Пціцкая аперацыя

Баявая аперацыя беларускіх партызан

Пціцкая аперацыя — баявая аперацыя Мінскага і Палескага савецкіх партызанскіх злучэнняў па знішчэнні чыгуначнага моста цераз раку Пціч на лініі БрэстГомель у Капаткевіцкім раёне 3 лістапада 1942 года.

Савецкія партызаны неаднаразова перапынялі рух на гэтай магістралі. Каб надоўга вывесці дарогу са строю, Мінскі падпольны абком КП(б)Б і штаб партызанскага злучэння распрацавалі план аперацыі (кодавая назва «Рэха на Палессі») па падрыве чыгуначнага моста (даўжыня больш за 150 м) цераз раку Пціч, які кругласутачна ахоўвалі 2 узводы нямецкіх салдат у 4 дзотах з мінамётамі і гарматамі. За 800 м ад моста на ст. Пціч размяшчаўся гарнізон праціўніка (каля 750 чал.). У аперацыі ўдзельнічала 11 партызанскіх атрадаў (123-я Акцябрская, 130-я Петрыкаўская, 225-я і інш.; каля 1300 чал.). Стварыўшы бачнасць канцэнтрацыі сваіх сіл у Капаткевічах, савецкія партызаны ў ноч на 3 лістапада сканцэнтраваліся ў раёне ст. Пціч каля в. Млынок. Каб перашкодзіць падыходу падмацавання праціўніка, партызаны падарвалі чыгуначнае палатно за 13 км на захад ад станцыі і за 6 км на ўсход ад моста. 2 партызанскія атрады адкрылі агонь па гарнізоне ст. Пціч і дзотах моста. Група падрыўнікоў заклала пад мост больш за 300 кг узрыўчаткі і падарвала яго, праціўнік пасля супраціўлення пакінуў свае ўмацаванні і адступіў. Пры адыходзе пасля бою савецкія партызаны сустрэлі групу падмогі ворагу і знішчылі яе.

У выніку Пціцкай аперацыі рух на чыгунцы быў спынены на 18 сутак, а з улікам Сінкевіцкай аперацыі 1942 года — больш як на 3 тыдні. Поспехі партызан паскорылі пераход многіх салдат славацкіх часцей, што ахоўвалі чыгунку, на бок савецкага партызанскага руха.

ЛітаратураПравіць