Мясная прамысловасць Беларусі

1. Мясная прамысловасць Беларусі — падгаліна харчовай прамысловасці Беларусі, якая ажыццяўляе забой і комплексную перапрацоўку жывёлы і птушкі.

Гісторыя правіць

У канцы XIX — пачатку XX стст. на тэрыторыі беларускіх губерняў Расійскай імперыі дзейнічалі невялікія паўсаматужныя бойні (у 1913 годзе іх было 50, забіта 51 тыс. галоў бу ной рагатай жывёлы, 41,7 тыс. свіней) і каўбасныя майстэрні (у Ашмянах, Барысаве, Гомелі, Гродне і інш.), пераважна пры каўбасных крамах. У 1905 годзе самая буйная бойня (8—10 галоў жывёлы за суткі) працавала ў Магілёве. Перад пачаткам Першай сусветнай вайны, у 1913 годзе ў разліку на душу насельніцтва ў беларускіх губернях прыходзілася 31,8 кг (параўнальныя межы) мяса і сала[1].

З 1920-х гадоў мясная прамысловасць Беларусі развіваецца як індустрыяльная галіна. У 1922 годзе пабудаваны Мінскі мясакамбінат і каўбасны цэх на Магілёўскім мясакамбінаце, у 1930 годзе Бабруйскі мяса- і Аршанскі мясакансерваны камбінаты, у 1937 годзе — Магілёўскі жэлацінавы завод. У 1928 годзе валавая вытворчасць мяса і сала (забойная вага) склала 188 тыс. т., а на душу насельніцтва ў рэспубліцы прыходзілася 32,5 кг мяса і сала, калі ва ўсім СССР — 23,3 кг. Пры некаторым скарачэнні ў 1927—1928 гадах прадукцыі мяса яго таварная частка павялічвалася[2].Практыка і метады суцэльнай калектывізацыі ў 1930-х гадоў сталі галоўнай прычынай нізкай сельскагаспадарчай вытворчасці, што адбілася на мясной прамысловасці. Напрыклад, у 1940 годзе удзельная вага калгасаў, саўгасаў і іншых грамадскіх гаспадарак рэспублікі складала ўсяго толькі 11,4% у вытворчасці мяса[3].

У гады Вялікай Айчыннай вайны амаль усе прадпрыемствы мясной прамысловасці рэспублікі разбураны. Да 1950 года праходзіў хуткі працэс аднаўлення вытворчасці. Хоць у 1950 годзе пагалоўе жывёлы і павялічылася ў параўнанні з даваенным перыядам на 1/3, мяса ў 1950 годзе было атрымана 22,7 тыс. т.[4] У гады 5-й пяцігодкі, нягледзячы на тое, што стан сельскай гаспадаркі значна палепшыўся, прадукцыйнасць нарыхтоўкі мяса павялічылі ў 1955 годзе на 50 тыс. т.[5]

Былі пабудаваны мясакамбінаты ў Брэсце (1944), Лідзе (1945), Барысаве (1967), Бярозе, Слуцку, Гродне, Віцебску, Крычаве, Жлобіне (1971—1975), халадзільнікі на Бабруйскім, Кобрынскім, Ашмянскім, Аршанскім птушкакамбінатах (1960—1965), мясаперапрацоўчы завод у Мінск (1972—1974, адзіны ў Беларускай ССР). Адбываліся канцэнтраванне вытворчасці, далучэнне птушкакамбінатаў да мясакамбінатаў. У 1990 годзе мясная прамысловасць Беларускай ССР выпускала 6,9% мяса, 4,1% каўбасных вырабаў ад агульнасаюзнага аб’ёму. Для канца 1980-1990-х гадоў характэрна стварэнне невялікіх прадпрыемстваў і вытворчасцей у малых населеных пунктах, блізкіх да сыравіннай базы. У 1980 годзе налічвалася 229 прадпрыемстваў і вытворчасцей, а ў 1988 годзе — 334. У 1990 годзе вытворчасць мяса і субпрадуктаў 1-й катэгорыі склала 889,1 тыс. т, каўбасных вырабаў 216,6 тыс. т, мясных паўфабрыкатаў 109,7 тыс. т, мясных і мяса-раслінных кансерваў 97,1 млн умоўных слоікаў. Тэмпы развіцця мясной прамысловасці замаруджваліся. Калі за 1971—1975 гады прырост вытворчасці мяса на душу насельніцтва склаў 15,5% (з 76 кг да 90), то за 1976 —1980 гады ён упаў на 1% (з 90 да 89), а за 1981 —1985 гады вырас толькі на 12,5%[6]

За 1991— 1994 гады з улікам дэнамінацыі ў жніўні 1994 года мясапрадукты падаражалі у 10 раз[7].

