Пціцкая аперацыя
Пціцкая аперацыя — баявая аперацыя Мінскага і Палескага савецкіх партызанскіх злучэнняў па знішчэнні чыгуначнага моста цераз раку Пціч на лініі Брэст—Гомель у Капаткевіцкім раёне 3 лістапада 1942 года.
Пціцкая аперацыя | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Вялікая Айчынная вайна | |||
Дата | 3—6 лістапада 1942 года | ||
Месца | Капаткевіцкі раён | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Савецкія партызаны неаднаразова перапынялі рух на гэтай магістралі. Каб надоўга вывесці дарогу са строю, Мінскі падпольны абком КП(б)Б і штаб партызанскага злучэння распрацавалі план аперацыі (кодавая назва «Рэха на Палессі») па падрыве чыгуначнага моста (даўжыня больш за 150 м) цераз раку Пціч, які кругласутачна ахоўвалі 2 узводы нямецкіх салдат у 4 дзотах з мінамётамі і гарматамі. За 800 м ад моста на ст. Пціч размяшчаўся гарнізон праціўніка (каля 750 чал.). У аперацыі ўдзельнічала 11 партызанскіх атрадаў (123-я Акцябрская, 130-я Петрыкаўская, 225-я і інш.; каля 1300 чал.). Стварыўшы бачнасць канцэнтрацыі сваіх сіл у Капаткевічах, савецкія партызаны ў ноч на 3 лістапада сканцэнтраваліся ў раёне ст. Пціч каля в. Млынок. Каб перашкодзіць падыходу падмацавання праціўніка, партызаны падарвалі чыгуначнае палатно за 13 км на захад ад станцыі і за 6 км на ўсход ад моста. 2 партызанскія атрады адкрылі агонь па гарнізоне ст. Пціч і дзотах моста. Група падрыўнікоў заклала пад мост больш за 300 кг узрыўчаткі і падарвала яго, праціўнік пасля супраціўлення пакінуў свае ўмацаванні і адступіў. Пры адыходзе пасля бою савецкія партызаны сустрэлі групу падмогі ворагу і знішчылі яе.
У выніку Пціцкай аперацыі рух на чыгунцы быў спынены на 18 сутак, а з улікам Сінкевіцкай аперацыі 1942 года — больш як на 3 тыдні. Поспехі партызан паскорылі пераход многіх салдат славацкіх часцей, што ахоўвалі чыгунку, на бок савецкага партызанскага руха.
Літаратура
правіць- Філімоненкаў, М. Пціцкая аперацыя 1942 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. — С. 11.