М. Арол
М. Арол, сапраўднае імя Сцяпан Язэпавіч Пяцельскі (Пятэльскі) (каля 1890, в. Гарадок, Беластоцкі павет, Падляскае ваяводства, Польшча — 1917 ці 1918) — беларускі паэт, перакладчык, публіцыст, фалькларыст.
М. Арол | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | каля 1890 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1917 |
Месца смерці | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | публіцыст, пісьменнік, паэт, фалькларыст |
Мова твораў | беларуская |
Узнагароды | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў царкоўна-настаўніцкую школу ў Ялоўцы (1909), затым настаўнічаў у Ялоўцы, Гарадку, Струзе (1910—1912) і Парэччы. У 1913—1914 гадах жыў на Ковеншчыне. На пачатку 1-й сусветнай вайны мабілізаваны ў армію, браў удзел у баявых дзеяннях, узнагароджаны Георгіеўскім крыжам. Апошнюю вестку да сям’і выслаў 25 верасня 1917 года з Украіны, дзе дыслакавалася яго 16-я артылерыйская брыгада. Памёр ва Украіне ад эпідэміі тыфу ў канцы 1917 або ў 1918 годзе.
Творчасць
правіцьДэбютаваў у друку вершам у 1909 годзе (газета «Наша ніва»). Паэтычныя і публіцыстычныя творы пісьменнік публікаваў у Беларускім календары «Нашай нівы», часопісе «Лучынка» і іншых беларускіх выданнях. Падрыхтаваў кніжку паэзіі «Лірнік» і ў 1913 годзе паслаў у Віленскае выдавецкае таварыства, аднак яе выхаду перашкодзіла 1-я сусветная вайна. Асобныя творы змешчаны ў кнігах «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» (Вільня, 1927), «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1967), «Беларускім календары» (Беласток, 1979).
Вершы М. Арла вылучаюцца глыбока прачутымі грамадска-патрыятычнымі матывамі («Кліч», «Сынам Беларусі», «На чужыне», «Сяўцам»). Сярод іх праблемы сацыяльнай рэчаіснасці і вобраз паняволенага роднага краю займаюць цэнтральнае месца. Вершам гэтага цыклу ўласцівыя высокі грамадскі пафас, публіцыстычная накіраванасць. Ужо ў ранніх творах М. Арла праявілася схільнасць да філасафічнасці, да шырокай абагульненасці малюнка і ўзбуйнення мастацкага вобразу. Рэальны план у яго вершах нярэдка пераплятаецца з абагульнена-сімвалічным («Смерць і жыццё», «Надзея», «Агляд жыцця», «Ахвяра», «Арфа»). Ёсць у М. Арла шэраг вершаў, у якіх ён ужывае фальклорную паэтыку, творча пераасэнсоўваючы народна-песенныя традыцыі Беласточчыны («Доля і жабрак», «Ноч», «Песня» і інш.).
Важнае месца ў пісьменніцкай спадчыне М. Арла займаюць празаічныя творы — апавяданні і пераклады. На беларускую мову перакладаў, у прыватнасці, творы В. Бялінскага, дастасоўваючы яго думкі да патрэб самасцвярджэння беларусаў, хвалюючых праблем беларускай літаратуры.
Бібліяграфія
правіць- М. Арол. Лірнік: творы. — Мн .: Мастацкая літаратура, 1991. — 181 с. — (Спадчына). — 6 000 экз. — ISBN 5-340-00528-3.
Зноскі
Літаратура
правіць- Саламевіч І. У. Арол М. // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — С. 501. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
- Беларускія пісьменнікі: 1917—1990 / Уклад. А. Гардзіцкі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. ISBN 5-340-00709-X
- Туронак Ю. М. Арол — нашаніўскі пясняр Беласточчыны // Ніва. 1978. 5 верасня.