Пушкінскі праспект (Магілёў)

Магілёў

Пушкінскі праспект (руск.: Пушкинский проспект) — праспект у паўднёвай частцы Магілёва, у Задняпроўскім жылым раёне. Адна з найважнейшых транспартных магістраляў горада.

Пушкінскі праспект
праспект
Магілёў
Агульная інфармацыя
Краіна Беларусь
Рэгіён Магілёўская вобласць
Горад Магілёў
Раён Кастрычніцкі раён
Працягласць 3660 м
Ранейшыя назвы Новачарнігаўская вуліца
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць
 
Нова-Чарнігаўская вуліца ў 1882 годзе

У 1860 годзе быў пабудаваны драўляны мост цераз Дняпро, які злучыў цэнтр з Лупалаўскім прадмесцем. Ад шашы да моста пабудавана Новачарнігаўская вуліца, у яе пачатку знаходзілася ўязная брама з высокай вежай, пабудаванай у 1773 годзе[1].

 
Чарнігаўская брама ў пачатку XX ст.

Гістарычна называўся Новачарнігаўскай вуліцай[2]. У кнізе «Досвед апісання Магілёўскай губерні» за 1882—1884 гг. прыведзена наступнае апісанне[3]:

  Накіроўваючыся да горада ад застаўнага дома па Бабруйскай шашы, даводзіцца перш за ўсё праехаць праз Чарнігаўскую браму (старажытная каменная брама, рэштка ад ранейшых земляных умацаванняў горада), а затым праз Маскоўскае прадмесце, размешчанае на левым нізінным баку Дняпра, а менавіта праз тую яго частку, якая з даўніх пор носіць назву «Лупалава». Позірк падарожніка ў гэтым прадмесці можа спыніцца хіба, налева, на даволі вялікім каменным будынку — піваварным заводзе Лекерта і далей, направа, на дзвюх каменных цэрквах: Петра-Паўлаўскай і Траецкай; астатнія пабудовы звычайныя і нагадваюць сабой дамкі павятовых гарадоў.

Галоўная вуліца Маскоўскага прадмесця, па якой ідзе зусім прамая лінія шашы, завяршаецца драўляным мостам, на апорах, цераз Дняпро.

 

У 1967 годзе вуліца была перайменавана ў гонар рускага паэта А. С. Пушкіна, які ўлетку 1824 праязджаў па ёй з адэскай ссылкі ў с. Міхайлаўскае[2].

Размяшчэнне

правіць

Арыентаваны з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Пачынаецца ад моста цераз р. Дняпро, перасякае вуліцы Гагарына, Вялікую Чавускую, Севастопальскую, Гарбарную, Чыгрынава, Мікалая Астроўскага, Габраўскую, завулак Жалезнякова, завяршаецца плошчай, утворанай на стыку Слаўгарадскай і Гомельскай шашы і праспекта Дзімітрава. Працягласць праспекта складае 3660 м.

Забудова

правіць
 
Палац культуры і тэхнікі ВА «Хімвалакно»
 
Скрыжаванне з вуліцай Мікалая Астроўскага

Да 1960-х гадоў быў забудаваны 1-павярховымі жылымі хатамі сядзібнага тыпу (часткова захаваліся). Сучаснае аблічча праспекта фарміруецца з 1970-х гадоў, калі па генеральным плане горада 1969 года пачалася комплексная шматпавярховая забудова паўднёвай ускраіны — Лупалаўскага прадмесця. Па генеральным плане 1980—1981 гадоў праспект уваходзіць у зону забудовы паўднёвага планіровачнага раёна горада[2].

 
Кінатэатр «Космас»

У наш час праспект забудаваны 5-, 9-павярховымі, пераважна жылымі, дамамі, на першых паверхах якіх размешчаны прадпрыемствы гандлёвага і бытавога прызначэння. Пачатак праспекта фарміруюць будынкі Палаца культуры і тэхнікі ВА «Хімвалакно», гасцініцы «Турыст», былога райкама КПБ і выканкама Савета народных дэпутатаў (цяпер адміністрацыі) Кастрычніцкага раёна, кінатэатра «Космас»[2].

У 1990 годзе на праспекце знаходзіліся таксама ўнівермаг «Кастрычніцкі», крамы «Гаставары» (д. № 51), «Ваенгандаль», «Тавары для ўмельцаў», кніжныя «Ваенная кніга» і «Глобус», гастраном № 1, універсам № 81, бюро тэхнічнай інвентарызацыі (д. № 69), цэнтральная гарадская бібліятэка, Дом быту (д. № 24), кафэ «Марожанае», аддзяленне сувязі № 2 (д. № 22), пункт праката турысцкага рыштунку (д. № 24), лазня і інш[2].

Паркі і скверы

правіць
 
Помнік Пушкіну ў скверы 700-годдзя Магілёва

Да праспекта прылягаюць дзіцячы парк, сквер 700-годдзя Магілёва, дзе пастаўлены помнік А. С. Пушкіну[2], сквер каля Палаца культуры вобласці, Траецкая набярэжная.

Мемарыяльныя дошкі

правіць

На адной з калон моста цераз р. Дняпро ўстаноўлена мемарыяльная дошка М. І. Яшыну[2].

Зноскі

  1. Экскурсия «Парки и скверы Заднепровья и исторического центра города».
  2. а б в г д е ё Пушкина проспект // Могилёв. Энциклопедический справочник (руск.) / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1990. — 472 с. — ISBN 5-85700-028-9.
  3. Проспект Пушкина
  4. Архитекторы Советской Белоруссии: Биогр. справочник / Союз архитекторов БССР; Сост. В. И. Аникин и др. — Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с. — ISBN 5-338-00611-1. (руск.)

Літаратура

правіць
  • Пушкина проспект // Могилёв. Энциклопедический справочник (руск.) / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1990. — 472 с. — ISBN 5-85700-028-9.

Спасылкі

правіць