Хведар Андрэевіч Жудро

Хведар Андрэевіч Жудро (1864, в. Кузьмінічы, Гомельскі павет, Магілёўская губерня — пасля 1922) — царкоўны дзеяч, гісторык, археограф, краязнавец, публіцыст, педагог.

Хведар Андрэевіч Жудро
Род дзейнасці рэлігійны дзеяч, гісторык, археограф, краязнавец, публіцыст, педагог
Дата нараджэння 1864
Месца нараджэння
Дата смерці не раней за 1922
Грамадзянства
Бацька Андрэй Іванавіч Жудро
Жонка Антаніна Васілеўна Сахарава
Месца працы
Альма-матар
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Жыццё і дзейнасць

правіць

Нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага святара. Скончыў Магілёўскую, а затым (1889 г.) — Санкт-Пецярбургскую духоўную семінарыю. З 1890 г. выкладаў у Магілёўскай духоўнай семінарыі, у 1892—1895 і 1898 гг. выконваў абавязкі рэдактара «Могилевских епархиальных ведомостей». З 1893 г. выкладчык Магілёўскага жаночага вучылішча духоўнага ведамства, член і справавод Магілёўскай павятовага аддзялення епархіяльнага вучылішчнага савета. З 1897 г. правадзейны член і справавод камісіі пад кіраўніцтвам Е. Р. Раманава па ўладакаванні магілёўскага сховішча старажытнасцей (пазней — Магілёўскі царкоўна-археалагічны музей). Меў чыны асэсара (з 1897 г.), тытулярнага і надворнага саветніка (з 1898 г.)[1].

З 1899 г. працаваў выкладчыкам Закону Божага ў гомельскіх мужчынскай і жаночай гімназіях, з 1905 г. — у прыходскім вучылішчы. Адначасова служыў святаром (з 1914 г. протаіерэем) гімназічнай царквы Аляксандра Неўскага. З 1904 г. член праўлення Магілёўскага гісторыка-статыстычнага камітэта. У 1905—1906 гг. старшыня Магілёўскага царкоўна-праваслаўнага брацтва, спрыяў выдаткаванню сродкаў на будаўніцтва царкоўна-прыходскай школы, уладкаванню гарадской бібліятэкі-чытальні ў Гомелі[1].

У Гомелі жыў на наёманай кватэры ў доме Бядрыцкага па вуліцы Каўказскай[2] (гістарычны раён Каўказ). Яго асабістая пячатка была знойдзена на адным з тамтэйшых падворкаў у 1972 г.[3]

Як педагог, па ўласных словах, быў праціўнікам абмежаванняў у навучанні па саслоўных, этнічных і рэлігійных прыкметах, а ў навучальным асяроддзі «з рознаверным і рознанацыянальным складам вучняў» намагаўся выкараніць антаганізм між імі, падтрымліваў творчую і грамадзянскую актыўнасць навучэнцаў[4]. Таксама ён сцвярджаў, што асабістым умяшаннем праз зварот да паліцэйскага начальства выратаваў ад пагрому дамы «некаторых рэвалюцыйных дзеячаў» і паспрыяў вызваленню арыштаваных «больш свядомых сялян павета»[5]. Незразумела, аднак, як дэмакратызм поглядяў, спалучаўся з удзелам у заснаванні (1911 г.) і працай на пасадзе сакратара чарнасоценскай газеты «Гомельское слово», а адзін з падрыхтаваных ім матэрыялаў меў «яўна пагромны характар» (надрукаваны не быў)[6].

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі, маючы рэпутацыю «чалавека ліберальнага, перадавога» выбіраўся ад настаўніцтва дэлегатам «на першы рэвалюцыйны сход павета» (20 сакавіка 1917 г.), быў членам «першай рэвалюцыйнай Думы ў Гомелі па настаўніцкім спісе»[5].

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, з усталяваннем савецкай улады, выбіраўся на пасаду члена калегіі былой гімназіі. Са скасаваннем рэлігійнага навучання ў школах працаваў настаўнікам рускай мовы. Падчас перапынку ў працы школ быў прыняты «на савецкую службу» памочніка загадчыка пахавальнага аддзела[5]. Станам на 19 лютага 1919 г. займаў пасаду сакратара школьнаго савета аддзела народнай асветы ў Гомелі[7].

