Кандзі — 漢字



Праблемы з праслухоўваннем? Дапамога.

Кандзі (яп.: 漢字; дзі — сімвал, Кан — Хань; літаральна «ханьскія літары»[1]) — кітайскія іерогліфы, ужываныя ў сучаснай японскай пісьменнасці разам з хіраганай, катаканай, арабскімі лічбамі і ромадзі (лацінскім алфавітам).

Гісторыя

правіць
 
кітайскія іерогліфы для слова кандзі.

Японскі тэрмін кандзі (漢字) літаральна значыць «Літары (дынастыі) Хань». Дакладна невядома, якім шляхам кітайскія іерогліфы трапілі ў Японію, аднак сёння агульнапрынятай лічыцца версія аб тым, што ўпершыню кітайскія тэксты завезлі ў краіну будысцкія манахі з карэйскага каралеўства Пэкчэ ў V ст. н. э. Гэтыя тэксты былі напісаны кітайскай мовай, і для таго, каб японцы маглі іх прачытаць з дапамогай дыякрытычных знакаў прытрымліваючыся правіл японскай граматыкі, была створана сістэма камбун (漢文).

Японская мова ў тыя часы не мела пісьмовай формы. Для запісу спрадвечна японскіх слоў была створана сістэма пісьменнасці ман'ёгана, першым літаратурным помнікам якой стала старажытная паэтычная анталогія Ман’ёсю. Словы ў ёй запісваліся кітайскімі іерогліфамі паводле гучання, а не паводле сэнсу.

Ман’ёгана, запісаная курсіўным шрыфтам, пераўтварылася ў хірагану — сістэму пісьменнасці для жанчын, якім вышэйшая адукацыя была недаступная. Большасць літаратурных помнікаў эпохі Хэйан з жаночым аўтарствам былі запісаны хіраганай. Катакана ўзнікла паралельна: манастырскія вучні спрашчалі ман’ёгану да адзінага значнага элемента. Абедзве гэтыя сістэмы пісьменнасці, хірагана і катакана, якія пайшлі ад кітайскіх іерогліфаў, у далейшым ператварыліся ў складовыя азбукі, якія разам называюцца канай.

У сучаснай японскай мове кандзі выкрыстоўваюць для запісу асноў (каранёў) слоў у назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў, у той час як хірагана ўжываецца для запісу флексій і канчаткаў дзеясловаў і прыметнікаў (гл. окурыгана), часціц і слоў, для якіх нялёгка запомніць іерогліфы. Катакана ўжываецца для запісу анаматапей (гукаперайманняў) і гайрайго (запазычаных слоў). Для запісу запазычаных слоў катакану пачалі ўжываць адносна нядаўна: да Другой сусветнай вайны яны звычайна запісваліся праз кандзі, альбо паводле значэнняў іерогліфаў (煙草 ці 莨 табако = «тытунь»), альбо паводле іх фанетычнага гучання (天婦羅 ці 天麩羅 тэмпура). Другі варыянт ужывання завецца атэдзі.

Японскія ўнёскі

правіць

Першапачаткова кандзі і кітайскія ханьцзы нічым адно ад другога не адрозніваліся: кітайскія іерогліфы выкарыстоўваліся для запісу японскіх тэкстаў. Аднак у цяперашні час паміж ханьцзы і кандзі існуе значная розніца: некаторыя іерогліфы былі створаны непасрэдна ў Японіі, некаторыя атрымалі іншае значэнне, акрамя таго, пасля Другой сусветнай вайны напісанне многіх кандзі было спрошчана.

Кокудзі

правіць

Кокудзі (国字; літаральна. «нацыянальныя іерогліфы») — іерогліфы японскага паходжання. Кокудзі часам завуць васэй кандзі (和製漢字, «створаныя ў Японіі кітайскія іерогліфы»). Агулам налічваецца некалькі соцень кокудзі (гл. спіс на Sci.Lang.Japan). Большасць з іх рэдка ўжываецца, але некаторыя сталі важнай часткай пісьмовай японскай мовы. Сярод іх:

  • то: гэ (горны перавал)
  • сакакі (сакакі, Клеера японская)
  • хатакэ (сухадольнае поле)
  • цудзі (скрыжаванне, вуліца)
  • до:, хатара(ку) (праца)

Большасць з гэтых кандзі маюць толькі кун’ёмі, але некаторыя былі запазычаны Кітаем і набылі таксама чытанне он’ёмі[2].

