Марафонская бітва
Марафонская бітва (верасень 490 да н.э.) — бітва ў час грэка-персідскіх войнаў на Марафонскай раўніне недалёка ад Афін.
Грэка-персідскія войны | |||
---|---|---|---|
Дата | 12 верасня 490 гады да н.э. | ||
Месца | Марафон, Грэцыя | ||
Вынік | Перамога афінян | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Войска Афін разам з саюзнікамі (Мільтыяд; відаць, каля 11 тыс. ч.) узяло поўную перамогу над войскам Персідскай імперыі (Датыс і Артаферн; не меней за 20 тыс. ч.).
Перамога грэчаскага войска спыніла персідскае ўварванне ў Еўропу, узмацніла саюз грэчаскіх полісаў. Бітва ўвайшла ў грэчаскую гісторыю і культуру як вузлавая, культавая падзея. Загінулыя пры Марафоне абагаўляліся, былі аб'ектамі рэлігійных ахвяраванняў. «Дух Марафона» зрабіў вялікі ўплыў на ўсё далейшае развіццё Антычнай Грэцыі.
Перамога пры Марафоне стала таксама вузлом сусветнай гісторыі. Яна разбурыла міф пра персідскую непераможнасць, паклала пачатак серыі грэчаскіх перамог у грэка-персідскіх войнах. Бітва прадухіліла персідскае ўварванне ў Грэцыю, а потым, магчыма, і ў Еўропу, іх магчымы захоп, разбурэнне антычнай культуры.[1]
Перад бітвай
правіцьГрэчаскае войска стаяла табарам у прылеглых да Марафонскай раўніны гарах, каля вусця р. Урана, і магло добра бачыць персідскі табар, арганізаваны на раўніне пасля высадкі персідскага войска з караблёў. У сваю чаргу, грэчаскія сілы былі схаваныя ад прагляду з раўніны.
На грэчаскім баку савет 10, па колькасці грэчаскіх плямён, выбарных стратэгаў на чале з палемархам аддаў галоўнае камандаванне аднаму са стратэгаў — Мільтыяду, прыхільніку рашучых дзеянняў і вальнай бітвы.
Сілы бакоў
правіцьДакладны лік войскаў з абодвух бакоў невядомы.
Максімальная колькасць войска, якое наогул маглі б выставіць тагачасныя Афіны, ацэньваецца як 30 тыс. ч. З меркаванняў эканомікі, стратэгіі і пад., звычайна прымаецца, што на Марафонскіх палях прысутнічала каля 1/3 гэтай лічбы — 10 тыс. ч., да якіх дадаюць саюзны атрад з Платэяў (1 тыс. ч.), атрымліваючы 11 тыс. ч. Амаль уся гэтая колькасць складалася з цяжкай пяхоты (гл. Гапліты), у гэтай бітве грэчаскі бок не меў ані кавалерыі, ані лучнікаў. Спартанскае войска не паспела на дапамогу ў час, бо, як перадаецца гісторыкамі, не магло выйсці ў дарогу з-за прычын рэлігійнага характару.
Агульную колькасць людской сілы ў персідскім табары, разам з маракамі, табаровымі людзьмі, нявольнікамі і пад., ацэньваюць як значна большую, нават да 100 тыс. ч. Непасрэдна вайсковую сілу персідскага войска ацэньваюць па-рознаму, але не меней за 20 тыс. ч. Мелася кавалерыя і лучнікі.
Бітва
правіцьПаводле тагачаснай традыцыі, воіны з аднаго племені станавіліся на бітву поруч. Левае крыло грэчаскага войска склаў платэйскі атрад, палемарх Калімах узяў каманду над правым крылом грэчаскага войска, Фемістокл і Арыстыд камандавалі цэнтрам.
Недахоп сіл вымушаў Мільтыяда як мага выцягнуць фронт свайго войска, таму ён адыйшоў ад традыцыйнай тады аднастайнай у глыбіню фалангі, зняў частку сіл з цэнтра, якому дапамагала прыдатная для абароны мясцовасць, узмоцніў флангі (гл. таксама Выкарыстанае Мільтыядам развязанне…), і заняў, такім чынам, усю прыдатную для бітвы, незабалочаную шырыню раўніны.
Бітва пачалася ўдзень, вальнаю атакай усяго грэчаскага войска. Каб пазбавіць персаў тых пераваг, якія ім давала наяўнасць лучнікаў і кавалерыі, грэчаскі шыхт пераадолеў ~1,5 км ад падножжаў гор да персідскіх пастоў не павольным крокам, як звычайна, а бегма. Напад грэкаў заспеў персаў знянацку,[заўв 1] але і так тыя паспелі часткова стаць шыхтам, з атрадамі персаў і сакаў у цэнтры. Доўгія коп'і грэкаў далі ім спачатку перавагу, але потым папярэдне аслаблены грэчаскі цэнтр быў прарваны, пачаў з боем адступаць далінаю. Тым часам, грэчаскія ўзмоцненыя флангі збілі і пагналі сваіх праціўнікаў, і, не гонячы тых, павярнулі і часткова атачылі цэнтр персідскага войска, лепшыя дывізіі персаў і сакаў. Тады і цэнтр пад Арыстыдам і Фемістоклам перайшоў у контр-наступленне.
Бітва трывала да цемры. Зброя і засцерагальнае ўзбраенне грэкаў (гл. Гапліты), іх фізічная падрыхтоўка, лепшая зладжанасць дзеянняў у шыхце, далі ім вялікую перавагу над лёгкім узбраеннем і нязладжанымі дзеяннямі персаў і сакаў. Увечары, ужо ў цемры, персідскі цэнтр не вытрымаў, і кінуўся ў бегства да стаянкі флоту.
