Накцюрн

форма класічнага музыкальнага твора

Накцюрн (ад фр.: nocturne начны) — першапачаткова цыкл рознахарактарных музычных п’ес пераважна для ансамбля струнных ці духавых інструментаў, прызначаны для выканання ў начны ці вячэрні час на вольным паветры. Блізкі да дывертысмента, серэнады, касацыі (В. А. Моцарт, І. Гайдн).

З 19 стагоддзя накцюрнам называюць інструментальную мініяцюру (пераважна для фартэпіяна) лірыка-сузіральнага характару з кантыленнай мелодыяй і акампанементам, які мерна пагойдваецца. Форма звычайна 3-часткавая з кантрастнай сярэдзінай, радзей ронда.

Стваральнік фартэпіянага накцюрна — Дж. Філд  (руск.).

Лепшыя ўзоры накцюрна належаць Ф. Шапену, які паглыбіў яго вобразна-эмацыянальны змест. Тып праграмнага накцюрна ёсць у Р. Шумана (цыкл «начных п’ес» ор.23) і Ф. Ліста («Мроі кахання»). Часам накцюрн уваходзіць у склад буйных інструментальных форм (7-я сімфонія Г. Малера, саната h moll Ф. Шапена), у сцэнічную музыку («Сон у летнюю ноч» Ф. Мендэльсона, «Дафніс і Хлоя» М. Равеля), у камерна-інструментальныя (2-і квартэт А. Барадзіна) і вакальныя творы (Дж. Расіні, Дж. Вердзі, М. Глінка, Б. Брытэн  (руск.)). Узоры накцюрна ў рускай класічнай музыцы стварылі П. Чайкоўскі, А. Скрабін.

Тэрмін «накцюрн» выкарыстаў К. Дэбюсі для назвы праграмнай сімфанічнай сюіты, П. Хіндэміт уключыў накцюрн у фартэпіяную сюіту «1922».

У беларускай музыцы накцюрны ёсць у П. Падкавырава, Я. Цікоцкага. Найчасцей беларускія кампазітары пішуць накцюрны для розных інструментальных складаў, уключаюць у цыклы рознахарактарных п’ес (М. Аладаў, А. Багатыроў, Л. Абеліёвіч, С. Картэс, Л. Шлег). У буйных інструментальных формах накцюрн трапляецца переаважна ў перепрацаваным выглядзе ў Л. Абеліёвіча, М. Аладава, Г. Вагнера (лірыка-філасофскія павольныя часткі сімфоній). Блізкія да накцюрна некаторыя лірычныя сцэны беларускіх балетаў («Мара», «Маленькі прынц» Я. Глебава).

Літаратура правіць