Насельніцтва Японіі
З насельніцтвам 126 млн чалавек Японія мае 11 месца ў спісе самых населеных краін свету. 80 % насельніцтва краіны жыве на востраве Хонсю. У Японіі самы высокі ў свеце паказчык працягласці жыцця і адзін з найніжэйшых паказчыкаў дзіцячай смяротнасці. Монанацыянальная краіна, 99 % насельніцтва складаюць японцы. Сталіца — горад Токіа — разам з прылеглымі гарадамі ўтварае найвялікушую ў свеце агламерацыю з насельніцтвам каля 38 млн чал.
Дэмаграфія
правіцьДля Японіі канца ХХ — пачатку ХХІ ст. характэрная стабільная колькасць насельніцтва з паступовым змяненнем яго ўзроставай структуры ў бок старэння, што абумоўлена вялікай нараджальнасцю ў 1950-х і адной з рэкорднейшых у свеце працягласцяў жыцця (85,5 гадоў у 2018). У 2018 узрост сярэдняга японца складае 47,7 гадоў, доля дзяцей да 15 гадоў — 12,7%, людзей старэйшых за 65 гадоў — 28,4%.[1] Усе прыведзеныя паказчыкі робяць Японію самай старой нацыяй у свеце. Старэнне насельніцтва скарачае і так нізкую нараджальнасць, якая сёння складае 7,5 чалавек на 1000. У канцы 2010-х насельніцтва Японіі пачало скарачацца, і, калі ўрад не прастымулюе іміграцыю, у 2020-30-х дэпапуляцыя пойдзе імклівымі тэмпамі. У 2018 Японія саступіла Мексіцы месца ў дзясятцы самых населеных краін свету, у бліжэйшым будучым яе абыйдуць таксама Эфіопія, Філіпіны, В’етнам. Разумеючы негатыўныя наступствы сучасных дэмаграфічных тэндэнцый, урад Японіі летам 2018 прыняў новы візавы план, які дазволіць прыцягнуць да 2025 года каля паўмільёна нізкакваліфікаваных рабочых, недахоп якіх ужо адчуваецца.[2]
Этнічны склад
правіцьНацыянальны склад насельніцтва аднародны: 98,1 % складаюць японцы, якія называюць сябе ніхондхін (日本人), а сваю мову — ніхонга (日本語); невялікая колькасць карэйцаў (0,4%), кітайцаў (0,5%); яшчэ каля 1% філіпінцаў, в'етнамцаў, а таксама бразільцаў і перуанцаў японскага паходжання. Увогуле, Японія не вельмі ахвотна прымае мігрантаў, асабліва бежанцаў. У Японіі, пераважна на востраве Хакайда, пражывае каля 25 000 айнаў — самабытнага, але сёння практычна асіміляванага народа. На астравах Рукю жывуць рукюйцы, якіх японцы разглядаюць як субэтнас японскага народа. Да сацыяльных меншасцяў адносяцца буракуміны — японскія "недатыкальныя", што дыскрымінуюцца і ў наш час.
Мовы
правіць99 % жыхароў краіны размаўляюць на японскай мове — аглюцінатыўнай мове, што ўтварае асобную сям'ю. Для пісьмовай перадачы японскай мовы выкарыстоўваюць іерагліфічнае пісьмо кандзі. На айнскай мове, што знаходзіцца на мяжы знікнення, размаўляе невялікая колькасць старых на востраве Хакайда.
Рэлігійны склад
правіцьАсноўныя рэлігіі — сінтаізм і будызм, прычым многія японцы арганічна спалучаюць вызнанне дзвюх гэтых вераў, аб чым сведчыць статыстыка: 70,4% вернікаў з'яўляюцца прыхільнікамі сінтаіму, 69,8% — будызму. У Японіі каля 100 тыс. сінтаісцкіх храмаў, прычым даследванні сцвярджаюць, што японцы ахвотней удзельнічаюць у рэлігійных рытуалах, чым з'яўляюцца шчырымі вернікамі. Каля 1,5% японцаў вызнаюць хрысціянства, якое было завезена місіянерамі яшчэ ў XVI ст.. Сёння многія святы і традыцыі, вытокі якіх ляжаць у хрысціянстве, набылі папулярнасць у Японіі: японцы дораць падарункі на Раство Хрыстова, адзначаюць Дзень святога Валянціна, бяруць шлюб на еўрапейскі манер. Для айнаў дагэтуль не страцілі значэння анімістычныя традыцыі. Вялікі ўплыў на жыццё грамадства аказалі завезеныя з Кітая даасізм і канфуцыянства.
Размяшчэнне і рассяленне насельніцтва
правіцьПры высокім сярэднім паказчыку шчыльнасці насельніцтва (334 чал. на 1 км²) большасць жыхароў канцэнтруецца на раўнінах паўднёва-ўсходняга Хонсю. Найбольш шчыльна заселена раўніна Канто. Гарадскога насельніцтва 91%, невялікая доля сельскага насельніцтва тлумачыцца не толькі тэхнагеннасцю сучаснай японскай цывілізацыі, але і слабым сельскагаспадарчым асваеннем гарыстых лясістых астравоў. Каля 42% японцаў жыве ў гарадах з насельніцтвам больш за 3 млн чалавек. Буйныя гарады: Токіа, Іакагама, Осака, Нагоя, Сапара, Кобэ, Кіёта, Фукуока, Кавасакі, Хірасіма, Такусіма. У Японіі сфарміравалася некалькі агламерацый. Найбольш вялікія з іх — Кэйхін (або Вялікі Токіа) з насельніцтвам 38 млн чалавек, якая ўключае Токіа (13,8 млн чал.), Іакагаму (3,6 млн), Кавасакі (1,4 млн); Хансін (больш за 19 млн чал.) — вакол гарадоў Осака (2,6 млн чал.), Кобе (1,5 млн), Кіёта (1,4 млн); Цюкё (каля 9 млн чал.) — з ядром у горадзе Нагоя (2,2 млн чал.). Гэтыя тры агламерацыі ўтвараюць адзін з буйнейшых сусветных мегалаполісаў — Такайда (больш за 60 млн чал.), які канцэнтруе 48 % насельніцтва краіны[3].
Зноскі
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ja.html Архівавана 21 снежня 2020.
- ↑ https://immigrant.today/article/13493-japonija-planiruet-k-2025-godu-prinjat-500-000-nizkokvalificirovannykh-rabotnikov-iz-za-rubezha.htm
- ↑ Геаграфія мацерыкоў і краін: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / Н. У. Навуменка, М. Л. Страха; пад рэд. Н. У. Навуменка; пер. з рус. мовы М. Л. Страхі. — 2-е выд., перапрац. — Мінск: Нар. асвета, 2011. ISBN 978-985-03-1594-6