Паморнік сярэдні (Stercorarius pomarinus) — марская птушка сямейства паморнікавых.
Даўжыня цела 46-65 см, размах крылаў 110-138 см. Адрозніваюцца дзве морфы: цёмная (больш рэдкая) — уся птушка цёмна-карычневая; светлая — белы ніз, шчокі, бакі і перад шыі жоўта-белыя, на грудзях часта карычневы аброжак. Крылы заканчваюцца востра, белаватыя плямы менш выразныя, чым у вялікага паморніка. Два цэнтральныя рулявыя пёры тупа заканчваюцца, закручаныя спіраллю і значна выступаюць за астатнія (калі не абламаныя). Маладыя без выступаючых рулявых, карычневыя з белаватымі плямкі, паласатыя ад споду. Ад маладых птушак роднасных відаў адрозніваюцца велічынёй і формай дзюбы.
Арэал разарваны — паўночны край Галарктыкі. Насяляе тундру ў прыморскіх раёнах, жыве на рачных і азёрных а-вах у глыбі кантынентаў; пасля гнездавання адлятае на моры, радзей на вялікія кантынентальныя вадаёмы.
Пералётны і качуючы від. Залятае на Балтыйскае і Паўночнае мора, спарадычна — на еўрапейскі кантынент (на в-аў Ян-Маен, у Люксембург, Польшчу, Эстонію, Літву, Латвію, Чэхію, Венгрыю, Аўстрыю, Швейцарыю, на Мальту, у Грэцыю, б. Югаславію, Балгарыю, Румынію, Беларусь, на Украіну, Турцыю, Швецыю, Фінляндыю, на Мадэйру і Азорскія а-вы). Месца зімовак: Атлантыка і Ціхі акіян на поўнач ад экватара, а таксама паўднёвыя ўзбярэжжы Паўднёвай Амерыкі (на поўдзень ад тропіка Казярога) і ад Індакітая і Інданезіі, Філіпін, Новай Гвінеі на паўднёвы ўсход вакол Аўстраліі і Тасманіі.
Гняздо ладзіць неглыбока на зямлі на адкрытым месцы, часам у купіне сухой травяністай расліннасці, высцілае сухой травой, лішайнікамі і лісцем карлікавых вербаў.
Яйкі 1-3, звычайна 2, уздутыя з вострым вузейшым канцом, аліўкавыя, аліўкава-карычневыя або карычнева-зеленаватыя з чорна-карычневымі паверхневымі плямамі.
- Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. ISBN 83-01-13187-X