Прывілей 1432 года — заканадаўчы акт, выданы 15 кастрычніка 1432 г. польскім каралём Ягайлам са згоды вялікага князя літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча. Акт ураўноўваў буйнейшых феадалаў праваслаўнага веравызнання ў некаторых правах з феадаламі каталіцкага веравызнання.

Прыняты ў час грамадзянскай вайны ў ВКЛ, акт быў закліканы пазбавіць палітычнай падтрымкі вялікага князя рускага Свідрыгайлу.

Палажэнні правіць

Рэгулюючы перадусім пытанні ўнутранай палітыкі краіны, скіраваныя на згашэнне канфлікту ўнутры краіны, надаваў феадалам ВКЛ праваслаўнага веравызнання права свабоднага распараджэння (з фармальным дазволам вялікакняскага ўрадніка) як вотчыннай, так і пажалаванай землямі, а таксама пашыраў іншыя льготы, атрыманыя каталіцкімі баярамі згодна з актам Гарадзельскай уніі (1413). Прыватныя ўладальнікі атрымлівалі таксама права далучэння да гербавага брацтва з тымі баярамі, якія атрымалі гербы ў 1413 годзе, на што патрабавалася фармальная згода іх польскіх аднагербоўнікаў. Разам з тым, прыватныя землеўладальнікі атрымлівалі абавязак сплачваць дзякла[1][2]. Згодна з меркаваннем М. Доўнар-Запольскага, у дзеянне прывілея былі ўключаныя ў тым ліку пажалаванні г. зв. да волі і ласкі гаспадарскай (аг.-усх.-слав.: до воли и ласки господарской)[3] (зямля, пажалаваная вялікім князем на нявызначаны тэрмін).

Выдадзены ад імя тагачаснага караля польскага і вярхоўнага князя літоўскага Ягайлы, аднак не быў ім зацверджаны, з прычыны чаго фармальнай чыннасці не меў[4]. Праз два гады дапоўнены прывілеем 1434 года, які фактычна пацвярдзіў апублікаваныя ў прывілеі палажэнні[1][2]

Перадумовы правіць

Тэкст прывілея мае прамыя ўказанні на палітычныя перадумовы прыняцця акту, а менавіта імкненне да заспакаення варагуючых бакоў у міжфеадальным і ўрадавым канфлікце 1432—1439 гг. Тэкст прывілея ўказвае на прыхільнікаў прэтэндэнта на вялікае княжанне літоўскага Свідрыгайлы, у адрас якіх з мэтай захавання дабрабыту краіны і прысягі Ягайлу і выдадзены прывілей[5][6]. Прывілей, аднак, фактычна не змяніў у лепшы бок становішча іншага прэтэндэнта на вялікакняскі сталец, Жыгімонта Кейстутавіча[6], які на той момант быў прызнаны Каралеўствам Польскім і падтрымліваўся баярамі і князямі захаду і цэнтру ВКЛ. Прыкметныя змены ўнутрыпалітычнага становішча на карысць Жыгімонта Кейстутавіча былі выкліканыя толькі па прыняцці наступнага прывілея ў 1434 годзе, хоць імкненне да ўраўнання правоў праваслаўных і каталіцкіх землеўладальнікаў было выкарыстана Свідрыгайлам як адна з нагод для працягу барацьбы за вялікакняскі пасад[7][8]. Іншым мажлівым фактарам прыняцця прывілея магло стаць імкненне зацікавіць феадалаў усходніх земляў ВКЛ пытаннем дарэчнасці Крэўскай уніі, якое было негалосна ўзнятае баярамі заходніх і цэнтральных зямель ВКЛ[9].

Буйныя княскія землеўладальнікі ў часе канфлікту перайшлі пераважна на падтрымку Свідрыгайлы, што, меркавана, магло стаць фактарам распаўсюджвання палажэнняў прывілеяў і на княскіх уладальнікаў, не згаданых у прывілеях 1413 і 1387 гг.[10], пагатоў, у часы Вітаўта адзначылася пэўнае выцясненне баярамі князёў з вялікакняскага двара[11]. З іншага боку, княскія землеўладальнікі практычна ва ўсе часы існавання ВКЛ, у тым ліку і да выдання прывілея 1387 г., карысталіся практычна поўным імунітэтам у межах сваёй зямельнай уласнасці. Так, уладанні княскіх галінаў краіны не мелі патрэбы ў фармальным спраўджванні зямельных здзелак на продаж, дараванне ці завяшчанне і, больш за тое, мелі права выдаваць права сваім слугам службы па ўласным жаданні (кому похотят), маючы нават права суду і адміністрацыі ў межах уладаннях[12]. Фактычна тыя ж правы, што гарантаваў прывілей 1432 года, атрымлівалі некаторыя рэгіёны, што захоўвалі нутранае самакіраванне, але ў якіх пазней гуртаваліся прыхільнікі Свідрыгайлы: так, адзін з ранейшых абласных прывілеяў Віцебскаму намесніцтву захоўваў правы Грозденскага прывілея ў тым ліку для каталікоў, якія перайшлі ў праваслаўе, чым у сутнасці рабіў прывілей 1432 года ў гэтым рэгіёне бессэнсоўным. Апроч гэтага, права вольнага распараджэння маёнткам і права ўдавы на дзель зямлі па смерці мужа закладзенае ў адным з прывілеяў Полацкаму намесніцтву часоў Вітаўта[13].

Зноскі

  1. а б Пичета В. И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии / Нар. Комиссариат земледелия БССР. — Мн., 1927. — С. 62. — 179 с.
  2. а б Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego / H. Łowmiański. — Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. — С. 423. — 579 с.
  3. Пичета В. И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии / Нар. Комиссариат земледелия БССР. — Мн., 1927. — С. 69. — 179 с.
  4. Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego / H. Łowmiański. — Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. — С. 422. — 579 с.
  5. Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно / М. К. Любавский. — Мн.: Беларуская навука, 2012. — С. 172-173. — 395 с. — (Помнікі гістарычнай думкі Беларусі).
  6. а б Довнар-Запольский М. В. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах / М. В. Довнар-Запольский. — Киев, 1901. — Т. 1. — С. 70. — VIII, 807, [1], CXII, II с.
  7. Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego / H. Łowmiański. — Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. — С. 418, 421, 428-429. — 579 с.
  8. Довнар-Запольский М. В. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах / М. В. Довнар-Запольский. — Киев, 1901. — Т. 1. — С. 67. — VIII, 807, [1], CXII, II с.
  9. Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego / H. Łowmiański. — Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. — С. 416-417. — 579 с.
  10. Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно / М. К. Любавский. — Мн.: Беларуская навука, 2012. — С. 174. — 395 с. — (Помнікі гістарычнай думкі Беларусі).
  11. Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно / М. К. Любавский. — Мн.: Беларуская навука, 2012. — С. 166. — 395 с. — (Помнікі гістарычнай думкі Беларусі).
  12. Пичета В. И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии / Нар. Комиссариат земледелия БССР. — Мн., 1927. — С. 55-56. — 179 с.
  13. Пичета В. И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии / Нар. Комиссариат земледелия БССР. — Мн., 1927. — С. 116. — 179 с.

Літаратура правіць