За адслужаны 26 сакавіка 1919 г. падчас Стракапытаўскага паўстання малебен «аб зрынанні бальшавікоў» прыцягваўся савецкай уладай да адказнасці і быў асуджаны 12 мая таго ж года да зняволення ў Гомельскім выпраўленчым доме на тэрмін, акрэслены як «да сканчэння грамадзянскай вайны»[8]. У заяве з просьбай аб датэрміновым вызваленні ўдзел у контррэвалюцыйнай дзейнасці адмаўляў, як адмаўляў і палітычную скіравансць праведзенага малебну: «Нічога пра савецкую ўладу я не казаў і ніякага спачування мяцежнікам не складаў»[9]. З дазволу Карнага аддзела Гомельскага губернскага камісарыята юстыцыі падчас набажэнства ў дзень Пакрова Божай Маці звярнуўся да вернікаў з прамовай, якой пераконваў, што камунізм не з’яўляецца антыхрысціянскім вучэннем[10]. 25 кастрычніка 1919 г. быў датэрмінова вызвалены[11].

На пачатку 1920-х гг. працягваў займацца рэлігійнай дзейнасцю. У лістападзе 1922 г. далучыўся да абнаўленскага «Саюза абшчын Старажытнаапостальскай Царквы», выступіўшы адным са стваральнікаў яго гомельскай філіі[12].

Далейшы лёс, дата, месца і абставіны смерці застаюцца невядомымі.

Аўтар шэрагу публікацый па царкоўнай гісторыі Магілёўскай губерні[1]. У суаўтарстве з Д. І. Даўгялам і І. А. Сербавым напісаў нарыс «Горад Гомель» (1911 г.)[13].

  • История Могилевского Богоявленского братства (Магілёў, 1890 г.)
  • Белыничский Рождество-Богородицкий монастырь (Магілёў, 1894 г.)
  • Богоявленский братский монастырь в г. Могилеве (Магілёў, 1899 г.)
  • Буйничский Свято-духовный [женский] монастырь Могилевской епархии (Магілёў, 1904 г.)
  • Город Гомель (Могилевской губ.) / сост. Ф. А. Жудро, И. А. Сербов, Д. И. Довгялло (Вільня, 1911)

Зноскі

  1. а б в Яцкевіч, З. Жудро Хведар Андрэевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 т. Т. 3. [Гімназіі-Кадэнцыя] / Рэдкал. : Г. П. Пашкоў (гал. рэдактар) і інш. — Мінск : БелЭн, 1996. — С. 372.
  2. Памятная книжка Могилевской губернии на 1913 год. — Могилев губ. : Губернская типография, 1913. — С. 112.
  3. Яцкевіч, Зм. Л. Хведар Жудра і Гомель / Зм. Л. Яцкевіч // Гомельшчына : старонкі мінулага. Нарысы. Вып. 2. — Гомель, 1996. — С. 61-65.
  4. Дело гомельского губернского революционного трибунала по обвинению Жудро Федора в служении молебна во время Стрекопытовского мятежа // Архiварыус. Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 8. — Мінск : НГАБ, 2010. — С. 82.
  5. а б в Дело гомельского губернского революционного трибунала по обвинению Жудро Федора в служении молебна во время Стрекопытовского мятежа // Архiварыус. Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 8. — Мінск : НГАБ, 2010. — С. 83.
  6. Ананьев, А. Газета «Гомельское слово» // Сретение. — 2016. — № 1. — С. 19-21.
  7. Уваров, И. Ю. Гомель в исторической ретроспективе (1918—1925 годы) [монография] / И. Ю. Уваров. — Гомель : ГГТУ им. П. О. Сухого, 2021. — С. 104.
  8. Лебедзева, В. М. Святар Хведар Жудро і Стракапытаўскі мяцеж 1919 г. у Гомелі // Архiварыус. Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 8. — Мінск : НГАБ, 2010. — С. 80.
  9. Дело гомельского губернского революционного трибунала по обвинению Жудро Федора в служении молебна во время Стрекопытовского мятежа // Архiварыус. Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 8. — Мінск : НГАБ, 2010. — С. 84.
  10. Дело гомельского губернского революционного трибунала по обвинению Жудро Федора в служении молебна во время Стрекопытовского мятежа // Архiварыус. Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 8. — Мінск : НГАБ, 2010. — С. 88-89.
  11. Дело гомельского губернского революционного трибунала по обвинению Жудро Федора в служении молебна во время Стрекопытовского мятежа // Архiварыус. Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 8. — Мінск : НГАБ, 2010. — С. 86-87.
  12. Слесарев, В. А. Гомельская православная епархия в эпоху массовых антирелигиозных гонений (1922—1939) // Аспект. — 2018. — № 1 (5). — С. 26.
  13. Жудро, Ф. А. Город Гомель (Могилевской губ.) : с 68 автотипиями / сост. Ф. А. Жудро, И. А. Сербов, и Д. И. Довгялло. — Вильна : Сев.-Зап. отд. Имп. Русского географического о-ва, 1911.