Міхась Ігнатавіч Кукабака
Міха́сь Ігна́тавіч Кукаба́ка (у заходняй прэсе вядомы як Mikhail Kukobaka; нар. 3 снежня 1936, Бабруйск) — беларускі і савецкі дысідэнт, аўтар публіцыстычных матэрыялаў, якія ў 1970-1980-я распаўсюджваліся праз самвыдат і замежныя радыёстанцыі; шматразовы палітычны вязень.
Міхась Кукабака | |
---|---|
Род дзейнасці | палітычны дысідэнт у СССР |
Дата нараджэння | 3 снежня 1936 (87 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Партыя |
Ранняя біяграфія
правіцьБацька загінуў падчас савецка-фінскай вайны ў 1939 годзе, маці памерла ў 1947 годзе. З-за беднасці і голаду бабуля вымушана была аддаць Міхася ў дзіцячы прытулак. У 1953 годзе скончыў рамесніцкае вучылішча, быў накіраваны на працу ў Сібір, будаваў нафтавы завод у Ангарску. У 1954—1957 служыў у войску. Пасля дэмабілізацыі працаваў на будаўніцтве аўтадарогі Ангрэн — Каканд (Узбекістан). У 1958—1965 гадах жыў і працаваў у горадзе Гур’еве (Казахстан), у 1965—1969 гадах — у Кіеве (Украіна).
Дысідэнцтва
правіцьУ жніўні 1968 годзе быў выкліканы ў Дарніцкі ваенкамат Кіева, дзе заявіў, што «калі накіруеце ў Чэхаславакію, павярну аўтамат супраць вас: саўдзельнікам злачынства савецкага ўраду не буду, выступлю на баку чэхаславацкага народу». Таксама здолеў перадаць намесніку Генеральнага консула Чэхаславакіі свой артыкул з асуджэннем уводу савецкіх войскаў і папрасіў перадаць гэты тэкст на Захад. Быў змушаны з’ехаць з Кіева ў Аляксандраў Уладзімірскай вобласці РСФСР. Працаваў электрыкам на радыёзаводзе. Калі КДБ вызначыў, што Кукабака настойліва шукаў кантактаў з заходнімі карэспандэнтамі, быў арыштаваны 14 красавіка 1970 года. Падчас ператрусу быў знойдзены напісаны ім «Адкрыты ліст англійскаму пісьменніку Айвару Мантэгю» ў абарону Анатоля Кузняцова, аўтара «Бабінага яру». Гэты артыкул быў адказам на паклёпніцкую публікацыю ангельскага літаратара ў газеце «Комсомольская правда».
З успамінаў 1990 года: «У мяне [была] звычайная біяграфія звычайнага, простага чалавека… Мае погляды фармаваліся выключна на аснове асабістага досведу. Я не слухаў замежныя перадачы, не чытаў самвыдатаўскае літаратуры, нават не ведаў, што такая ўвогуле існуе. Таму маё грамадзянскае „сталенне“ праходзіла даволі павольна… Я… толькі дзесьці на мяжы свайго 30-годдзя пачаў сур’ёзна раздумваць аб рэвалюцыі і яе выніках, аб тым, у імя якой будучыні краіна забрала мільёны жыццяў…»
За адмову дапамагчы КДБ ў фальсіфікацыі кампрамату на заходненямецкага дыпламата Мюлера камітэт параіў Інстытуту імя Сербскага абвясціць Кукабаку шызафрэнікам, што і было зроблена. 4 лістапада 1970 Судовая калегія па крымінальных справах Уладзімірскага абласнога суда пастанавіла, што яго дзеянні «ўяўляюць асаблівую грамадскую небяспеку» і накіравала яго на прымусовае псіхіятрычнае «лячэнне».
З пастановы суду: «На вечарынцы пад Новы год у жаночым інтэрнаце… усхваляў жыццё народу за мяжою і паклёпнічаў на становішча рабочага класу ў СССР»; «У лютым 1970 году пад час прыборкі тэрыторыі радыёзаводу… варожа адгукаўся пра лозунг: „Жыць і працаваць па-ленінску“… У 1971 Кукабака быў накіраваны ў спецпсіхлякарню ў горад Сычоўка Смаленскай вобласці, а праз 3 гады быў пераведзены ўва Уладзімірскую псіхлякарню.
