Адкрыць галоўнае меню

Плошча Славы (Савецкая, Гандлёвая, Губернатарская) — адна з галоўных плошчаў Магілёва, яго гістарычны грамадска-адміністрацыйны цэнтр. Уяўляе сабой горадабудаўнічы ансамбль XVIII — канца XIX ст.

Плошча Славы
Магілёў
Фатаграфія
Плошча Славы ў Магілёве
Агульная інфармацыя
Краіна Беларусь
Рэгіён Магілёўская вобласць
Горад Магілёў
Раён Ленінскі раён
Ранейшыя назвы Савецкая, Гандлёвая, Губернатарская
Commons-logo.svg Плошча Славы на Вікісховішчы

РазмяшчэннеПравіць

Плошча размешчана на высокім правым беразе Дняпра. Ад плошчы адыходзіць вул. Першамайская (былая вул. Шклоўская, Дняпроўскі праспект), якая звязвае цэнтр горада з Прывакзальнай плошчай

Панарама плошчы Славы


ГісторыяПравіць

Сфарміравалася да 1526 г. паміж замкам і гандлёва-рамесным Нагорскім пасадам як Гандлёвая плошча. З другой паловы XVII ст., калі ў цэнтры яе была пабудавана мураваная ратуша, стала асноўным адміністрацыйным і грамадскім цэнтрам горада.

У 1604 годзе Гандлёвая плошча займала тэрыторыю больш за 2 га. На ёй размяшчаліся 26 радоў крам. Ад плошчы радыяльна ішлі дзве галоўныя вуліцы — Шклоўская (цяпер Першамайская вуліца) і Ветраная (цяпер Ленінская вуліца), якія разам з іншымі вуліцамі і дарогамі на Вільню, Быхаў і Мсціслаў фарміравалі радыяльную сістэму планіроўкі горада.

У 1578 годзе, праз год пасля атрымання горадам магдэбургскага права, у Магілёве пачалося ўзвядзенне гарадской ратушы.

 
Губернатарская плошча на малюнку М. Львова, XVIII ст.

Пасля далучэння ў 1772 годзе Магілёва да Расіі Гандлёвая плошча атрымала назву Губернатарскай. Новае яе аблічча распрацоўвалі вядомыя рускія архітэктары М. А. Львоў і В. П. Стасаў. На плошчы сфармаваўся новы мураваны ансамбль грамадскіх будынкаў: ва ўсходняй частцы быў узведзены дом губернатара і будынак губернскага праўлення, аб'яднаныя манументальнай брамай, у заходняй — дом віцэ-губернатара і двух саветнікаў, будынак ніжняга суда, урачэбнай управы і архіва (з 1883 г. будынак акруговага суда). У паўднёвай частцы на месцы старажытнага замка быў разбіты гарадскі сквер (сфармаваўся ў канцы XIX ст.). У 2-й палове XIX ст. на прылеглых вуліцах, Дняпроўскім праспекце і вул. Ветранай, пабудаваны два мураваныя трохпавярховыя жылыя дамы, якія тарцовымі фасадамі выходзілі на плошчу.

 
Губернскае праўленне і дом губернатара

Частка плошчы, якая непасрэдна прымыкала да замка, заставалася незабудаванай (у 1928 — 32 гадах на месцы замка створаны гарадскі парк). У другой палове XIX стагоддзя побач з ратушай быў пабудаваны будынак гарадской управы.

 
Плошча ў 1916 г.

Другі губернскі з'езд саветаў, які праходзіў у будынку гарадской управы, 15 снежня 1917 года абвясціў савецкую ўладу ў Магілёўскай губерні. У 1919 годзе плошча ў гонар гэтай падзеі плошча атрымала назву Савецкай[1].

У гады Вялікай Айчыннай вайны ансамбль плошчы разбураны.

Паводле першага пасляваеннага праекту рэканструкцыі плошчы 1956 г. (інстытут «Белдзяржпраект») яна ўключаная ў зону адпачынку, на плошчы спынены транспартны рух. У 1952—55 гг. у паўночна-ўсходняй частцы пабудаваныя пяціпавярховыя мураваныя жылыя дамы. У ліпені 1957 была ўзарвана ратуша. У 1982 г. у цэнтры плошчы ўзведзены мемарыяльны комплекс «Змагарам за Савецкую ўладу».

У 2007 годзе ў Магілёўскім гарадскім савеце абмяркоўвалася пытанне аб пераназванні Савецкай плошчы ў плошчу Свабоды, аднак гэта прапанова не знайшла падтрымкі дэпутатаў[2].

3 ліпеня 2014 года, падчас святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пераназвана ў Плошчу Славы[3].

АрхітэктураПравіць

Сучаснае аблічча плошчы склалася напачатку 80-х гадоў XX стагоддзя. Цэнтрам ансамбля плошчы з'яўляецца мемарыяльны комплекс «Змагарам за Савецкую ўладу».

З поўдня і захаду да плошчы прылягае Замкавы сквер (былы Парк культуры і адпачынку імя М. Горкага). З паўночнага ўсходу на плошчы размешчаны 5-павярховыя жылыя дамы.

 
Будынак акруговага суда, у якім размешчаны Магілёўскі абласны краязнаўчы музей

Захаваліся помнікі архітэктуры XVIII — 2-й паловы XIX стагоддзя — будынак былога акруговага суда, дзе цяпер знаходзіцца Магілёўскі абласны краязнаўчы музей і будынак былой гарадской управы.

На паўночным баку плошчы ўзвышаецца адноўленая ў 2008 годзе гарадская ратуша.

Зноскі

ЛітаратураПравіць

  • Могилёв: Энцикл. справ. / Сов. Энцикл.; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 472 с., ил.
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. — ISBN 5-85700-078-5.

СпасылкіПравіць