Ну́тка (саманазва: Nuučaan̓uł) — група з 13 індзейскіх плямён, тубыльцаў заходняй часткі вострава Ванкувер у Брытанскай Калумбіі (Канада). Агульная колькасць (2020 г.) — 7 900 чал.[1]

Нутка
(Nuučaan̓uł)
Агульная колькасць 7900 (2020 г.)
Рэгіёны пражывання Брытанская Калумбія
Мова вакашскія мовы
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы квакіютль, дытыдач, мака

Паходжанне правіць

Археалагічныя даследаванні другой паловы XX ст. паказалі, што продкі нутка насялялі Ванкувер на працягу 4300 гадоў. Усяго было знойдзена 177 археалагічных помнікаў гэтага народа. Да кантактаў з еўрапейцамі нутка не мелі адзінай тоеснасці і падзяляліся на розныя плямёны з асобнымі назвамі, сканцэнтраванымі вакол пэўных селішчаў.

Назва нутка з’явілася ў выніку памылкі Дж. Кука, які ў 1778 г. даследаваў заходняе ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі. Ён успрыняў прапанову жыхароў вострава Нутка абысці іх землі ўздоўж гор і мора (nuučaan̓uł) як назву іх племені. Яна трывала замацавалася ў еўрапейскай геаграфіі і гісторыі пасля іспанска-брытанскага канфлікту ў заліве Нутка ў 1789 г. Толькі ў 1978 г. назва была прынята як зборная плямёнамі нутка.

Гісторыя правіць

Нутка аднымі з першых абарыгенаў ціхаакіянскага ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі сутыкнуліся з еўрапейцамі. З 1774 г. заходняе ўзбярэжжа Ванкувера даследавалі іспанскія экспедыцыі. У 1778 г. — брытанская экспедыцыя на чале з Дж. Кукам. У 1780-я гг. заліў Нутка ператварыўся ў важны гандлёвы цэнтр для іспанскіх, брытанскіх і рускіх здабытчыкаў футра. У 1789 г. іспанцы заснавалі на Ванкуверы калонію Санта-Круз. У выніку гэта прывяло да міжнароднага канфлікту. Іспанія была вымушана адмовіцца ад выключных правоў на ціхаакіянскае ўзбярэжжа.

Нягледзячы на значныя змены, якія прынеслі з сабою еўрапейцы, правадыры нутка імкнуліся кантраляваць сітуацыю. Так, правадыр Макіна з племені Muchalaht вёў перагаворы з Дж. Кукам, аказваў дапамогу пры вырашэнні крызіса паміж іспанцамі і брытанцамі, але ў 1803 г. захапіў амерыканскі карабель і знішчыў яго каманду. Два амерыканскія маракі, якія выжылі, былі пераўтвораны ў рабоў. Адзін з іх, Джон Джувіт, пазней апублікаваў успаміны пра 2 гады ў рабстве. У 1811 г. нутка захапілі яшчэ адзін амерыканскі карабель і забілі яго каманду. Аднак выпадкова занесеныя еўрапейцамі эпідэмічныя захворванні і ўзаемныя войны прывялі да значнага скарачэння насельніцтва. Калі ў канцы XVIII ст. агульная колькасць тубыльцаў Ванкувера ацэньвалася ў 30 тысяч чалавек, то ў 1820-я — у дзесяць разоў меней. Таму ў 1849 г., калі Вялікабрытанія афіцыйна абвясціла аб каланізацыі Ванкувера, індзейцы не былі здольны да актыўнага супраціўлення. Да 1900 г. яны былі сканцэнтраваны ў рэзервацыях.

Для перагавораў з уладамі Брытанскай Калумбіі і Канады нутка стварылі таварыства правадыроў заходняга ўзбярэжжа. У 1958 г. на яго аснове была створана Рада плямён, якая клапоціцца пра эканамічнае і культурнае развіццё тубыльцаў. З 2011 г. асобныя плямёны нутка атрымоўваюць палітычную аўтаномію.

Культура правіць

Заходняе ўзбярэжжа Ванкувера з мяккім вільготным кліматам прапаноўвала значныя прыродныя рэсурсы для эксплуатацыі. Аснову рацыёну нутка складалі рыба, крабы, малюскі, папараці, лубін, ягады, мяса марскіх і лясных звяроў і інш. Лоў рыбы меў сезонны характар. Для здабычы ласосяў ставілі пасткі і сеткі на рэках. Улетку лавілі рыбу на марскім беразе. Яе сушылі або нарыхтоўвалі рыбін тлушч. Апошні выкарыстоўвалі ў якасці важнага дадатку да ежы, абменьвалі на іншыя прадукты. Нарэшце, запас тлушчу з’яўляўся прыкметай багацця. Нутка былі выдатнымі будаўнікамі вялікіх лодак, выходзілі на іх у адкрыты акіян і палявалі на кітоў.