Коккун

правіць

У дадатак да кокудзі існуюць кандзі, значэнне якіх у японскай мове адрозніваецца ад кітайскай. Такія кандзі завуцца коккун (国訓), у іх ліку:

Старыя і новыя іерогліфы

правіць

Адзін і той жа кандзі можа часам быць запісаны рознымі спосабамі: 旧字体 (кю:дзітай, літ. «старымі іерогліфамі») (舊字體 у запісе кюдзітай) і 新字体 (сіндзітай; «новымі іерогліфамі»). Ніжэй пададзена некалькі прыкладаў запісу аднаго і таго ж іерогліфа ў форме кюдзітай і сіндзітай:

  • 國 国 куні, кок(у) (краіна)
  • 號 号 го: (нумар)
  • 變 変 хэн, ка(вару) (змяняцца)

Іерогліфы кюдзітай выкарыстоўваліся да канца Другой сусветнай вайны і, галоўным чынам, супадаюць з традыцыйнымі кітайскімі іерогліфамі. У 1946 годзе ўрад зацвердзіў спрошчаныя іерогліфы сіндзітай у спісе «Тоё кандзі дзітай хё» (当用漢字字体表). Некаторыя з новых знакаў супадалі са спрошчанымі кітайскімі іерогліфамі, ужыванымі ў КНР. Як і ў выніку працэса спрошчвання ў Кітаі, некаторыя з новых знакаў былі запазычаны са спрошчаных формаў (略字, р'якудзі), ужываных у рукапісных тэкстах, аднак у пэўным кантэксце дапушчальна ўжыванне і старых формаў некаторых іерогліфаў (正字, сэйдзі). Існуюць таксама яшчэ болей спрошчаныя варыянты напісання іерогліфаў, часам ужываныя ў рукапісных тэкстах [1], аднак іх выкарыстанне не пажадана.

Тэарэтычна, любы кітайскі іерогліф можа быць ужыты ў японскім тэксце, але на практыцы вельмі многія кітайскія іерогліфы ў японскай мове не ўжываюцца. Дайканва Дзітэн — адзін з самых вялікіх слоўнікаў іерогліфаў — змяшчае каля 50 тыс. запісаў, хаця большасць запісаных там іерогліфаў ніколі ў японскіх тэкстах не сустракаліся.

Чытанне кандзі

правіць

У залежнасці ад таго, якім шляхам кандзі трапіў у японскую мову, іерогліфы могуць выкарыстоўвацца для напісання аднаго альбо розных слоў альбо марфем. З пункту гледжання чытача гэта значыць, што кандзі маюць адно альбо некалькі чытанняў. Выбар чытання іерогліфа залежыць ад кантэксту, укладзенага сэнсу, спалучэння з іншымі кандзі і нават ад месца ў сказе. Некаторыя часта ўжываныя кандзі маюць дзесяць ці больш розных чытанняў. Чытанні, як правіла, падзяляюцца на он’ёмі (оннае чытанне ці проста он) і кун’ёмі (куннае чытанне ці проста кун).

Он’ёмі (кітайскае чытанне)

правіць

Он'ёмі (яп.: 音読み) — сіна-японскае чытанне; японская інтэрпрэтацыя кітайскага вымаўлення іерогліфа. Некаторыя кандзі маюць некалькі он’ёмі, таго што былі запазычаны з Кітая некалькі разоў: у розны час і з розных раёнаў. Кокудзі, ці кандзі, якія стварылі ў Японіі, звычайна не маюць он’ёмі, аднак ёсць выключэнні: напрыклад у іерогліфа 働 «працваць» ёсць і кун’ёмі (хатараку) і он’ёмі (до:), а ў іерогліфа 腺 «залоза» (малочная, шчытападобная і інш.) — толькі он’ёмі: сэн.

Ёсць чатыры тыпы он’ёмі:

  • Го-он (яп.: 呉音, літ. гук царства У) — чытанне, запазычанае з маўлення царства У (раён сучаснага Шанхаю) у V і VI стагоддзях, ад якога таксама паходзіць сучасны дыялект у.
  • Кан-он (яп.: 漢音, літ. ханьскае гучанне) — чытанне, запазычанае з маўлення часоў дынастыі Тан (VII—IX стагоддзі), пераважна з гаворкі сталіцы Чан'ань.
  • То:-он (яп.: 唐音) літ. танскае гучанне — чытанне, запазычанае з маўлення часоў позніх дынастый: Сун і Мін. Сюды адносяцца ўсе чытанні, запазычаныя ў час Хэйан і Эдо.
  • Кан'ё:-он (яп.: 慣用音) — памылковыя чытанні кандзі, якія пасля сталі моўнай нормай.

