Позен (правінцыя)
По́зен, таксама часам По́знань (ням.: Posen) — правінцыя каралеўства Прусія і Вольнай дзяржавы Прусія, якая існавала з 1815 па 1920 гады. Да 1848 года мела шырокую аўтаномію ў якасці Вялікага Княства Пазнаньскага. У 1920 годзе асноўная тэрыторыя правінцый Позен і Заходняя Прусія была перададзена ў склад Польшчы, паводле ўмоў Версальскага дагавора. На рэштках абедзвюх правінцый у 1922 годзе была ўтворана новая правінцыя Позен-Заходняя Прусія.
Позен Posen | ||||
---|---|---|---|---|
| ||||
|
||||
Даведкавая інфармацыя | ||||
Сталіца | Позен | |||
Плошча | 28 991,52 км² (1910) | |||
Насельніцтва | 2 099 831 чал. (1910) | |||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьУтварэнне правінцыі
правіцьТэрыторыя Вялікай Польшчы ўжо раней пасля трох польскіх падзелаў належала Прусіі. У 1793—1807 гады тут існавалі прускія правінцыі Паўднёвая Прусія і Новая Усходняя Прусія. У 1807 годзе, паводле ўмоў Тыльзіцкага міру, які завяршыў руска-пруска-французскую вайну, на тэрыторыі правінцыі Паўднёвая Прусія разам з часткай правінцыі Новая Усходняя Прусія было абвешчана Варшаўскае герцагства, перададзенае саксонскай кароне. У 1809 годзе тэрыторыя Варшаўскага герцагства значна павялічылася пасля атрыманай перамогі ў вайне з Аўстрыяй.
У выніку напалеонаўскіх войнаў Саксонія, якая выступала на баку Францыі, пацярпела паражэнне і страціла значную частку сваіх уладанняў. Тым не менш Венскі кангрэс, які адбыўся ў 1815 годзе, захаваў суверэнітэт Саксонскага каралеўства. Разам з тым Прусія атрымала назад частку тэрыторый Вялікай Польшчы, якія раней належаць ёй, а таксама частку саксонскіх зямель. На набытых тэрыторыях былі створаны правінцыі Саксонія і Позен. Апошняя як Вялікае Княства Пазнаньскага атрымала права шырокай аўтаноміі[1].
На тэрыторыі правінцыі Позен былі ўтвораны дзве адміністрацыйныя акругі:
- Адміністрацыйная акруга Бромберг , цэнтр — Бромберг
- Адміністрацыйная акруга Позен , цэнтр — Позен
Германізацыя і ліквідацыя аўтаноміі
правіцьПасля Польскага паўстання 1830 года ў Расійскай імперыі Прусія, асцерагаючыся польскага сепаратызму, пачала праводзіць у рэгіёне палітыку германізацыі палякаў, паступова выцясняючы польскую мову з сістэмы адукацыі і дзяржаўнага справаводства. Аднак гэта толькі ўзмацніла нацыянальнае супраціўленне палякаў.
У 1848 годзе ў час нямецкай рэвалюцыі на тэрыторыі правінцыі адбыліся масавыя паўстанні палякаў , якія былі жорстка задушаны. Пасля здушэння ўзброеных паўстанняў Прусія цалкам скасавала аўтаномію правінцыі Позен і перабудавала кіраванне рэгіёнам па стандартным прынцыпе, характэрным для ўсіх іншых правінцый. Заходнія і паўночныя нямецкамоўныя раёны правінцыі былі ўключаны ў склад Германскага саюза. Да 1851 года ў Германскі саюз была ўключана і ўся тэрыторыя правінцыі.
Пасля аб'яднання Германіі ў 1871 годзе і стварэння Германскай імперыі польскае насельніцтва Прусіі стала нацыянальнай меншасцю ў нацыянальнай нямецкай дзяржаве. Працяг паслядоўнай палітыкі германізацыі прывёў да новых пратэстаў пальскамоўнага насельніцтва. У 1906—1907 гадах у правінцыі прайшлі масавыя забастоўкі ў школах.