Вызвалены ў 1976. Псіхіятр Аляксандр Валашановіч, кансультант Рабочай камісіі па расследаванні выкарыстання псіхіятрыі ў палітычных мэтах, засведчыў Кукабаку як здаровага, але сам адкрыў сваё імя толькі пасля ад’езду на Захад. Некаторы час Кукабака жыў у Маскве, але потым вярнуўся ў Бабруйск, дзе напісаў нарыс „Скрадзеная Бацькаўшчына“ (25 сакавіка 1978), прысвечаны новай для яго тэме планавай русіфікацыі Беларусі: »…Калі спускаўся па чыгуначным пераездзе… пабачыў надпіс: «Берегись поезда!» і адразу ўзгадаў: тут жа 25 год таму было напісана «Сцеражыся цягніка!», і толькі ўнізе расійскі пераклад. Цяпер беларускі выраз знік. І дзіўна, мяне гэта непрыемна закранула. Нечакана я ўсвядоміў сябе беларусам". 3 красавіка 1978 напісаў артыкул «Абарона правоў чалавека і разрадка — непадзельныя», прысвечаны тэме пашырэння праблематыкі правоў чалавека па-за межы ўнутраных справаў кожнага ўраду, інтэрнацыялізацыі гэтай праблемы. Абодва артыкулы запісаў на магнітную стужку, якая трапіла на Захад. Тэкст нарысу «Скрадзеная Бацькаўшчына» зачытваўся радыёстанцыяй «Нямецкая хваля» 9 і 10 ліпеня 1978, друкаваўся ў розных эміграцыйных выданнях (напрыклад, «Время и Мы» (Мюнхен), 1986, № 3). Савецкія ўлады за гэты нарыс абвінавацілі Кукабаку ў скажэнні «ленінскай нацыянальнай палітыкі». Артыкул «Абарона правоў чалавека і разрадка — непадзельныя» ў лістападзе 1978 зачытваўся радыёстанцыяй «Свабода». Яшчэ адзін нарыс — «Спатканне з дзяцінствам», быў прысвечаны антымілітарысцкай тэме, за што Кукабаку абвінавацілі ў абгаворванні савецкай арміі. Пашыраў таксама «Адкрыты ліст міністру аховы здароўя СССР», скіраваны супраць выкарыстання псіхіятрыі ў палітычна-рэпрэсіўных мэтах, распаўсюджваў таксама Ўсеагульную дэкларацыю правоў чалавека. У красавіку 1977 звяртаўся з заяваю пра выезд з СССР.
У лістападзе 1976 і ў кастрычніку 1977 яго прымусова змяшчалі ў Магілёўскую псіхіятрычную лякарню з дыягназам «шызафрэнія і паранаідальны сіндром». Віктар Некіпелаў і ўдзельнік Працоўнай камісіі па расследаванню выкарыстання псіхіятрыі ў палітычных мэтах Аляксандр Падрабінек вызначылі гэта як «новы факт псіхіятрычнай сваволі ў Савецкім Саюзе» і звярнуліся з лістамі-пратэстамі[1] ў Міністэрства аховы здароўя СССР і непасрэдна ў лякарню. 19 кастрычніка 1978 Кукабака быў арыштаваны, а 20-21 чэрвеня 1979 ў Бабруйску над ім адбыўся суд. На судзе заявіў, што камунізм савецкага ўзору ёсць сістэма поўнага задушэння і разбурэння асобы, а СССР — ні што іншае, як бязмежны канцэнтрацыйны лагер. Прыйшоў да поўнага разрыву з сістэмай і афіцыйна адмовіўся ад савецкага грамадзянства, патрабаваў выпусціць яго з СССР. Быў асуджаны на тры гады калоніі агульнага рэжыму паводле артыкулу 186-1 КК БССР, зняволены ў Наваполацкай калоніі.