Прыклады:

Кандзі Значэнне Го-он Кан-он То-он Кан’ё-он
святло мё: мэй мін *
ісці, паступак гё:, ко: * ан *
крайнасць гоку кёку * *
жэмчуг * сю дзю, дзу *
узровень, ступень до таку то *
увоз-вываз сю * * «ю»

Найбольш распаўсюджана форма чытання кан-он. Чытанні го-он найбольш распаўсюджаны ў будыйскай терміналогіі, напрыклад, гокураку 極楽 «рай». Чытанні то-он сустракаюцца ў некаторых словах, напрыклад ісу 椅子 «крэсла». У кітайскай мове большасці іерогліфаў адпавядае адзіны кітайскій склад. Аднак існуюць амографы (多音字), такія як 行 (кіт. хан, сін: яп. ко:, гё:); розным чытанням у кітайскай мове адпавядалі розныя значэнні, што таксама было адлюстравана пры запазычанні японскай мовай. Акрамя цяжкасцей з перадачай танальнага націску, большасць кітайскіх складоў было вельмі складана паўтарыць у японскай мове з-за багацця зычных, асабліва ў сярэднекітайскай мове, у якой канцавы зычны сустракаўся часцей, чым у сучасных дыялектах. Таму большасць он’ёмі складаецца з дзвюх мор: другая з іх — альбо падаўжэнне галоснай з першай моры (і ў выпадку першай э і у ў выпадку о, вынік дрэйфу мовы на працягу стагоддзяў пасля запазычання), альбо склад ку, кі, цу, ці альбо складовы н як імітацыя сярэднекітайскіх канцавых зычных. Магчыма, з’ява змякчэння зычных перад галоснымі, адрознымі ад і, а таксама складовы н былі даданы ў японскую мову для паляпшэння імітацыі кітайскай; яны не сустракаюцца ў словах японскага паходжання.

Он’ёмі часцей усяго сустракаецца пры чытанні слоў, складзеных з некалькіх кандзі (熟語 дзюкуго), многія з якіх былі запазычаны разам з самімі кандзі з кітайскай для перадачы паняццяў, аналагаў якім не мела японская мова, альбо іх немагчыма было ёй перадаць. Гэты працэс запазычвання часта параўноўваюць з запазычаннем слоў англійскай мовы з латыні і нармандскай французскай мовы, бо запазычаныя з кітайскай мовы тэрміны звычайна былі сэнсава вузейшымі за іх японскія аналагі, і веданне іх лічылася атрыбутам ветлівасці і эрудзіраванасці. Найбольш важнае выключэнне з гэтага правіла — прозвішчы, у якіх часцей выкарыстоўваецца японскае куннае чытанне.

Кун’ёмі (японскае чытанне)

правіць

Кун'ёмі (яп.: 訓読み), японскае ці куннае чытенне — заснавана на вымаўленні Спрадвечна японскіх слоў (яп.: 大和言葉 яматокотоба), да якіх былі па сэнсу падабраны кітайскія іерогліфы. У некаторых кандзі можа існаваць адразу некалькі кун’ёмі, а можа не быць увогуле.

Напрыклад, кандзі, які пазначае Усход (東) мае он’ёмі то:. Аднак у японскай мове да ўвядзення іерогліфаў было адразу два словы для пазначэння гэтага кірунку свету: хігасі і адзума — яны сталі кун’ёмі гэтага іерогліфа. А ў кандзі 寸, які значыць кітайскую меру даўжыні (3,03 см), не было аналага ў японскай мове, і таму ў яго ёсць толькі он’ёмі: сун.

Кун’ёмі вызначаюцца трывалай складовай структурай яматокотоба: кун’ёмі большасці назоўнікаў і прыметнікаў маюць даўжыню ў 2 ці 3 склады, у той час як кун’ёмі дзеясловаў карацейшыя: 1 ці 2 склады (не лічачы флексій — окурыганы, якая запісваецца хіраганай, хоць і лічыцца часткай чытання дзеяслова-ўтваральных кандзі).

У большасці выпадкаў для запісу аднаго японскага слова з рознымі адценнямі значэння ўжываліся розныя кандзі. Напрыклад слова наосу, запісанае як 治す, будзе значыць «лекаваць хваробу», у той час як запіс 直す будзе значыць «рамантаваць» (напрыклад ровар). Часам розніца ў напісанні празрыстая, а часам досыць няўлоўная. Для таго, каб не пымыліцца ў адценнях сэнсу, слова часам запісваецца хіраганай. Напрыклад, так часта робяць для запісу слова мото もと, якому адпавядаюць адразу пяць розных кандзі: 元, 基, 本, 下, 素, розніцу ў выкарыстанні якіх нялёгка ўлавіць.

Іншыя чытанні

правіць

Існуе шмат спалучэнняў кандзі, у якіх для вымаўлення складнікаў выкарыстоўваюцца і он’ёмі, і кун’ёмі: такія словы называюць дзю:бако (重箱) ці юто: (湯桶). Самі гэтыя два тэрміны з’яўляюцца аўталагічнымі: першы кандзі ў слове дзюбако чытаецца праз он’ёмі, а другі — праз кун’ёмі, а ў слове юто — наадварот. Іншыя прыклады: 金色 кін’іро — «залаты» (он-кун); 空手道 каратэдо: — каратэ (кун-кун-он).