Веймарская рэспубліка
правіцьПасля Першай сусветнай вайны адносіны абвастрыліся. Палякі сталі патрабаваць перадачы тэрыторыі правінцыі ў склад адноўленай польскай дзяржавы. Пасля шматлікіх польскіх паўстанняў 1918—1919 гадоў, паводле ўмоў Версальскага дагавора, у студзені 1920 года асноўная тэрыторыя правінцый Позен і Заходняя Прусія была перададзена Польшчы. Толькі невялікая прыгранічная паласа, на якой пераважала нямецкамоўнае насельніцтва, засталася ў межах Германіі.
У 1922 годзе рэшткі абедзвюх правінцый былі аб'яднаны ў новую правінцыю Позен-Заходняя Прусія, якая праіснавала аднак толькі да 1938 года, калі яна ў час нацысцкіх адміністрацыйных рэформ была скасавана і падзелена паміж суседнімі правінцыямі.
Трэці рэйх
правіцьУ 1939 годзе пасля ўварвання ў Польшчу тэрыторыя былой некалі правінцыі Позен была зноў анексавана Германіяй. Аднак правінцыя адноўлена не была. Тут, а таксама на іншых анексаваных прылеглых польскіх тэрыторыях было створана рэйхсгау Позен, якое ўжо ў 1940 годзе было пераназвана ў Вартэланд, са сталіцай у горадзе Позен. Пры гэтым тэрыторыя вакол Бромберга была ўключана ў склад іншага створанага рэйхсгау Данцыг-Заходняя Прусія. Такім чынам, гэтая былая прускай тэрыторыя была далучана непасрэдна да Рэйха ў якасці адмысловай адміністрацыйнай адзінкі — рэйхсгау, а не ў якасці часткі Прусіі. У такім выглядзе гэтыя тэрыторыі заставаліся ў складзе нацысцкай Германіі да канца вайны.
Паваеннае развіццё
правіцьУ 1945 годзе гэтыя землі зноў цалкам перайшлі пад кантроль Польшчы, а ўсё нямецкае насельніцтва, якое знаходзілася там, было выгнана. Пасля апошняй адміністрацыйнай рэформы, праведзенай у 1999 годзе ў Польшчы, тэрыторыя былой правінцыі Позен практычна ідэнтычная з тэрыторыяй Велікапольскага ваяводства. Некалькі раёнаў таксама адносяцца сёння да Куяўска-Паморскага і Любушскага ваяводстваў.
Геаграфія і эканоміка
правіцьУнутраная частка правінцыі ўяўляла з сябе раўнінную плоскасць, праз якую працякае рака Варта. Па тэрыторыі таксама праходзіў Бромбергскі, ці Нетцаўскі, канал, які злучаў раку Нетцэ (басейн Одэра) з Брагай (басейн Віслы). Таксама на тэрыторыі правінцыі мелася мноства азёр. Галоўным заняткам насельніцтва з'яўлялася сельская гаспадарка. Акрамя збожжавага хлеба, струковых пладоў і бульбы, вялікае значэнне для рэгіёна меў хмель. Вінаробствам займаліся ў паўднёва-заходняй частцы правінцыі[2].
У рэгіён паміж Вартай і Нетцэ займалі вялікія лясы, пераважна хвойныя. Развівалася жывёлагадоўля: тут разводзілі коней, рагатую скаціну, авечак, свіней і коз. На тэрыторыі Позена здабываліся соль, гіпс, вапну, буры вугаль, балотны жалязняк, торф. Прамысловасць у цэлым была развіта слаба і мелася толькі ў вызначаных месцах. Меліся фабрыкі машын, суконная мануфактура, вялікія цагельні, мукамольныя млыны, заводы цукровыя, піваварныя і вінакураныя, фабрыкі нюхальнага тытуню. Галоўнымі гандлёвымі пунктамі правінцыі былі гарады Позен і Бромберг[2].
Насельніцтва
правіцьПаводле перапісу 1895 года ў правінцыі пражывала 1 828 195 чалавек. Большасць насельніцтва складалі каталікі (больш 60 %), каля чвэрці — пратэстанты, таксама меліся і прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій і яўрэі. Евангелічнае веравызнанне пераважала, галоўным чынам, у паўночных і заходніх памежных раёнах. У 1890 годзе ў правінцыі пражывала 697 265 немцаў і 1 047 409 палякаў. У той жа час вялікія гарады мелі пераважна нямецкае насельніцтва. З мэтай павелічэння нямецкага элемента ў рэгіёне праводзілася каланізацыйная палітыка, якая складалася ў мэтанакіраванай дзяржаўнай скупцы маёнткаў у польскіх уладальнікаў з мэтай іх наступнага перапродажу нямецкім каланістам[2].
