Магілёве, якая дзейнічала ў 18331917 гг. пры губернскім праўленні. У 1846 г. ёй перададзена абсталяванне кансісторскай друкарні.

Друкавала газету «Могилевские губернские ведомости», штогадовы даведнік «Обзор Могилевской губернии», «Памятные книжки Могилевской губернии», афіцыйныя матэрыялы губернскага праўлення, мясцовых дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый, губернскага статыстычнага камітэта: агляды і статыстычныя табліцы, спісы населеных пунктаў, звесткі аб складзе насельніцтва і інш. Друкаваліся матэрыялы сходаў і з’ездаў, справаздачы, уставы. У 1853—1855 гг. выдадзена першая кніга «Могилевская флора» Р. Пабо і К. Чалоўскага. Сістэматычнае кнігадрукаванне пачалося з 1861 г.

Усяго выйшла каля 217 назваў кніг, у асноўным свецкай тэматыкі на рускай мове (рэлігійная літаратура складала 4,6 %). Найбольш цікавымі з’яўляюцца краязнаўчыя працы па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі: «Исторический очерк Могилевской губернии» М. В. Фурсава (1882), «Дневник курганных раскопок, сделанных в течение лета 1892 г. в уездах Рогачевском, Быховском, Климовичском, Чериковском и Мстиславском» М. В. Фурсава і С. Ю. Чалоўскага (1892), «Историческая справка Могилевской мужской гимназии 1809—1909» М. П. Сазонава (1909), «Белыничский Рождество-Богородицкий монастырь» Ф. А. Жудро (ч. 1-2, 1911), збор гістарычных матэрыялаў «Могилевская старина». Былі выдадзены таксама: «Опыт описания Могилевской губернии…» (1882—1884) і «Свадебные песни белорусские» (1884) пад рэдакцыяй А. Дамбавецкага, «Белорусский сборник» Е. Раманава (1901, вып. 6.) і інш.

На беларускай мове надрукавана кніга «Тарас на Парнасе» і іншыя беларускія вершы (1900—1902).

ЛітаратураПравіць

  • І. А. Пушкін. Магілёўская губернская друкарня // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8.
  • Могилев : энциклопедический справочник / главный редактор И. П. Шамякин. — Минск, 1990. — С. 244.
  • Сидоренко, Б. И. Могилевский губернатор Александр Станиславович Дембовецкий и его время / Б. И. Сидоренко. — Могилев, 2012. — С. 59.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдактар Г. П. Пашкоў. — Мінск, 1999. — Т. 5. — С. 18-19.