Адкрыць галоўнае меню

Дняпро́ўскі мост — аўтадарожны мост цераз Дняпро ў Магілёве. Злучае гістарычны цэнтр горада (правы бераг) і былое прадмесце Лупалава (левы). Па мосце праходзіць Пушкінскі праспект, па назве якога мост часам памылкова называюць Пу́шкінскім. Сучасны Дняпроўскі мост узведзены ў 1959 годзе з жалезабетону і мае 8 пралётаў, яго даўжыня складае 286 метраў, шырыня — 24 метра.

Дняпроўскі мост
Дняпроўскі мост у Магілёве.jpg
Від на Дняпроўскі мост з боку вуліцы Чалюскінцаў
Каардынаты: 53°53′31″ пн. ш. 30°19′47″ у. д.HGЯO
Перасякае р. Дняпро
Месца размяшчэння г. Магілёў, Магілёўская вобласць, Беларусь
Канструкцыя
Матэрыял жалезабетон
Колькасць пралётаў 8
Агульная даўжыня 286 м
Эксплуатацыя
Адкрыццё 1959
Дняпроўскі мост (Магілёў)
Дняпроўскі мост
Дняпроўскі мост
Commons-logo.svg Дняпроўскі мост на Вікісховішчы

ГісторыяПравіць

 
Дняпроўскі мост у 1877 годзе, малюнак Н. Орды

Да сярэдзіны XIX стагоддзя ў Магілёве не было моста цераз р. Дняпро. Улетку і ўвосень усталёўваўся мост на драўляных плытах у раёне цяперашняга гарадскога пляжу. Узімку хадзілі і ездзілі цераз раку па лёдзе, а ўвесну перапраўляліся на двух паромах. Паромы мелі грузападымальнасць у 800 пудаў і кіраваліся вёсламі і тычкамі. Пакуль паром ішоў папярок рэкі да іншага берага, цячэннем ён ссоўваўся на адзін кіламетр і выгрузка адбывалася ўжо каля гарадскога астрога. Па цячэнні пераправа доўжылася 40 хвілін, супраць цячэння амаль паўтара гадзіны. У моцны вецер паромы не хадзілі. Пасля дажджоў было складана дабрацца з горада да самога парома. Грэбля, якая вяла праз пойму Дняпра, на працягу вярсты пакрывалася непраходным брудам[1].

 
Дняпроўскі мост, від у бок Лупалава. 1901
 
Канструкцыя апор. С. Аляксандраў, 1890

Першы мост цераз Дняпро было вырашана ўзвесці на лукавіне ракі, там, дзе яна бліжэй усяго падыходзіла да стромкага правага берага. Драўляны мост на палях, пабудаваны па праекце і пад кіраўніцтвам начальніка XI Магілёўскай акругі шляхоў зносін падпалкоўніка Мікалая Феліксавіча Ястржэмбскага(руск.) бел., быў здадзены ў эксплуатацыю ў 1860 годзе[1]. Вялікі ўдзел у яго будаўніцтве прыняў гарадскі галава Рыгор Гартынскі. Мост быў пабудаваны па міжнародных стандартах таго часу і атрымаў імя расійскага імператара Аляксандра I[2]. Мост складаўся з 8 дзесяцісажнёвых арачных пралётаў і дасягаў даўжыні ў 90 пагонных сажняў. Палатно моста ўзвышалася над летнім узроўнем вады на 40 футаў[1].

 
Дняпроўскі мост пасля перабудовы 1902 года

Праз некалькі дзесяцігоддзяў высвятлілася, што вузкія пралёты масты ствараюць цяжкасці для руху параходаў па Дняпры. У 1902 годзе мост быў мадэрнізаваны: два арачныя пралёты па цэнтры рэчышча ракі былі заменены на адзін пралёт з рашэцістай фермай. Але для гэтага прыйшлося прыбраць адну апору[1].