Некаторыя кандзі маюць малавядомыя чытанні — наноры, якія звычайна ўжываюцца дзеля агучвання асабістых імёнаў. Як правіла, наноры блізкія гучаннем да кун’ёмі. У тапонімах і імёнах таксама часам выкарыстоўваюцца наноры, альбо нават такія чытанні, якія нідзе больш не сустракаюцца, напрыклад, іерогліф 叡 (мае толькі он’ёмі «эй») у якасці імя чытаецца «Акіра» альбо «Сатосі».

Гікун (яп.: 義訓) — чытанні спалучэнняў кандзі, якія не маюць простага дачынення да кун’ёмі ці он’ёмі асобных іерогліфаў, а датычацца сэнсу суцэльнага спалучэння. Напрыклад, спалучэнне 一寸 можна прачытаць як іссун (то бок «адзін сун»), аднак на самай справе гэта непадзельнае спалучэнне цётто (трошкі). Гікун часта сустракаецца ў японскіх прозвішчах.

Выкарыстанне атэдзі для запісу запазычаных слоў таксама прыводзіла да з’яўлення незвычайных агучванняў спалучэнняў і новых значэнняў у кандзі. Напрыклад састарэлае спалучэнне 亜細亜 адзіа раней выкарыстоўвалася для іерагліфічнага запісу часткі свету — Азіі. Сёння для запісу гэтага слова ўжываецца катакана, але кандзі 亜 набыў сэнс «Азія» ў такіх спалучэннях як то:а 東亜 («Усходняя Азія»). З састарэлага іерагліфічнага спалучэння 亜米利加 амэрыка («Амерыка») быў узяты другі кандзі, ад якога ўзнік неалагізм: 米国 бэйкоку, які літаральна можна перакласці як «рысавая краіна», хоць на самай справе гэта значыць Злучаныя Штаты Амерыкі.

Выбар варыянтаў чытання

правіць

Словы для падобных паняццяў, такіх як «усход» (東), «поўнач» (北) і «паўночны ўсход» (東北) могуць мець прынцыпова розныя вымаўленні: кун’ёмі хігасі і кіта выкарыстоўваюцца для першых двух іерогліфаў, у той час як «паўночны ўсход» будзе чытацца праз он’ёмі: то:хоку. Выбар правільнага чытання іерогліфа з’яўляецца адной з асноўных складанасцей пры вывучэнні японскай мовы.

Звычайна пры чытанні спалучэнняў кандзі выбіраюцца іх он’ёмі (такія спалучэнні называюцца па-японску дзюкуго 熟語). Напрыклад, спалучэнні 情報 дзё:хо: «інфармацыя», 学校 гакко: «школа» і 新幹線 сінкансэн прытрымліваюцца менавіта такога шаблона.

Калі кандзі змешчаны асобна, аточаны канай і не мае побач іншых іерогліфаў, то ён звычайна чытаецца праз уласны кун’ёмі. Гэта датычыцца як прыметнікаў, так і скланяльных дзеясловаў і прыметнікаў. Напрыклад, 月 цукі «месяц», 情け насакэ «міласць», 赤い акаі «чырвоны», 新しい атарасіі «новы», 見る міру «глядзець» — ва ўсіх гэтых выпадках выкарыстоўваецца кун’ёмі.

Гэтыя два асноўныя шаблонныя правілы маюць шмат выключэнняў. Кун’ёмі таксама могуць утвараць складаныя словы, хоць яны сустракаюцца радзей, чым спалучэнні з он’ёмі. Сярод прыкладаў можна прывесці 手紙 тэгамі «ліст» (пісьмо), 日傘 хігаса «парасон ад сонца» альбо вядомае спалучэнне 神風 камікадзэ «боскі вецер»[3]. Такія спалучэнні таксама могуць суправаджацца окурыганай: напрыклад, 歌い手 утаітэ — састар. «спявак» альбо 折り紙 орыгамі (мастацтва складвання фігурак з паперы), хоць некаторыя з такіх спалучэнняў могуць быць запісаны і без окурыганы (напрыклад, 折紙).

З іншага боку, некаторыя адасобленыя іерогліфы таксама могуць агучвацца праз он’ёмі: 愛 ай «каханне», 禅 Дзэн, 点 тэн «пункт, кропка». Большасць з такіх кандзі не маюць кун’ёмі.

Сітуацыя з он’ёмі досыць складаная, бо многа якія кандзі маюць некалькі он’ёмі: параўнайце 先生 сэнсэй «настаўнік» і 一生 іссё: «Жыццёвы век».

