Міжнародная рэакцыя на грамадзянскую вайну ў Іспаніі

Міжнародная рэакцыя на грамадзянскую вайну ў Іспаніі — пазіцыя сусветнай супольнасці, замежных дзяржаў і грамадскасці адносна ваенных падзей 1936—1939 гадоў у Іспаніі. Некаторыя краіны занялі нейтральную пазіцыю і заклікалі не ўмешвацца ў іспанскі канфлікт. Іншыя падтрымалі адзін з бакоў (рэспубліканцаў альбо нацыяналістаў) і нават таемна ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях.

Пазіцыі ўрадаў краін правіць

Падтрымка нейтралітэту правіць

Каб пазбегнуць любой патэнцыйнай эскалацыі або магчымага распаўсюджвання вайны на іншыя дзяржавы, некалькі краін прытрымліваліся прынцыпу неўмяшання ў канфлікт. Вынікам гэтага стала падпісанне ў жніўні 1936 года Пагаднення аб неўмяшанні. Быў сфарміраваны Камітэт па неўмяшанні, упершыню скліканы ў верасні таго ж года. Орган створаны па ініцыятыве французскага і брытанскага ўрадаў. Камітэт атрымаў падтрымку 27 дзяржаў, сярод якіх Савецкі Саюз, фашысцкая Італію і нацысцкая Германія[1].

Прыхільнікі нейтралітэту намагаліся спыніць паток ваеннай прадукцыі ў Іспанію, але іх спробы былі ў асноўным беспаспяховымі з-за замежнага ўмяшання ў грамадзянскую вайну, якое істотна паўплывала на яе вынік. Германія, Італія і Савецкі Саюз паслядоўна парушалі пагадненне аб неўмяшанні, часам гэта рабіла Францыя. Вялікабрытанія ў асноўным заставалася вернай дагавору[2].

Падтрымка рэспубліканцаў правіць

Адзінай краінай, якая, дзякуючы аддаленасці ад Еўропы, у адкрытую дапамагала рэспубліканцам, была Мексіка. Прэзідэнт Ласара Кардэнас казаў у сакавіку 1937 года: «Нам няма чаго хаваць нашу дапамогу Іспаніі, мы будзем працягваць забяспечваць яе зброяй». Тым не менш, сучаснай на той момант зброі Мексіка не вырабляла, але яна магла быць толькі фармальным пасярэднікам для таемных паставак зброі з СССР.

Апошні аказаў велізарную дапамогу рэспубліканскаму ўраду. У рамках «аперацыі Х» з верасня 1936 да канца 1938 года ў краіну на караблях паступалі ваенная тэхніка, зброя, рыштунак[3]. Паводле даных ваеннага аташэ Германіі ў Іспаніі, Савецкі Саюз і Камінтэрн паставілі за ўвесь час вайны 242 адз. самалётаў, 703 адз. артылерыйскіх гармат, 731 адз. танкаў, 1386 адз. грузавікоў, 300 адз. браневікоў, 15 000 адз. буйнакаліберных кулямётаў, 500 000 адз. вінтовак, 30 000 адз. аўтаматаў, 4 000 000 адз. артылерыйскіх снарадаў, 1 000 000 000 адз. кулямётных патронаў, больш за 69 000 тон ваеннай тэхнікі і больш за 29 000 тон боепрыпасаў[4].

У сваю чаргу, французскі ўрад паставіў у краіну 70 ваенных самалётаў[5].

Значную ролю ў падтрыманні баяздольнасці арміі Рэспублікі адыгралі савецкія ваенныя спецыялісты. Усяго ў канфлікце, па розных ацэнках, прынялі ўдзел ад 2 да 3 тысяч вайскоўцаў і яшчэ 1 тысяча грамадзянскіх кадраў з СССР[6].

Падтрымка нацыяналістаў правіць

Найбольш актыўна аказвалі дапамогу франкістам Германія, Італія і Партугалія. На баку Франсіска Франка ваявалі 150 тысяч італьянцаў, 50 тысяч немцаў, 20 тысяч партугальцаў[7]. У ходзе баявых дзеянняў адзначыліся паветраныя падраздзеленні — нямецкі Легіён «Кондар» і італьянская Легіянерская авіяцыя. Італа-германская інтэрвенцыя змяніла суадносіны сіл паміж праціўнікамі і прыхільнікамі Іспанскай Рэспублікі і стала вызначальным фактарам ваеннай перавагі нацыяналістаў[8].

