Магілёўская скульптура
Магілёўская скульптура — працэс станаўлення самабытнай культавай разной скульптуры Магілёўшчыны адбываўся ў першай палове XVII стагоддзя і супаў па часе з фарміраваннем славутых нацыянальных школ у Галандыі, Іспаніі, Фландрыі і інш. У выніку сталых культурных сувязей узнікла самабытная непаўторная школа беларускага разьбярства — магілёўская скульптурная школа, якая стала сінтэзам заходне-еўрапейскага і мясцовага мастацтва. Магілёўскія майстры актыўна ўспрынялі пануючы ў Заходняй Еўропе стыль барока і ўключыліся ў агульна-еўрапейскі мастацкі працэс. Іх творы будаваліся на кантрастах, асіметрыі, дынамізме кампазіцыі, крывалінейнасці абрысаў, своеасаблівай дэкаратыўнасці, выяўлялі чалавечую дуалістычную прыроду, барацьбу нябеснага і зямнога пачаткаў.
Драўляная магілёўская скульптура, што адносіцца да «высокага» барока, вызначалася вялікай стылістычнай свабодай, лаканічнай пластычнай мовай, цікавасцю да ўнутранага стану персанажаў, абагульненай трактоўкай фігуры і адзення («Ян Багаслоў» і «Марыя» з магілёўскай Спаскай царквы, пачатак XVII ст.). Для той часткі скульптур, якую часта называюць «нізавое» барока, было характэрна шырокае выкарыстаннне розных дэфармацый фігуры, частак цела, такіх як вялікія кісці рук, несуразмерныя з тулавам галовы («Анёл лятучы» з в. Гарадзец Быхаўскага раёна, першая паловая XVII ст.). Яны адлюстроўвалі простанародны тыпажы і мелі канкрэтныя (зямныя) рысы.
Яшчэ большым дэмакратызмам выдзялялася драўляная пластыка шматлікіх прыдарожных капліц, крыжоў і скульптур, што ўсталёўваліся на могілках. Традыцыйна скульптурныя творы выразалі з дрэва, радзей выкарыстоўвалі камень і стука (сумесь вапны, пяску, гіпсу, мармуровай крошкі і клею). Драўляныя скульптурныя выявы, за выключэннем рук і твараў, пакрывалі залатой ці сярэбранай фарбай, або рабілі паліхромнымі. Асноўнымі заказчыкамі скульптур у гэты час з’яўляліся ўніяцкія цэрквы і каталіцкія касцёлы. Большая іх частка стваралася і размяшчалася ў галоўных і бакавых алтарах, якія ўражвалі пышнасцю і хараством, стваралі ілюзію заможнасці.
Скасаванне Брэсцкай уніі падчас Полацкага сабору 1839 прывяло да рэзкага зніжэння попыту на драўляную пластыку і знішчэння многіх твораў уніяцкай магілёўскай сакральнай скульптуры. У выніку прафесійная магілёўская школа разьбярства заняпала, а яе традыцыі найбольш поўна захаваліся толькі у народнай разьбе па дрэве.
Літаратура правіць
- Магілёўская скульптура // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі. — Т. 5. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0495-2.