У японскай мове існуюць амографы, якія могуць чытацца па-рознаму ў залежнасці ад значэння. Напрыклад, спалучэнне 上手 можа чытацца трыма спосабамі: дзё:дзу «умелы», уватэ «верхняя частка, перавага» альбо камітэ «верхняя частка, верхняя плынь». Акрамя таго, спалучэнне 上手い чытаецца як умаі «умелы».

Некаторыя вядомыя тапонімы, уключаючы Токіё (東京 то:кё:) і саму Японію (日本 ніхон ці ніппон) чытаюцца праз он’ёмі, хаця большасць японскіх тапонімаў чытаюцца праз кун’ёмі (напрыклад, 大阪 О:сака, 青森 Аоморы, 箱根 Хаконэ). Прозвішчы і імёны таксама звычайна чытаюцца праз кун’ёмі (напрыклад, 山田 Ямада, 田中 Танака, 鈴木 Судзукі), аднак часам сустракаюцца ўласныя імёны, у якіх змяшаны кун’ёмі, он’ёмі і наноры. Прачытаць іх можна толькі маючы пэўны досвед (напрыклад, 夏美 Нацумі (кун-он) альбо 目 Сацука (незвычайнае чытанне)).

Фанетычныя падказкі

правіць

Каб пазбегнуць няпэўнасці, разам з кандзі ў тэкстах часам даюцца фанетычныя падказкі ў выглядзе хіраганы, набранай малым кеглем «агатам» над іерогліфамі (т.з. фурыгана) альбо ў радок за імі (т.з. кумімодзі). Гэта часта робяць у тэкстах для дзетак, для іншаземцаў, якія вывучаюць японскую мову і ў манзе. Фурыгана часам выкарыстоўваецца ў газетах для рэдкіх ці незвычайных чытанняў, а таксама для іерогліфаў, якія не ўключаны ў спіс асноўных кандзі (гл. ніжэй)

Агульная колькасць кандзі

правіць

Агульную колькасць існуючых кандзі вызначыць складана. Слоўнік Дайканва Дзітэн змяшчае каля 50 тыс. іерогліфаў, у той час як больш поўныя і сучасныя кітайскія слоўнікі змяшчаюць болей 80 тыс. знакаў, многія з якіх з’яўляюцца незвычайнымі формамі. Большасць з іх не выкарыстоўваюцца ані ў Японіі, ані ў Кітаі. Для таго, каб разумець большасць японскіх тэкстаў, досыць ведаць каля 3 тыс. кандзі.

Правапісныя рэформы і спісы кандзі

правіць

Пасля Другой сусветнай вайны, пачынаючы з 1946 г., японскі ўрад заняўся распрацоўкай рэформ арфаграфіі.

Некаторыя іерогліфы атрымалі спрошчаныя варыянты напісання, названыя 新字体 сіндзітай. Колькасць ужываных кандзі была скарочана, а таксама былі зацверджаны спісы іерогліфаў для вывучэння ў школе. Варыянтныя формы і рэдкія кандзі былі афіцыйна абвешчаны непажаданымі да выкарыстання. Галоўнай мэтай рэформаў было ўніфікаваць школьную праграму вывучэння іерогліфаў і скараціць колькасць кандзі, ужываных у літаратуры і перыядычных выданнях. Гэтыя рэформы мелі рэкамендацыйны характар, многія іерогліфы, якія не трапілі ў спісы, да гэтай пары вядомыя і часта ўжываюцца.

Кёіку кандзі

правіць

Кёіку кандзі — спіс з 1006 іерогліфаў, якія японскія дзеці вучаць у пачатковай школе (6 год навучання). Спіс упершыню быў зацверджаны ў 1946 годзе і змяшчаў 881 іерогліф. У 1981 годзе быў пашыраны да сучаснай колькасці.

Дзёё кандзі

правіць

Спіс дзёё кандзі змяшчае 2136 іерогліфаў, уключаючы ўсе кёіку кандзі і 1130 іерогліфаў, якія вывучаюцца ў сярэдняй школе. Кандзі, не ўключаныя ў гэты спіс, як правіла, суправаджаюцца фурыганай. Спіс дзёё кандзі з 1945 сімвалаў быў уведзены ў 1981 годзе, замяніўшы стары спіс з 1850 іерогліфаў, які зваўся тоё кандзі і быў уведзены ў 1946 годзе. У 2010 быў пашыраны да 2136 сімвалаў. Некаторыя новыя сімвалы раней былі дзіммэё кандзі, некаторыя ўжываюцца для напісання назваў прэфектур: 阪, 熊, 奈, 岡, 鹿, 梨, 阜, 埼, 茨, 栃 і 媛.

