Карэйцы (кар.: 한국 사람, 조선 사람, 고려 사람) — асноўнае насельніцтва Карэйскага паўвострава. Размаўляюць на карэйскай мове. Існуе меркаванне, што насельніцтва Карэі — адно з найбольш аднастайных з этнічнага і моўнага пункту гледжання. Агульная колькасць карэйцаў у свеце — больш за 82,5 мільёны чалавек, з іх асноўная частка пражывае ў Рэспубліцы Карэя і КНДР. Найбольшыя карэйскія дыяспары існуюць у ЗША (больш за 2,6 млн чал., асноўныя гарады — Нью-Ёрк, Лос-Анжэлес, Чыкага, Х’юстан), Кітаі (амаль 2,5 млн чал., значная частка пражывае ў паўночных раёнах краіны), Японіі (амаль 1 млн чал., 40 % усіх жыхароў Японіі, што не належаць да тытульнай нацыі паводле паходжання).

Карэйцы
Саманазва хангук сарам, часон сарам, каро сарам
Усяго: 81 000 000
Этнічныя мовы карэйскі
Традыцыйныя рэлігіі (канфесіі) мала распаўсюджана, аднак ёсць хрысціянства, будызм, шаманізм, канфуцыянства, даасізм, чхандагё
Расавы тып мангалоіды
Субэтнасы

Паводле антрапалагічнага тыпу належаць да ўсходнеазіяцкай галіны мангалоіднай расы. Шмат якія з пытанняў этнагенезу карэйцаў на сённяшні дзень застаюцца невысветленымі. Відавочна, у іх фарміраванні прымалі ўдзел этнічныя групы рознага паходжання, прычым вядучая роля належала групам, што гаварылі на протаалтайскай мове.

Сярод карэйцаў назіраецца нетыповая для іншых народаў аднастайнасць прозвішчаў — ва ўсёй папуляцыі ў актыўным ужытку прыблізна 250 прозвішчаў, этымалагічна звязаных з нацыянальнай гісторыяй і геаграфіяй. Большасць носьбітаў аднаго і таго ж прозвішча не з’яўляюцца крэўнымі сваякамі, але могуць належаць да аднаго і таго ж клану, ля вытокаў якога — агульны продак. Карэйскае імя звычайна двухскладовае, прозвішча — аднаскладовае. Жанчына, выходзячы замуж, пакідае сабе дзявочае прозвішча.

Асноўныя рэлігіі — вучэнне Канфуцыя, будызм, хрысціянства, шаманізм. Раней на Карэйскім паўвостраве панаваў будызм, але ў XIV стагоддзі ён страціў значэнне афіцыйнай рэлігіі. Вялікая колькасць карэйцаў, якія жывуць у КНДР, прытрымліваюцца атэістычных поглядаў.

Зноскі