Нутка жылі ва ўмацаваных вёсках, але ўвесь час пакідалі іх для палявання і рыбалоўства. Таму ў месцах здабычы існавалі часовыя лагеры, куды пераносілі жытло з асноўнай вёскі. Характэрны вялікія хаціны 12 — 30 м у даўжыню і 9 — 13 м у шырыню. Іх ладзілі з бярвенняў і накрывалі здымным дахам з дошак. У кожнай адначасова жыло некалькі сем’яў, але меўся галоўны гаспадар. Ён і яго сям’я туліліся ў правым заднім куце. Унутраныя межы ў хаціне вызначаліся скрынямі. Знутры хацін сушылі рыбу, трымалі пузыры з запасамі рыбінага тлушчу, разводзілі агонь. Часам там адкладваліся горы смецця. Таму дым і пахі жытлаў здаваліся першым еўрапейскім вандроўнікам вельмі непрыемнымі.

У цёплую пару мужчыны не насілі вопратку, толькі некаторыя ўпрыгожванні. Жанчыны апраналі спадніцы з драўлянай кары. У прахалодны перыяд вопраткай з’яўляліся накідкі з кары або скур, канічны капялюш. Нутка былі знаёмы з вырабам макасінаў, аднак часцей хадзілі басанож. Мелася складаная цырыманіяльная вопратка з апрананнем масак і асобых галаўных убораў.

Традыцыйнае грамадства не ведала сацыяльнай роўнасці. Сярод нутка вылучаліся высакародныя, простыя абшчыннікі і рабы. Высакародныя ўзначальвалі абшчыны, паляўнічыя і ваенныя атрады. Ім належалі пэўныя тэрыторыі. Тыя, хто здабывалі на іх ежу, павінны былі абавязкова дзяліцца з уладальнікам. З іншага боку, высакародныя арганізоўвалі святочныя піры, падчас якіх кармілі простых абшчыннікаў. І высакародныя, і простыя абшчыннікі мелі ўнутраны сацыяльны падзел. Фактычна за кожным чалавекам быў замацаваны пэўны сацыяльны ранг. Так, старэйшыя сыны былі заўсёды вышэй за малодшых. Шэрагі рабоў фарміраваліся з ваеннапалонных. Яны выконвалі цяжкую або зневажальную працу. Раб лічыўся прыватнай маёмасцю і не мог прэтэндаваць на роўны статус са свабодным чалавекам.

Шлюбы разглядаліся як саюзы паміж сем’ямі, таму да іх падыходзілі адказна. Выбар нявесты і сватаўство арганізоўвалі бацькі жаніха. Першай сустрэчы маладых папярэднічалі некалькі актаў перамоў паміж бацькамі. Пры гэтым жаніху перадаваўся пасаг, які ўключаў некалькі родавых імён сям’і нявесты, родавыя танцы і маскі. Высакародныя маглі перадаваць месцы, на якіх праводзіўся патлач, або нават тэрытарыяльныя ўладанні. Найбольш важныя правадыры адначасова мелі некалькі жонак.

Жанчыны нараджалі дзяцей у асобных часовых хацінах з кары, дзе яны павінны былі правесці некалькі дзён пасля родаў для ачышчэння. Нараджэнне блізнят заўсёды віталася як асаблівы поспех. Хлопчыкам апраналі спецыяльны капялюш, каб чэрап прымаў доўгую вузкую форму. Нутка не каралі сваіх дзяцей, выхоўвалі з дапамогай дамаўленняў.

Асобныя вёскі з’яўляліся аўтаномнымі племяннымі супольнасцямі, дзе ўсе людзі, акрамя рабоў, лічыліся ў той ці іншай ступені сваякамі адзін аднаму. Адносіны з суседзямі былі надзвычай складанымі. Нутка перыядычна ваявалі з імі, але таксама гандлявалі і заключалі шлюбы.

Захаваліся шматлікія казкі, легенды, асобныя рытуальныя танцы.

Мовы правіць

Мовы нутка ўяўляюць сабою асобную галіну вакашскіх моў. У нашы дні знаходзяцца пад пагрозай знікнення.

Рэлігія правіць

Традыцыйная рэлігія нутка амаль не захавалася. Еўрапейскія вандроўнікі сведчылі, што нутка не шанавалі багоў, але верылі ў шматлікіх духаў. Захавалася некалькі варыянтаў міфа пра стварэнне свету, дзе вызначальную ролю адыгрывае трыкстэр Крумкач.

У нашы дні большасць вернікаў спавядае хрысціянства.

Зноскі

Спасылкі правіць