Дзіммэйё кандзі

правіць

Спіс Дзіммэё кандзі (яп.: 人名用漢字) уключае ў сябе 2997 іерогліфаў, з іх 2136 — цалкам паўтараюць спіс Дзёё кандзі, а 861 іерогліф — ужываецца для запісу імён і тапонімаў. Варта адзначыць, што ў Японіі бацькі часта стараюцца даць дзецям рэдкія імёны, якія змяшчаюць у сябе рэдка ўжываныя іерогліфы. Каб палегчыць работу рэгістрацыйным і іншым службам, якія не мелі патрэбных тэхнічных сродкаў для набору рэдкіх знакаў, у 1981 годзе быў зацверджаны спіс дзіммэё кандзі, а імёны дзецям можна было даваць толькі з кандзі, уключаных у спіс, а таксама з хіраганы і катаканы. Гэты спіс рэгулярна папаўняецца новымі іерогліфамі, а распаўсюджанне камп’ютараў з падтрымкай унікоду прывяло да таго, што ўрад Японіі ў бліжэйшы час рыхтуецца дадаць у гэты спіс ад 500 да 1000 новых іерогліфаў[4]. 30 лістапада 2010 са старога спіса з 985 іерогліфаў, ужываных для запісу імён і тапонімаў, былі выдалены 129; у той жа час з дзёё кандзі ў дзіммэё кандзі былі перанесены 5 іерогліфаў, такім чынам агульная колькасць іерогліфаў для запісу імёнаў і тапонімаў — 861.

Японскія прамысловыя стандарты для кандзі

правіць

Японскі прамысловы стандарт (JIS) для кандзі і каны вызначае кодавыя нумары для ўсіх гэтых знакаў, а таксама для астатніх формаў пісьма, такіх як арабскія лічбы, для лічбавай апрацоўкі інфармацыі. Гэтыя стандарты некалькі разоў пераглядаліся. Бягучыя версіі:

  • JIS X 0208:1997 — пазнейшая версія асноўнага стандарту. Змяшчае 6 355 кандзі.
  • JIS X 0212:1990 — дадатковы стандарт, які уключае ў сябе дадаткова 5 801 іерогліф. Гэты стандарт рэдка выкарыстоўваецца, бо ён не сумяшчальны з найчасцей ужыванай сістэмай кадавання Shift JIS.Стандарт лічыцца састарэлым.
  • JIS X 0213:2000 Архівавана 12 верасня 2007. — дадатковая версія набору JIS X 0208 з 3 625 новымі кандзі, з якіх 2 741 запазычаны з JIS X 0212. Гэты стандарт сумяшчальны з кадзіроўкай Shift JIS.
  • JIS X 0221:1995 — японская версія ISO 10646/Унікоду.

Гайдзі

правіць

Гайдзі (яп.: 外字, букв. «знешнія іерогліфы») — гэта кандзі, якія не прадстаўлены ў існуючых японскіх кадзіроўках. Сюды ўключаюцца варыянтныя формы іерогліфаў, якія патрэбны для даведнікаў і спасылак, а таксама не-іерагліфічныя сімвалы.

Гайдзі могуць быць альбо сістэмнымі, альбо карыстальніцкімі. У абодвух выпадках узнікаюць праблемы пры абмене звесткамі, паколькі кодавыя табліцы для гайдзі, адрозніваюцца ў залежнасці ад камп’ютара і аперацыйнай сістэмы.

Намінальна ўжыванне гайдзі было забаронена JIS X 0208-1997, а JIS X 0213-2000 ужываў раней зарэзерваваныя пад гайдзі кодавыя ячэйкі для іншых мэтаў. Тым не менш гайдзі працягваюць ужывацца, напрыклад у сістэме «i-mode», дзе яны ўжываюцца для знакаў-малюнкаў.

Унікод дазваляе кадаваць гайдзі ў Прыватнай восбласці Унікода.

Класіфікацыя кандзі

правіць

Канфуцыянскі мудры Сюй Шэнь (許慎) у сваім пісанні Шовэнь цзэцзы (說文解字), каля 100 года, падзяліў кітайскія іерогліфы на шэсць катэгорый (яп. 六書 рыкусё). Гэтая традыцыйная класіфікацыя ўжываецца да сёння, аднак яна з цяжкасцю суадносіцца з сучаснай лексікаграфіяй: межы катэгорый досыць размытыя і адзін кандзі можа належаць адразу да некалькіх. Першыя чатыры катэгорыі адносяцца да структуры іерогліфа, а астатнія дзве — да яго выкарыстання.[5]

Сё:кэй-модзі (象形文字)

правіць

Іерогліфы з гэтай катэгорыі ўяўляюць сабой схематычны накід выявы аб’екта. Напрыклад, 日 — гэта солца, а 木 — дрэва, і г. д. Сучасныя формы іерогліфаў істотна адрозніваюцца ад першапачатковых малюнкаў, таму разгадаць іх значэнне з іх выгляду досыць цяжка. Лягчэй са знакамі друкаванага шрыфта, якія часам захоўваюць форму арыгінальнага малюнка. Іерогліфы такога тыпу завуцца піктаграмамі (Сё:кэй — 象形, японскае слова для пазначэння егіпецкіх іерогліфаў). Іх няшмат сярод сучасных кандзі.

