Патрыярх (царкоўны сан)

Патрыя́рх (ад грэч. πατριάρχης, «пачынальнік роду») — найвышэйшы епіскапскі тытул у праваслаўнай царкве, кіраўнік памеснай праваслаўнай царквы. Таксама тытул старшага епіскапа ў некаторых іншых цэрквах.

Гісторыя

правіць

У Старажытнай Іўдзеі патрыярхам называлі старшыню сінедрыёна — найвышэйшага калегіяльнага органа ўлады.

У хрысціянскай царкве з IV ст. патрыярх — кіруючы епіскап некаторых гарадоў і зямель (александрыйскі, іерусалімскі, канстанцінопальскі, антыяхійскі, рымскі).

З канца VI ст. канстанцінопальскі патрыярх атрымаў тытул Усяленскага з правам склікаць Усяленскія саборы і прызначаць мітрапалітаў.

Папа Рымскі разглядаўся тады як патрыярх заходняй часткі Візантыі. Аднак рымская царква пасля свайго аддзялення не пагадзілася з гэтым і з XIII ст. увяла тытул патрыярха для епіскапаў асобных старажытных епархій у падпарадкаванні папы.

Тытул патрыярха існуе таксама ў армяна-грыгарыянскай, копцкай у Егіпце, эфіопскай і іншых старажытных усходніх цэрквах.

Праваслаўная царква на Беларусі з пачатку свайго існавання і да 1596 г. знаходзілася пад амафорам (апекай) канстанцінопальскага патрыярха. Са згоды апошняга ставіліся мітрапаліты Кіеўскай мітраполіі, да якой першапачаткова адносіліся і беларускія праваслаўныя епархіі. У 1596 г. канстанцінопальскі патрыярх накіраваў свайго экзарха Нікіфара на праваслаўны сабор у Берасці, які выступіў супраць Берасцейскай уніі 1596 года.

У 1620—86 гг. адноўленая праваслаўная царкоўная арганізацыя Беларусі зноў знаходзілася пад апекай канстанцінопальскага патрыярха, у 1686—1700 гг. і з 1917 г. — патрыярха маскоўскага і ўсяе Русі.

Першы маскоўскі патрыярх быў пастаўлены ў 1589 г. (у 1700—1917 патрыярха не было). Ён кіруе царквой сумесна са Свяшчэнным сінодам і Архірэйскім саборам, выбіраецца пажыццёва на Памесным саборы (сходзе прадстаўнікоў духавенства і вернікаў царквы). За час існавання Маскоўскага патрыярхата было 16 патрыярхаў: Іоў (1589—1605); Ігнацій (1605—06); Гермаген (1606—12); Філарэт (1619—33); Іаасаф І (1634—40); Іосіф (1642—52); Нікан (1652—67), пры якім патрыяршаства дасягнула найбольшай палітычнай магутнасці; Іаасаф II (1667—72); Піцірым (1672—73); Іаакім (1674—90); Адрыян (1690—1700); Ціхан (1917—25); Сергій (1925—27 — намеснік, у 1927—43 — месцаахоўнік, 1943—44 — патрыярх); Аляксій (1945—70); Пімен (1970—90); Аляксій II (з 1990), які ў 1991, 1995 і 1998 наведваў Беларусь.

У наш час патрыярхі ўзначальваюць таксама Канстанцінопальскую, Александрыйскую, Антыяхійскую, Іерусалімскую, Грузінскую (каталікос-патрыярх), Сербскую, Балгарскую, Румынскую памесныя праваслаўныя цэрквы.

Літаратура

правіць