На́яры, або на́іры (малаял.: നായർ) — прадстаўнікі шэрагу прывілеяваных каст на поўдні Індыі. Жывуць пераважна ў Керале. Агульная колькасць (2019 г.) — 6 766 000 чалавек.

Дзеці наяраў, 1872 г.

Гісторыя правіць

У Кералапаці, зборы гістарычных паданняў XVII ст., продкамі наяраў называецца міфічны звышнатуральны народ нагі (санскр.: नाग, літаральна «змеі») з паўночнай Індыі, які перасяліўся на поўдзень пасля паражэння ад індаарыяў. Магчымае тлумачэнне гэтага падання ў падабенстве назваў, а таксама ў кульце змеяў сярод наяраў. Брытанская даследчыца Кэтлін Гоф (1925—1990) са спасылкай на пісьмовыя крыніцы сцвярджала, што наяры вядомы ў Керале ўжо паміж VII ст. і IX ст. У перыяд сярэднявечча яны ператварыліся ў ваеннае саслоўе землеўласнікаў. У 1498 г., калі партугальцы трапілі ў Індыю, дынастыі наяраў кіравалі трыма багатымі дзяржавамі на Малабарскім беразе.

У 1792 г. дзяржавы наяраў трапілі ў залежнасць ад Брытанскай Індыі. Прадстаўнікі наяраў служылі ў якасці сіпаяў, займалі пасады ў каланіяльнай адміністрацыі. Пасля стварэння ў 1956 г. асобнага штата Керала фактычна былі адсунуты ад улады. У нашы дні з’яўляюцца буйной этнаграфічнай групай малаялі.

Сацыяльныя адносіны правіць

Звычайна наяры ўяўлялі сабою пласт землеўласнікаў і буйных землекарыстальнікаў. Землеўласнікі сдавалі сваю маёмасць у арэнду, а землекарыстальнікі размяркоўвалі яе паміж прадстаўнікамі ніжэйшых каст, збіралі падаткі, кантралявалі абавязковыя адпрацоўкі і выплаты. На поўначы Кералы сем’і бедных наяраў самі апрацоўвалі палеткі. У дакаланіяльны перыяд яны не займаліся прадпрымальніцтвам, аднак маглі ўкладаць частку сродкаў у камерцыйную дзейнасць. У час вайны наяры складалі аснову апалчэння.

Для малаялі характэрна раскіданая планіроўка жытлаў, так што часам цяжка вызначыць, дзе пачынаецца адно паселішча і заканчваецца іншае. Наяры імкнуліся будаваць свае сямейныя маёнткі таравад на ўзвышшах. Да іх прылічалі прадстаўнікоў ніжэйшых каст — залежных сялян і служак. Часам родавае імя наяраў станавілася назвай паселішча або падатнай адзінкі.

Таравад з’яўляліся цэнтрамі матрылакальных родаў на чале старэйшай жанчыны тавары. Адлік сваяцтва вёўся выключна па жаночай лініі. Маёмасць належала ўсім чальцам таравад. Толькі з 1930-х гг. тыя, хто адлучаецца ад роду, карыстаюцца правам забраць сваю частку маёмасці.

У наяраў даволі складаныя шлюбныя адносіны. Касты звычайна эндагамныя, толькі некаторыя касты і роды наяраў маюць права заключаць шлюбы з ніжэйшымі брахманамі амбалавасі. У мінулым вылучаліся 2 тыпы шлюбных цырымоній:

  • Талікету калянам
  • Самбандам

Талікету калянам заключаўся дзяўчынкай у малым узросце, аднак не прадугледжваў жыцця з мужам, таму некаторымі даследчыкамі разглядаецца як форма ініцыяцыі. Выбар умоўнага жаніха пры талікету калянам не абмяжоўваўся кастамі наяраў, часам падаў на намбудыры. Самбандам — шлюб у сталым узросце, калі жанчына брала ў свой таравад мужа з іншага роду, прычым ён мог не мець сувязі з тым, з кім заключаўся талікету калянам. Ён даваў асаблівае права на аднабаковы развод, калі была прадстаўлена слушная прычына. Смерць мужа або развод дазвалялі браць самбандам паўторна. Болей за тое, большасць вядомых крыніц сведчаць, што ў наяраў існавала паліандрыя, калі жанчына заключала самбандам адначасова з некалькімі мужчынамі. У такой сітуацыі для мужчын больш важным станавілася сувязь са сваімі сёстрамі і іх дзецьмі, чым з жонкай і асабістымі нашчадкамі, што аднак цалкам не адмаўляе бацькоўскіх любові, клопату і падарункаў.

Культура правіць

Мужчыны і жанчыны звычайна насілі вопратку, якая дасягала зямлі, і раўніва сачылі, каб гэта не дазвалялі сабе прадстаўнікі іншых каст. З наярамі звязаны тэатр катхакалі, што ўзнік у XVI ст. і спецыялізаваўся на танцавальных сцэнах з эпасаў Махабхарата і Рамаяна. Багатыя наяры аказвалі катхакалі дапамогу, а прадстаўнікі бяднейшых родаў бралі ў ім удзел. Адукацыя заўсёды лічылася вельмі важнай. Хлопчыкі і дзяўчынкі абавязкова вучыліся чытаць і пісаць на малаялам і санскрыце, пазней — на англійскай мове. Хлопчыкі таксама практыкаваліся ў баявых мастацтвах.

Галерэя правіць

Спасылкі правіць