Сідзі-модзі (指事文字)

правіць

Сідзі-модзі з’яўляюцца разнавіднасцю ідэаграмнага ці сімвалічнага пісьма. Іерогліфы з гэтай катэгорыі звычайна простыя ў напісанні і сімвалізуюць абстрактныя паняцці (кірунак, лікі). Напрыклад, кандзі 上 значыць «зверху» ці «над», а 下 — «знізу» ці «пад». Сярод сучасных кандзі такіх іерогліфаў вельмі мала.

Кайі-модзі (会意文字)

правіць

Часта называюцца «складанымі ідэаграмамі» ці проста «ідэаграмамі». Як правіла, уяўляюць сабой спалучэнне піктаграм, якія складаюць агульнае значэнне. Напрыклад, кокудзі 峠 (то:гэ, «горны перавал») складаецца са знакаў 山 (гара), 上 (уверх) і 下 (уніз). Другі прыклад — кандзі 休 (ясу «адпачынак») складаецца са змененага іерогліфа 人 (чалавек) і 木 (дрэва). Гэтая катэгорыя таксама нешматлікая.

Кэйсэй-модзі (形声文字)

правіць

Такія іерогліфы называюцца «фона-семантычнымі» ці «фанэтыка-ідэаграфічнымі» сімваламі. Гэта самая вялікая катэгорыя сярод сучасных іерогліфаў (да 90 % агульнай колькасці). Звычайна складаюцца з двух кампанентаў, адзін з якіх адказны за сэнс ці семантыку іерогліфа, а другі — за вымаўленне. Вымаўленне адносіцца да зыходных кітайскіх іерогліфаў, але часта гэты прынцып відаць і ў сучасным японскім кун’ёмі-чытанні кандзі. Аналагічна і з сэнсавым складнікам, які мог змяніцца за стагоддзі з часу іх увядзення ці ў выніку запазычання з кітайскай мовы. Як вынік, часта адбываюцца памылкі, калі замест фона-семантычнага спалучэння ў іерогліфе спрабуюць разгледзець складаную ідэаграму.

За прыклад можна ўзяць кандзі з ключом 言 (гаварыць): 語, 記, 訳, 説 і інш. Усе яны так ці інакш звязаны з паняццямі «слова» ці «мова». Аналагічна, кандзі з ключом 雨 (дождж): 雲, 電, 雷, 雪, 霜 і інш. — усе яны датычацца з’яў надвор’я. Кандзі з ключом 寺 (храм), які змешчаны справа, (詩, 持, 時, 侍 і інш.) звычайна маюць он’ёмі сі ці дзі. Часам пра сэнс і/ці чытанне гэтых іерогліфаў можна здагадацца з іх складнікаў. Дарэчы, існуе мноства выключэнняў. Напрыклад, кандзі 需 («патрабаванне», «просьба») і 霊 («дух», «прывід») не маюць аніякіх дачыненняў да надвор’я (прынамсі, у сучасным іх ужыванні), а ў кандзі 待 он’ёмі — тай. Рэч у тым, што адзін і той жа кампанент можа граць семантычную ролю ў адным спалучэнні і фанетычную — у іншым.

Тэнцю:-модзі (転注文字)

правіць

У гэтую групу ўваходзяць «вытворныя» альбо «ўзаемна тлумачальныя» іерогліфы. Гэтая катэгорыя самая складаная з усіх, бо ў яе няма дакладнага вызначэння. Сюды адносяцца кандзі, чый сэнс і ўжыванне былі пашыраны. Напрыклад, кандзі 楽 пазначае «музыку» і «задавальненне»: у залежнасці ад значэння іерогліф па-рознаму вымаўляецца ў кітайскай мове, што атрымала адлюстраванне ў розных он’ёмі: гаку «музыка» і раку «прыемнасць».

Касяку-модзі (仮借文字)

правіць

Гэтая катэгорыя называется «фанетычна запазычанымі іерогліфамі». Напрыклад, іерогліф 来 у старакітайскай мове быў піктаграмай, якая пазначала пшаніцу. Яго вымаўленне было амафонам дзеяслову «прыходзіць», іерогліф стаў ужывацца для запісу гэтага дзеяслова, без дадання новага значнага элементу.