Са снежня 1936 па красавік 1939 года ў Іспанію італьянцамі было пастаўлена 3 400 кулямётаў, 1 400 мінамётаў, 1 800 гармат, 6 800 машын, 160 танкаў і 760 самалётаў. Агульны кошт італьянскай ваеннай дапамогі склаў ад 6 да 8,5 млн лір[9]. У сваю чаргу, Германія за першыя два гады вайны накіравала генералу Франка 650 самалётаў, 200 танкаў, 700 артылерыйскіх гармат[10]. Фінансавая дапамога паступала ад Ватыкана[11].

Пазіцыі асобных грамадзян правіць

У падтрымку нацыяналістаў выказваліся асобы з правымі поглядамі, у той час як рэспубліканцаў — левымі. Тысячы замежных валанцёраў змагаліся на франтах грамадзянскай вайны. Больш за 11 тысяч падтрымалі нацыяналістаў[12]. 32 тысячы далучыліся да рэспубліканцаў[13].

Зброевы гандаль правіць

Некаторыя краіны адначасна пастаўлялі зброю адразу і рэспубліканцам, і нацыяналістам, альбо пэўнаму боку, але не з-за ідэалагічных, а эканамічных меркаванняў. Сярод іх Польшча[14], Грэцыя[15], Чэхаславакія і Эстонія[16].

Крыніцы правіць

  1. Thomas, Hugh (2001). The Spanish Civil War (Rev. ed., Modern Library pbk. ed.). New York: Modern Library. ISBN 0-375-75515-2.
  2. Stone, Glyn (1997). «Sir Robert Vansittart and Spain, 1931—1941». In Otte, Thomas G.; Pagedas, Constantine A. (eds.). Personalities, war and diplomacy: essays in international history. Routledge. P. 133.
  3. В 1936 году СССР вывез из воюющей Испании 510 тонн золота (руск.). Маленькие истории (15 чэрвеня 2017). Праверана 15 студзеня 2020.
  4. Thomas 1961, p. 643.
  5. Esdaile 2019, Appendix 8.
  6. Ирина Воронкова. Первая схватка с фашизмом // Беларуская думка : журнал. — 2016. — № 6. — С. 82—89.
  7. Советская военная энциклопедия: в 8 т. / Под ред. Н. В. Огаркова. — Т. 5. — М.: Воениздат, 1978. — С. 549—552.
  8. История Второй Мировой Войны. 1939—1945. Том 2. — М.: Воениздат, 1974. — 479 с. Глава 2. Итало-германская интервенция в Испании и политика «невмешательства»
  9. Walker, 2003, с. 17.
  10. Журнал «Коммунистический Интернационал», 1938, № 7, стр. 57.
  11. История Второй мировой войны (1939—1945): в 12 т. — Т. 2 / Редколл., гл. ред. А. А. Гречко. — М.: Воениздат, 1974. — С. 27.
  12. Othen 2008, p. 217.
  13. Thomas 2001, p. 942.
  14. Па Польшчы:
    • Jan Stanisław Ciechanowski, Podwójna gra. Rzeczpospolita wobec hiszpańskiej wojny domowej 1936—1939, Warszawa 2014, ISBN 9788311137615
    • Marek P. Deszczyński, Wojciech Mazur, Na krawędzi ryzyka. Eksport polskiego sprzętu wojskowego w okresie międzywojennym, Warszawa 2004, ISBN 8388973983
    • Gerald Howson, Arms for Spain, London 1997, ISBN 9780312241773
    • Lucas Molina Franco, Polonia y el tráfico de armas en la Guerra Civil española, Madrid 2021, ISBN 9788417816568
    • Lucas Molina, Rafael Permuy, Importación de armas en la Guerra Civil española, Madrid 2016, ISBN 9788416200443
    • Ángel Viñas, Las armas y el oro. Palancas de la guerra, mitos del franquismo, Barcelona 2013, ISBN 9788494100833
  15. Inglis, Sarah Elizabeth (2014). Danza de la Muerte: Greek Arms Dealing in the Spanish Civil War, 1936—1939 (MA). Simon Fraser University.
  16. Romero Salvadó 2005, p. 88.

Літаратура правіць