У зняволенні абараняў правы арыштантаў, пісаў скаргі ў пракуратуру пра беззаконнасці, якія там адбываліся, праводзіў дэманстрацыйныя галадоўкі пратэсту. Рэакцыя карных органаў была адпаведнай. У 1982 паводле артыкулу 186-1 КК БССР быў асуджаны да 3-х гадоў калоніі. 7 студзеня 1985 атрымаў чарговы пакаральны прысуд. Паседжанне Віцебскага абласнога суду, фармальна адкрытае, адбывалася ў службовым памяшканні аршанскай «установы УЖ-15/6» (калоніі), куды доступ мелі толькі службоўцы калоніі ды зняволеныя. Гэты суд «за сістэматычны распаўсюд заведама хлуслівых прыдумак, якія ганьбяць савецкі дзяржаўны і грамадскі лад» асудзіў яго паводле артыкулу 67-1 КК БССР да 6 гадоў пазбаўлення волі з высылкай на 4 гады з адбываннем пакарання ў папраўча-працоўнай калоніі ўзмоцненага рэжыму. У зняволенні супраць яго выкарыстоўваўся тэрор крымінальнікаў. Апошні тэрмін адбываў у пермскіх і мардоўскіх лагерах разам з іншымі палітзняволенымі з розных частак Савецкага Саюза. Сярод іншых, завязаў сяброўства з каталіцкім святаром з Літвы Сігітасам Тамкявічусам.
У абарону Кукабакі выступалі акадэмік Андрэй Сахараў, Віктар Некіпелаў, Рыгор Пад'япольскі, Марыя Пятрэнка. На Захадзе была арганізаваная грамадская кампанія ў абарону Кукабакі, адпаведныя публікацыі з’явіліся ў «New York Times», інфармацыю распаўсюджвала радыё «Свабода». Беларуская дыяспара ў ЗША стварыла на чале з Паўлам Янкоўскім (Янкам Запруднікам) «Камітэт абароны вязняў сумлення ў Беларусі», які праводзіў шмат мерапрыемстваў. Актыўнымі ў арганізацыі абароны Кукабакі былі таксама такія прадстаўнікі беларускай дыяспары як Згуртаванне Беларусаў Вялікабрытаніі (Аляксандар Зданковіч, Лондан), Свецік Карзанеўскі (Аўстралія), беларускія эмігранты ў Новай Зеландыі. Амерыканскі кангрэсмэн Біл Грын улучыў гісторыю Кукабакі ў адмысловую запіску, якая была адрасаваная Кангрэсу. У абарону вязня актыўна выступаў сенатар Роберт Доўл. Адпаведныя акцыі праводзілі прафсаюзы Вялікабрытаніі і Даніі. У той жа час з самой Беларусі не раздалося ніводнага голасу ў абарону Кукабакі.
Вядомасць Міхася Кукабакі ў эміграцыі дасягнула такіх памераў, што яго больш не маглі ігнараваць ідэалагічныя службы БССР. У прыватнасці, 22 кастрычніка 1981 года ў арыентаванай на беларусаў замежжа газеце «Голас Радзімы» з’явіўся артыкул «Выпакутаваны ідал», у якім Кукабаку бэсцілі як «невука», «напаўпісьменнага адшчапенца», «чалавека з хваравітым уяўленнем», на яго ўзводзіліся абсалютна беспадстаўныя абвінавачанні ў захапленні «новым парадкам» Гітлера і ўдзеле ў чорным гандлі антыкварыятам[2].
Адмаўляўся пісаць просьбу аб памілаванні, бо лічыў гэта прызнаннем сваёй віны, патрабаваў рэабілітацыі. Памілаваны на загад Прэзідыуму Вярхоўнага Савету СССР ад 30 лістапада 1988, вызвалены 2 снежня 1988. У 1989 незалежная псіхіятрычная экспертыза ў Маскве засведчыла псіхічнае здароўе Кукабакі.
У сукупнасці Міхась Кукабака быў асуджаны паводле палітычных матываў 4 разы і правёў у турмах, лагерах і вар’ятнях каля 17 гадоў. Неаднаразова пасля вызвалення звяртаўся з патрабаваннямі сваёй юрыдычнай рэабілітацыі. Пасля звароту да першага намесніка старшыні Вярхоўнага Савету БССР Станіслава Шушкевіча ў жніўні 1990 Прэзідыум Вярхоўнага суда БССР 10 снежня 1990 адмяніў вердыкт Судовай калегіі па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суду ад 21 чэрвеня 1979 і пастанову судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР ад 24 ліпеня 1979; справа была спыненая «паводле матываў адсутнасці… складу злачынства». А да таго моманту загадам Прэзідыуму Вярхоўнага Савету БССР ад 21 красавіка 1989 быў адменены артыкул 186-1 КК БССР.