Дапаможныя знакі

правіць

Знак паўтору (々) у японскім тэксце значыць паўтарэнне папярэдняга кандзі. У адрозненне ад кітайскай мовы, замест таго, каб пісаць два іерогліфы запар (напр.時時 токідокі, «часам»; 色色 іроіро, «розны»), другі іерогліф замяняецца на знак паўтору і агучваецца так, нібыта замест яго стаіць такі ж сапраўдны кандзі (時々, 色々). Знак паўтору можа ўжывацца ва ўласных імёнах і тапонімах, напрыклад у японскім прозвішчы Сасакі (佐々木). Знак паўтору з’яўляецца спрошчаным запісам кандзі 仝.

Другі часта ўжываны дапаможны сімвал — (паменшаны знак катаканы кэ). Ён вымаўляецца як ка, калі ўжываецца для ўказання на колькасць (напрыклад, у спалучэнні 六ヶ月, роккагэцу, «шэсць месяцаў») альбо як га ў тапонімах, напрыклад, у назве раёна Токіа Касумігасэкі (霞ヶ関). Сімвал з’яўляецца спрошчаным запісам кандзі 箇.

Слоўнікі кандзі

правіць

Каб знайсці ў слоўніку патрэбны кандзі, трэба ведаць яго ключ і колькасць рысаў. Кітайскі іерогліф можна разбіць на простыя кампаненты, званыя ключамі (ці радзей «радыкаламі»). Калі ў іерогліфе шмат ключоў, бярэцца адзін асноўны (ён вызначаецца асобнымі правіламі), а потым патрэбны іерогліф шукаецца ў раздзеле ключа па колькасці рысаў. Напрыклад, кандзі маці (媽) трэба шукаць у раздзеле з трохрысавым ключом (女) сярод іерогліфаў, якія складаюцца з 13 рысаў.

У сучаснай японскай мове выкарыстоўваецца 214 класічных ключоў. У электронных слоўніках можна шукаць не толькі па асноўным ключы, але па ўсіх магчымых складніках іерогліфа, колькасці рысаў ці чытанні.

Тэсты на веданне кандзі

правіць

Кандзі кэнтэй — "тэст на веданне японскіх кандзиі (日本漢字能力検定試験 Ніхон кандзі но:рёку кэнтэй сікэн) правярае здольнасці чытання, перакладу і напісання кандзі. Ладзіцца японскім урадам і правярае веды школьнікаў і студэнтаў Японіі. Мае 10 асноўных узроўняў, самы складаны з якіх правярае веданне 6000 кандзі.

Для іншаземцаў створаны тэст Нороку сікэн JLPT. Да 2009 года ўключна ён меў 4 узроўні, самы складаны з якіх правяраў веданне 1926 кандзі. Цяпер тэст уключае ў сябе 5 узроўняў. Новы ўзровень быў даданы паміж папярэднімі ўзроўнямі 2 і 3, бо раней разрыў паміж імі быў вельмі вялікі. Такім чынам, новы ўзровень 5 адпавядае ранейшаму ўзроўню 4, а новы ўзровень 4 — ранейшаму ўзроўню 3.

Зноскі

  1. Колесников А.Н. Японская письменность // Введение // Японский для всех. — (Пособие по изучению разговорного языка).
  2. Вялікі спіс кокудзі (2700 шт.)(недаступная спасылка) (яп.).
  3. Варта адзначыць, што падчас Другой сусветнай вайны японцы выкарыстоўвалі он’ёмі гэтага спалучэння: сімпу:. Чытанне камікадзэ ўзнікла з-за памылкі амерыканскіх перакладчыкаў, але яно нават у Японіі выціснула старое вымаўленне гэтага слова.
  4. Фролова Е. Л. «Японский язык: имена собственные». — М., Муравей, 2004. ISBN 5-89737-189-X.
  5. Разбіццё на ўказаныя катэгорыі ўсіх іерогліфаў кёіку кандзі можна пабачыць на гэтай старонцы.

Бібліяграфія

правіць
  • Корчагина Т. И. «Омонимия в современном японском языке». — М., Восток-Запад, 2005 г. ISBN 5-478-00182-1
  • Мушинский А. Ф. «Как прочесть и понять значения иероглифических сочетаний?». — М., Восток-Запад, 2006 г. ISBN 5-17-036579-9
  • Вурдов А. М. «Кандзявые эссе». — Сыктывкар, 2005. ISBN 5-85271-215-9
  • Маевский Е. В. «Графическая стилистика японского языка». — М., Восток — Запад, 2006. ISBN 5-17-035826-1
  • Мыцик А. П. «214 ключевых иероглифов в картинках с комментариями». — СПб., Каро, 2006. ISBN 5-89815-554-6
  • Hannas, William C. Asia’s Orthographic Dilemma. Honolulu: University of Hawaii Press, 1997. ISBN 0-8248-1892-X

Гл. таксама

правіць

Спасылкі

правіць