Грэкі гналіся за ўцекачамі, білі, ужо пры святле паходняў паспрабавалі захапіць і караблі. Мяркуецца, што ў гэтай стадыі бітвы з грэчаскага боку ўдзельнічалі і лёгкаўзброеныя нявольнікі. Але персідскае войска бараніла свой флот з такою зацятасцю, што іменна тут грэкі панеслі пераважную большасць сваіх страт, сярод якіх былі палемарх Калімах, стратэг Стэсілай, шмат іншых вядомых афінян. Грэкам дасталіся толькі 7 галер, рэшта змагла ўцячы.
Пасля бітвы
правіцьУночы пасля бітвы Датыс, які яшчэ меў даволі людзей, паспрабаваў выкарыстаць адсутнасць войска ў саміх Афінах, і скіраваў флот туды, каб паспрабаваць іх захапіць. Аднак, такое прадбачыў Мільтыяд, і, пакінуўшы Арыстыда з яго племем пільнаваць здабычы, павёў войска фарсаваным начным маршам да Афін. Раніцаю, калі персідскі флот абыйшоў Суніюмскі мыс і выйшаў навідавок Афін, грэчаскае войска ўжо чакала на вышынях за горадам.
Усякая надзея на паспяховы працяг персідскай экспедыцыі знікла, флот вярнуўся ў Малую Азію.
Ужо добра па бітве, але яшчэ тады, калі на зямлі ляжалі мёртвыя, прыйшло спартанскае падмацаванне, 2 тыс. капейшчыкаў, пераадолеўшы ~240 км за тры дні. Яны прасілі, каб даць ім пабачыць поле бітвы, і, убачыўшы, вярнуліся ў Лакедэмон, услаўляючы Афіны і іх вычын.
Страты бакоў
правіцьСтраты бакоў падаюцца гісторыкамі як 192 з афінскага боку, 6400 з персідскага. Колькасць страт у платэйскім атрадзе не падаецца, але, верагодна, вялікіх, пагатоў, большых за афінскія, страт быць не магло.
Грэчаскія забітыя былі пахаваны ў вялікім кургане на полі бітвы, што было супраць іх тагачаснай традыцыі, паводле якой косці тых, хто загінуў за радзіму, штогод пераносіліся адусюль у пахавальню ў Керамеікасе. Тамсама былі пастаўлены 10 калон (не захаваліся), па колькасці плямён, з імёнамі загінулых. Персідскія загінулыя былі пахаваныя пад асобным курганам, нявольнікі — пад трэцім. Асобны помнік быў пастаўлены на гонар Мільтыяда.
Пасля падзей
правіцьВыкарыстанае Мільтыядам развязанне — уваход у бітву з нераўнамерным у глыбіню пастраеннем — яшчэ каля 100 гадоў, да часоў Эпамінонда і бітваў пад Леўктрамі і Мантынеямі, не паўтаралася ў антычным свеце.
Заўвагі
правіць- ↑ З-за адноснай малалікасці грэкаў, іх атакі адною пяхотай, персы спачатку наогул палічылі іх атаку нападам купкі шалёных або самагубцаў.
Крыніцы
правіць- ↑ На думку Э.Крызі.
Літаратура
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Бітва пры Марафоне
- Дельбрюк Г. Сражение при Марафоне // История военного искусства в рамках политической истории. — М.: Директмедиа Паблишинг, 2005.
- Курциус Э. История Древней Греции. — Мн.: Харвест, 2002. — Т. 2. — С. 215—232. — 416 с. — 3 000 экз. — ISBN 985-13-1119-7.
- Рунг Э. В. Греция и Ахеменидская держава: история дипломатических взаимоотношений в VI—IV вв. до н. э.. — СПб.: Факультет филологии и искусств СПбГУ, 2008. — 484 с. — (Историческая библиотека). — ISBN 978-5-8465-0851-4.
- Сергеев В. С. Глава IX. Греко-персидские войны // История Древней Греции. — М.: АСТ, 2008. — 926 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-5-17-052484-6.
- Суриков И. Е. Клеомен I: «рождение личности» в Спарте // Античная Греция: политики в контексте эпохи: архаика и ранняя классика. — М.: Наука, 2005. — С. 212—269. — 351 с. — ISBN 5-02-010347-0. Архівавана 30 студзеня 2016.
- Суриков И. Е. Глава V. Мильтиад, или осужденный победитель // Античная Греция: политики в контексте эпохи: архаика и ранняя классика. — М.: Наука, 2005. — С. 271—325. — 351 с. — ISBN 5-02-010347-0. Архівавана 30 студзеня 2016.
- Davis P. 100 Decisive Battles. — Oxford: University Press, 1999. — ISBN 1-57607-075-1.
- Green P. The Greco-Persian Wars. — University of California Press. — 1996. — ISBN 0520203135.
- Holland T. Persian Fire: The First World Empire and the Battle for the West. — New York: Doubleday, 2005. — ISBN 0385513119.
- Lazenby J. F. The Defense of Greece 490–479 BCE. — Aris & Phillips Ltd, 1993. — ISBN 0-85668-591-7.
- Lloyd A. Marathon: The Crucial Battle That Created Western Democracy. — Souvenir Press, 2004. — ISBN 0-285-63688-X.
- Edward Creasy. The Fifteen Decisive Battles of The World From Marathon to Waterloo.