Пазнейшае жыццё
правіцьЗ таго часу жыве ў Маскве. Быў сябрам Дэмакратычнага саюза, Радыкальнай партыі, працаваў у Маскоўскай Хельсінкскай групе. У жніўні 1991 года быў у шэрагах абаронцаў законнай расійскай улады ад путчыстаў, прыйшоў да Крамля з нацыянальным беларускім бел-чырвона-белым сцягам. Пасля абвяшчэння Беларуссю незалежнасці рабіў спробы пераехаць у Мінск, дзеля гэтага нават звяртаўся ў беларускі парламент, але гэтая ідэя не была рэалізаваная. Пра Міхася Кукабаку зняты дакументальны фільм «Дысідэнт», выпушчана кніга.
Творы
правіць- Защита прав человека и разрядка — неделимы (3 красавіка 1977). Тэкст зачытваўся радыёстанцыяй «Свабода» ў лістападзе 1977.
- Украденная родина (25 сакавіка 1978). Нарыс выдадзены асобным адбіткам (12 старонак) беларускай службай радыё «Свабода» ў 1979 годзе. Тэкст зачытваўся радыёстанцыяй «Нямецкая хваля» 9 ліпеня 1978 у 18.20 і 10 ліпеня 1978 у 20.45.
- История одного ненаписанного рассказа: наброски с натуры (30 лістапада 1990). Тэкст зачытваўся радыёстанцыяй «Свабода».
- «КГБ — социальная чума», — свидетельствует жертва советского гестапо // Содействие (Вільня). № 15, 1990.
- Беженцы от Министерства обороны (10 студзеня 1993) // «Московские новости», «Экспресс-Хроника».
- Старонка публікацый Міхася Кукабакі ў маскоўскай газеце «Свободное слово»
- Публіцыстыка М. Кукабакі
Зноскі
- ↑ Рабочая комиссия по расследованию использования психиатрии в политических целях. Информационный бюллетень № 4 [1] Архівавана 10 студзеня 2017.
- ↑ Шэўчык, Яўген. Выпакутаваны ідал. Пра Міхаіла Кукабаку і яго «хросных бацькоў» // Голас Радзімы. 1981. 22 кастрычніка. С. 4-5.
Літаратура
правіць- Міхась Кукабака / Укладанне: Наталля Гардзіенка, Паліна Сцепаненка. — Мінск, 2016. — 372 с.
- Документы Московской Хельсинкской группы / Моск. Хельсинк. группа; о-во «Мемориал»; сост. Д. И. Зубарев, Г. В. Кузовкин. — Москва: Московская Хельсинкская группа, 2006. — С. 132, 292, 321, 330-331, 463, 490-492, 495. — 592 с.
- Михаил Кукобака. Принудительно меня упрятали за решетку на 17 лет, принудительно и помиловали: [Интервью] // Уліцёнак, Аляксандр. Іншадумцы = Мыслящие иначе. Мінск: Беларусь, 1991. С. 223—243.
- Дзярновіч, Алег. Кукабака Міхась (Міхаіл Ігнатавіч) // Нонканфармізм у Беларусі. 1953-1985. — Мінск: Athenaeum, 2004. — С. 114-120.
- Сьнітка, Тацяна. Апошні савецкі дысідэнт, альбо Беларус, які стаў "падарункам Нью-Йорку" // Права на волю. Бюлетэнь Праваабарончага Цэнтру "Вясна-96". — Менск: 1998. — № 23. — С. 4-5.
Спасылкі
правіць- Юрий Белов. Размышления не только о Сычевке
- Кукабака Міхась
- КУКАБАКА Міхась
- Сюжэт пра Міхася Кукабаку на тэлеканале «Белсат» Архівавана 19 верасня 2011. (з 10-й хвіліны)
- Сюжэт Пра Міхася Кукабаку на youtube.com
- Міхась Кукабака: «Змагацца дапамагала абсалютная, на мяжы шызафрэніі, упэўненасць у сваёй праваце»
- У Мінску адбылася прэзентацыя кнігі «Міхась Кукабака»