Пётр Дзмітрыевіч Кухарчык

Пётр Дзмітрыевіч Кухарчык (22 сакавіка 1945, Арда, Клецкі раён — 2 сакавіка 2014, Мінск) — беларускі вучоны-радыёфізік, грамадскі дзеяч, педагог. Доктар тэхнічных навук (1988), прафесар (1990), член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994). Аўтар звыш 170 навуковых прац, у тым ліку 1 манаграфіі і 42 вынаходніцтваў.

Пётр Дзмітрыевіч Кухарчык
Дата нараджэння 22 сакавіка 1945(1945-03-22)
Месца нараджэння
Дата смерці 2 сакавіка 2014(2014-03-02) (68 гадоў)
Месца смерці Мінск
Грамадзянства
Род дзейнасці фізік
Навуковая сфера Радыёоптыка, галаграфія
Месца працы Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт
Навуковая ступень доктар тэхнічных навук
Навуковае званне член-карэспандэнт НАН Беларусі, прафесар
Альма-матар
Вядомы як даследчык галаграфічных метадаў у радыё- і інфрачырвоным, ЗВЧ- і аптычным дыяпазонах электрамагнітных хваль

Біяграфія правіць

Скончыў Мінскі электратэхнікум сувязі (1965), затым служыў у войску. У 1967 паступіў на аддзяленне радыёфізікі фізічнага факультэта БДУ, скончыў у 1972. З 1972 па 1990 працаваў у Навукова-даследчым інстытуце прыкладных фізічных праблем імя А. Н. Сеўчанкі пры БДУ. З 1990 быў прарэктарам БДУ, загадчыкам кафедры. У 2001 намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, з лістапада 2001 да сакавіка 2003 — рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. З сакавіка 2003 па сакавік 2014 — рэктар БДПУ імя М.Танка.

Навуковы і практычны ўклад правіць

Даследаванні ў галіне радыёгалаграфіі. Распрацаваў фізічныя асновы новага навуковага напрамка, звязанага з даследаваннем і распрацоўкай галаграфічных метадаў у радыё- і інфрачырвоных дыяпазонах электрамагнітных хваль. Распрацаваў метады і стварыў сістэмы для пераўтварэння выяў інфрачырвонага і звышвысокага дыяпазонаў ў бачныя. Прапанаваў новы падыход па фарміраванні і візуалізацыі радыёвыяў. Выканаў шэраг работ па тэарэтычным і эксперыментальным даследаванні нетрадыцыйных метадаў фарміравання галаграм. Прапанаваў і рэалізаваў галаграфічныя схемы з часткова запоўненымі апертурамі, якія забяспечваюць высокую адрознівальную здольнасць і нізкі ўзровень шуму, а таксама метады рэгістрацыі інфрачырвонага выпраменьвання і павелічэння адчувальнасці рэгіструючых асяроддзяў. Распрацаваў тэарэтычныя асновы ўзаемадзеяння электрамагнітных хваль з штучнымі асяроддзямі, метады і алгарытмы запісу і апрацоўкі біямедыцынскіх і маўленчых сігналаў, створаны новыя радыёпаглынальныя матэрыялы. Пад яго навуковым кіраўніцтвам распрацаваны метады і створаны прыборы для вызначэння вільготнасці і масы дыэлектрычных матэрыялаў, укаранёныя на прадпрыемствах Беларусі і Расіі.

Аўтар больш за 170 навуковых прац, у тым ліку манаграфіі, 42 вынаходніцтваў.

Санкцыі ЕС правіць

22 сакавіка 2011 года трапіў у Чорны спіс Еўрасаюза як рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, адказны за адлічэнне студэнтаў[1][2][3].

Асноўныя працы правіць

  • Системы технического зрения. Принципы построения. Л.: Машиностроение, 1988 (в соавт.).
  • Взаимодействие электромагнитных волн с искусственными средами // Избр. научные труды БГУ. 2001. № 4.
  • Development of nanodispersible film material absorbing microwave radiation // XII Int. Conference on Microwaves, Radar and Wireless Communications. Poland. 2000. Vol.3.
  • Neural networks and tasks of biomedical signal segmentation // Proc. of IV Int. Workshop on Biosignal Interptetation BSI2002. Villa Olmo, Como, Italy, 24-26 June, 2002.

Зноскі

  1. COUNCIL IMPLEMENTING REGULATION (EU) No 271/2011 of 21 March 2011. Афіцыйны часопіс Еўрапейскага саюза  (балг.) (22 сакавіка 2011). Праверана 29 ліпеня 2021.
  2. Яшчэ 19 неўязных у ЕС — хто яны? (недаступная спасылка). За Свабоду (22 сакавіка 2011). Архівавана з першакрыніцы 29 ліпеня 2021. Праверана 29 ліпеня 2021.
  3. Поўны спіс 208 беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЕС . Наша Ніва (11 кастрычніка 2011). Архівавана з першакрыніцы 22 кастрычніка 2017.

Спасылкі правіць