Рыніяфіты

(Пасля перасылкі з Псілафіты)

Рыніяфіты (Rhyniophyta) — аддзел вымерлых вышэйшых раслін. Вядомыя з сілуру да верхняга дэвону (435—345 млн гадоў назад).

 Рыніяфіты

Rhynia (рэканструкцыя)
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Rhyniopsida

Геахраналогія

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
EOL  13073244
FW  250240

Гісторыя вывучэння правіць

Упершыню рэшткі рыніяфітаў знойдзены канадскім геолагам Дж. Досанам у дэвонскіх адкладах паўвострава Гаспэ (Канада) у 1859 годзе. Досан назваў гэту расліну Psilophyton princeps. У 1917 годзе англійскія палеабатанікі Р. Кідстан і У. Ланг апісалі рэшткі раслін з адкладаў крэмніевай пароды Шатландыі дэвонскага ўзросту — псілафіт, рынію, харнеафітон і інш. Яны вызначылі роднасць іх з раней адкрытым Psilophyton princeps і аб'ядналі іх у новы парадак псілафітавыя (Psilophytales). У 1937 годзе У. Ланг адкрыў новы род — куксонію (Сooksonia). Гэта расліна была знойдзена таксама ў верхнесілурыйскіх адкладаннях Чэхіі, Славакіі, краін СНД, ЗША.

Батанічнае апісанне правіць

Найбольш проста арганізаваная група вышэйшых выкапнёвых раслін. У іх быў карэнішчападобны орган рызамоід, ад якога ўверх адыходзілі тэломы — першасныя надземныя цыліндрычныя органы. На вяршынях некаторых тэломаў размяшчаліся прадаўгаватыя таўстасценныя спарангіі. Участкі паміж разгалінаваннямі тэломаў атрымалі назву месомаў. Лісты і карані адсутнічалі.

Анатамічная будова рыніяфітаў вельмі прымітыўная. Праводзячая сістэма была слаба развіта і ўяўляла сабой пратастэлу. Наяўнасць покрыўных тканак і вусцейкаў сведчыць пра тое, што гэта былі наземныя ці каляводныя расліны. Іх памеры дасягалі 50 см вышыні і каля 5 мм у дыяметры, але расліны сярэднедэвонскага перыяду роду Pertiса мелі вышыню каля 3 м.

Мяркуемыя гаметафіты харнеафітона апісаны пад назвай ліёнафітон (Lyonophyton). Іх восі мелі анатамічную будову, падобную з харнеяфітонам. На вяршыні некаторых тэломаў ліёнафітона былі чашападобныя пашырэнні з лопасцевымі краямі. У цэнтры чаша ўтварала выступ, у які былі пагружаны архегоніі з моцна адцягнутай шыйкай. Па перыферыі чашы, з яе ўнутранага боку, размяшчаліся акруглыя антэрыдыі. У іншых прадстаўнікоў рыніяфітавых гаметафіты не апісаны[1].

Зноскі

  1. Сапегін (2012)

Літаратура правіць

  • Сапегін Л. М. Батаніка. Сістэматыка вышэйшых раслін: вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па біялагічных спецыяльнасцях. — Гомель: ГДУ, 2012. — 337 с. ISBN 978-985-439-644-6