Маўры
Маўры (лац.: Mauri) — назва ў сярэднявечнай Заходняй Еўропе мусульманскага насельніцтва Пірэнейскага паўвострава і заходняй часткі Паўночнай Афрыкі — арабаў і бербераў, якія захапілі гэтыя тэрыторыі падчас другой хвалі арабскіх заваёўванняў.
Арабскае заваёўванне Пірэнейскага паўвострава
правіцьУ канцы VII ст. арабы, зрабіўшы сваім апорным пунктам г. Кайруан на ўсходзе сучаснага Туніса, заваявалі Паўночную Афрыку, да 709 дайшлі да Танжэра і берагоў Атлантычнага акіяна. У 711 арабы і берберы на чале з Тарыкам ібн-Зіядам высадзіліся на Пірэнейскім паўвостраве. Па разгроме вестготаў 19 ліпеня 711 года ля возера Ханда і перамозе ля Эсіхі арабскія войскі ўзялі Кордаву, Таледа — сталіцу Вестгоцкага каралеўства і іншыя гарады.
Войска прыбылага ў 712 з Паўночнай Афрыкі Мусы ібн Нусайра заняло Медыну-Сідонію, Кармону, Севілью і Мерыду.
Да 718 годзе Пірэнейскі паўвостраў, за выняткам невялікай часткі на поўначы, занялі арабы. У 720 яны ўварваліся ў Галію, занялі Септыманію і Нарбон. Наступнае іх пасоўванне ў Еўропу было спынена пасля разгрому арабскіх войскаў франкскай конніцай і пяхотай Карла Мартэла каля Пуацье 4 кастрычніка 732. У 759 Піпін Кароткі выбіў арабаў з Нарбона і Септыманіі.
На заваяваных іспанскіх землях арабы ўтварылі эмірат, які ўваходзіў у склад халіфата Амеядаў. У 756 годзе Амеяды заснавалі незалежны Кардоўскі эмірат, а ў 929 — Кардоўскі халіфат.
Мясцовым свецкім і царкоўным землеўладальнікам, якія выявілі пакору заваёўнікам, пакінулі частку земляў, што належалі ім раней, разам з сялянамі. Большасць земляў перайшла да новай зямельнай шляхты з ліку заваёўнікаў. Найбольш урадлівыя землі поўдня і паўднёвага-ўсходу занялі самі арабы; у цэнтральнай і паўночнай частках краіны арабы рассялілі шматлікія плямёны бербераў, што служылі ў іх войску.
Найбольшай магутнасці арабская дзяржава дасягнула пры Абдарахмане III (валадарыў у 912—961). Развіццё феадальных адносін прывяло ў канцы X стагоддзя да паслаблення цэнтральнага ўрада. У 1031 Кардоўскі халіфат распаўся на мноства дробных эміратаў. Гэта ў канчатковым рахунку прывяло да яго падзення.
Рэканкіста
правіцьАсяродкі супраціву арабскаму заваёўванню паўсталі яшчэ ў VIII ст. на поўначы паўвострава:
- каралеўства Астурыя (з 718), якое паклала пачатак Рэканкісце
- Навара, якая дамаглася незалежнасці ў дужанні з арабамі і франкамі ў сярэдзіне IX ст.,
- Іспанская марка, утворанная на тэрыторыі паміж Пірэнеямі і р. Эбра, заваяванай франкамі ў 785—811. Да канца IX ст. графствы, з якіх складалася Іспанская марка, ператварыліся ў фактычна незалежныя феадальныя дзяржавы.
З 924 годзе каралеўства Астурыя змяніла назву на Леон (па назве новай сталіцы). У 1035 Кастылія стала самастойным каралеўствам. У гэтым жа годзе незалежным каралеўствам стаў Арагон. Зацікаўленасці развіцця Рэканкісты патрабавалі аб'яднання і цэнтралізацыі ўтвораных на поўначы і ўсходзе паўвострава самастойных іспанскіх дзяржаў. У 1037 (канчаткова ў 1230) аб'ядналіся ў адзінае каралеўства Леон і Кастылія. На паўночным усходзе палітычная гегемонія перайшла ў XI ст. да Арагона.
Вырашальны этап Рэканкісты пачаўся пасля распаду ў 1031 годзе Кардоўскага халіфата. У 1085 кастыльцы ўзялі Таледа, які стаў сталіцай Леона-Кастыльскага каралеўства. Дробныя арабскія дзяржавы, якія сутыкнуліся з гэтай пагрозай, заклікалі на дапамогу Альмаравідаў з Паўночнай Афрыкі, якія, апасля перамогі ў 1086 пры Салацы прыпынілі ход Рэканкісты, і падпарадкавалі сабе ўсю мусульманскую Іспанію. Аднак у 1118 Арагон адваяваў у маўраў Сарагосу.
У 1212 пры бітве пры Лас Навас дэ Таоса аб'яднаныя сілы Кастыліі, Арагона і Навары атрымалі вырашальную перамогу над войскам Альмахадаў ( што ў сярэдзіне XII ст. выціснулі з Іспаніі Альмаравідаў). У 1236 годзе кастыльцы ўзялі Кордаву, у 1248 — Севілію; у 1229—35 Арагон адваяваў Балеарскія астравы, у 1238 — Валенсію. партугальцы вызвалілі ў 1249—50 тэрыторыю Алгарві (поўдзень сучаснай Партугаліі). Да сярэдзіны XIII ст. у маўраў засталася толькі невялікая тэрыторыя на поўдні — Гранадскі эмірат. На захадзе Рэканкісту праводзіла Партугалія (у 1095—1139 графства, намінальна залежнае ад Леона; з 1139 — каралеўства, у 1143 прызнанае незалежным і Леонам).
У 1492 Рэканкіста скончылася ўзяццем Гранады — апошняй апоры мусульман на Пірэнейскім паўвостраве. Араба-берберскае насельніцтва, пакінутае ў Іспаніі, гвалтоўна звярталі ў хрысціянства. У 1492 з Іспаніі выгналі яўрэяў, у 1502 — маўраў, якія не прынялі хрысціянства.
Гл. таксама
правіцьЛітаратура
правіць- Стэнлі Лэйн-Пул «Гісторыя маўраў у Іспаніі»
Спасылкі
правіць- Кароткая гісторыя Іспаніі: маўры. Архівавана 8 мая 2009.