У 1993 годзе мясная прамысловасць Беларусі налічвала 451 прадпрыемства і вытворчасцей, у 1998 годзе — 695. У 1997 годзе вытворчасць мяса і субпрадуктаў 1-й катэгорыі склала 342 тыс. т, каўбасных вырабаў 153,9 тыс. т, мясных паўфабрыкатаў 52,5 тыс. т, мясных і мяса-раслінных кансерваў 50,3 млн умоўных слоікаў.

У 1998 годзе на долю мясной прамысловасці Беларусі прыпадала 25,6% агульнай прадукцыі (у дзеючых цэнах) харчовай прамысловасці і 53,3% — мяса-малочнай галіны. Вытворчасць мяса і субпрадуктаў 1-й катэгорыі павялічалася і склала 371,7 тыс. т, каўбасных вырабаў 162,8 тыс. т, мясных паўфабрыкатаў 60,1 тыс. т, мясных і мяса-раслінных кансерваў 64 млн умоўных слоікаў. Асноўную частку прадукцыі выраблялі 3 мясакансервавыя (Аршанскі мясакансервавы камбінат, Бярозаўскі мясакансервавы камбінат і Баранавіцкі мясакансервавы камбінат) і 23 мясакамбінаты, з якіх найбуйнейшыя: Слуцкі, Мінскі, Магілёўскі, Гомельскі, Жлобінскі і Гродзенскі.

У кастрычніку 2022—лютым 2023 гадах Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі праверыў больш за 20 прыватных мясакамбінатаў. З іх прыпынена праца 7 (ТАА «Царь-Мясо», ТАА «Мясакамбінат № 5»), а з рэестру вытворцаў выключылі больш за 50 камерцыйных арганізацый. КДК знайшоў парушэнні ветэрынарна-санітарных і санітарных патрабаванняў да якасці і бяспекі прадукцыі.

Літаратура правіць

  • Некрыш, У. У. Мясная прамысловасць / У. У. Некрыш // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 78. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
  • Петухов, М. М., Коляда, Е. В. Мясная промышленность Республики Беларусь: состояние и тенденции развития // Пищевая промышленность: наука и технологии. — 2019. — Т. 12. — № 4. — С. 15—19.

Зноскі

  1. Гісторыя Беларусі: у 6 т. / рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [i інш.]. Т. 5: Беларусь у 1917—1945 гг. / А. Вабішчэвіч [і інш.]. — Мінск: Современная школа, 2007. — 615, [1] с., [3] л. іл.: іл. — С. 157. — ISBN 978-985-513-104-6. — ISBN 978-985-469-198-5.
  2. Материалы к докладу Совета Народных Комиссаров БССР Совету Народных Комиссаров СССР. — Минск: Изданиие Управления делами СНК БССР, 1928. — 248, [1] с. — С. 59—61
  3. Эканамічная гісторыя Беларусі: Вучэбны дапаможнік / Пад агульна рэдакцыяй В. І. Галубовіча. 2-е выданне, дапоўненнае і перапрацаванае. — Мінск: НКФ «Экаперспектыва», 1996. — 428 с.: табл. — С. 251. — ISBN 985-6102-16-2.
  4. Эканамічная гісторыя Беларусі: Вучэбны дапаможнік... — С. 334.
  5. Эканамічная гісторыя Беларусі: Вучэбны дапаможнік... — С. 345.
  6. Эканамічная гісторыя Беларусі: Вучэбны дапаможнік... — С. 370.
  7. Эканамічная гісторыя Беларусі: Вучэбны дапаможнік... — С. 410.