Тэрыторыя і насельніцтва правінцыі Позен у 1900 годзе:[4]
Адміністрацыйная акруга | Плошча, км² | Насельніцтва, чал. | Колькасць раёнаў | |
---|---|---|---|---|
сельскіх | гарадскіх | |||
Акруга Бромберг | 11.451,81 | 689.023 | 13 | 1 |
Акруга Позен | 17.518,60 | 1.198.252 | 27 | 1 |
Усяго па правінцыі | 28.970,41 | 1.887.275 | 40 | 2 |
Тэрыторыя і насельніцтва правінцыі Позен у 1910 годзе:[4]
Адміністрацыйная акруга | Плошча, км² | Насельніцтва, чал. | Колькасць раёнаў | |
---|---|---|---|---|
сельскіх | гарадскіх | |||
Акруга Бромберг | 11.461,52 | 763.947 | 13 | 1 |
Акруга Позен | 17.530,00 | 1.335.884 | 27 | 1 |
Усяго па правінцыі | 28.991,52 | 2.099.831 | 40 | 2 |
Обер-прэзідэнты
правіцьПасада обер-прэзідэнта ўведзена ў Прусіі паводле ўказу ад 30 красавіка 1815 года аб паляпшэнні арганізацыі правінцыйнага кіравання (ням.: Verordnung wegen verbesserter Einrichtung der Provinzial-Behörden).
Гады | Обер-прэзідэнт |
---|---|
1815—1824 | Ёзэф фон Цэрбоні дзі Спазеці |
1825—1830 | Тэадор фон Баўман |
1830—1840 | Эдуард фон Флотвел |
1840—1842 | Адольф Генрых фон Арнім-Бойцэнбург |
1843—1850 | Карл Морыц фон Бойрман |
1850—1851 | Густаў фон Бонін |
1851—1860 | Ойген фон Путкамер |
1860—1862 | Густаў фон Бонін |
1862—1869 | Карл фон Горн |
1869—1873 | Ота фон Кёнігсмарк |
1873—1886 | Уільям Барстау фон Гюнтэр |
1886—1890 | Роберт фон Цэдліц-Труцшлер |
1890—1899 | Гуга фон Віламавіц-Мёлендорф |
1899—1903 | Рудольф фон Бітэр (малодшы) |
1903—1911 | Вільгельм фон Валдаў |
1911—1914 | Філіп Шварцкопф |
1914—1919 | Ганс фон Айзенгарт-Ротэ |
У лістападзе 1919 года Ганс фон Айзенгарт-Ротэ быў адпраўлены на пенсію. З прычыне таго, што фактычна ўжо з пачатку 1919 года Прусія больш не кантралявала ахопленую польскім паўстаннем большую частку правінцыі Позен, новы обер-прэзідэнт прызначаны не быў. Прыгранічныя часткі правінцыі на захадзе, поўдні і поўначы, якія засталіся пад прускім кантролем, фактычна кіраваліся былым главой акругі Бромберг, якая адносілася да правінцыі Позен, рэзідэнцыя якога ў лістападзе 1919 года была перанесена ў горад Шнайдэмюль, які пасля стаў цэнтрам новай правінцыі Позен-Заходняя Прусія.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ Познанское великое княжество // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- ↑ а б в Познань, провинция // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- ↑ Leszek Belzyt. Sprachliche Minderheiten im preußischen Staat 1815—1914. Die preußische Sprachenstatistik in Bearbeitung und Kommentar. — Marburg: Verlag Herder-Institut, 1998. — ISBN 3-87969-267-X
- ↑ а б Provinz Posen // Gemeindeverzeichnis Deutschland 1900 (ням.)
Спасылкі
правіць- Deutsche Verwaltungsgeschichte: Preußische Provinz Posen Архівавана 9 снежня 2017. (ням.)
- Territoriale Veränderungen in Deutschland: Provinz (Großherzogtum) Posen (ням.)
- Deutsche Schutzgebiete: Provinz Posen (ням.)