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі пачалося бурнае развіццё аўтатранспарту і нагрузкі на мост, разлічаны на калёсы і брычкі, значна ўзраслі[1]. Пры падрыхтоўцы да пераносу сталіцы БССР з Мінска ў Магілёў, рэканструкцыя моста была ўключана ў генеральны план гарадской забудовы. Аднак сталіца ў Магілёў так і не была перанесена, а архітэктурныя пераўтварэнні ў горадзе былі згорнуты[2].

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны, высвятлілася, што стары мост не ў стане забяспечыць транспартаванне цяжкіх ваенных грузаў, таму побач, паводле словаў сведак, былі тэрмінова наведзены два пантонныя масты. Пры адступленні Чырвонай Арміі з Магілёва палова драўлянага моста была ўзарвана[1]. Нямецкія сапёры паставілі дадатковую апору, замяніўшы ферму звычайным бэлечным пакрыццём[2][1]. Працы завяршыліся ўзімку 1941 года, пасля чаго мост насіў імя генерала Мюлера. У маі 1943 года Дняпроўскі мост быў разбамбаваны савецкай авіяцыяй, пасля чаго зноў адбудаваны германскімі ваеннымі. Падчас акупацыі дзейнічала і іншая пераправа цераз Дняпро — у раёне гарадскога пляжу быў пабудаваны нізкі мост[2].

Пры адступленні з горада ў чэрвені 1944 года гітлераўцы падарвалі ўсе пераправы цераз раку. Ужо ў наступным месяцы пад кіраўніцтвам ваенна-дарожнага ўпраўлення пачаліся працы па аднаўленні Дняпроўскага моста. Непасрэдна да будаўніцтва прыступілі 1 верасня таго ж года. Падчас праектавання маставога пераходу разглядаўся і праект «выпрастання выхаду ў горад з моста цераз гарадскі парк і плошчу ў кірунку на цэнтральную Першамайскую вуліцу». Аднак задуманае так і не ажыццявілі з-за тэхнічных складанасцей — занадта вялікім быў уздым вышыннага ўзроўню ад моста да гарадскога парку. Акрамя таго, цяжкасці выклікала захаванне выезду з моста на Бабруйскую шашу[2].

20 лістапада 1944 года Дняпроўскі мост быў здадзены ў эксплуатацыю. Аднак на працягу наступных гадоў неаднаразова ўзнікала неабходнасць яго рамонту[2].

 
Мост да рэканструкцыі

У лютым 1956 года Магілёўскі гарвыканкам інфармаваў міністра камунальнай гаспадаркі БССР «пра аварыйны стан Дняпроўскага моста і немагчымасць яго далейшай эксплуатацыі». 16 лістапада 1956 года гарвыканкамам быў зацверджаны канчатковы праект маставога пераходу змяшанага тыпу: з жалезабетону і жалеза. Падчас будаўніцтва новага моста стары драўляны працягваў функцыянаваць. Адначасова з узвядзеннем новага моста вяліся працы па стварэнні пад'язных шляхоў з боку цэнтра горада. Быў зрэзаны ўзгорак каля Вала Чырвонай Зоркі, і вуліца Чалюскінцаў пракладзена непасрэдна да плошчы Арджанікідзэ. Да канца 1959 года будаўнічыя працы былі завершаны. Новы сучасны мост злучыў абедзве часткі горада і аж да 1967 года заставаўся адзінай у Магілёве аўтамабільнай пераправай цераз Дняпро. У 1964 годзе на пілоне моста была размешчана мемарыяльная дошка старшаму лейтэнанту Мікалаю Яшыну, камандзіру коннай разведкі, які загінуў пры вызваленні Магілёва[2].

У 2015 годзе пачаліся працы па капітальным рамонце Дняпроўскага моста, якія прадугледжваюць істотную мадэрнізацыю пуцеправода: павелічэнне палос руху, замену зношаных металаканструкцый, бетонных бэлек, бардзюраў, агародж і іншых элементаў. Акрамя таго, у рэканструкцыю павінна ўвайсці транспартная развязка на выездзе з моста на вуліцу Чалюскінцаў, якая прадугледжвае будаўніцтва там падземнага пераходу, які злучыць плошчу Славы з вуліцай Вялікай Грамадзянскай і Падміколлем[2].

Зноскі

СпасылкіПравіць