Радаводныя кнігі
Радаво́дныя кні́гі ў Расіі — рукапісныя, пазней друкаваныя зводы радаводаў (генеалагічных запісаў пра паходжанне, роднасныя сувязі і службу продкаў) сем'яў свецкіх феадалаў Расійскай дзяржавы, якія складаліся з 1540-х гг.
У XVI—XVII стст. утрымлівалі радаводы княжацкіх і баярскіх родаў, чые прадстаўнікі займалі вышэйшыя пасады ў дзяржаўным і ваенным апараце. Найбольш вядомы «Гасудараў радасловец » 1555—1556 гг. Пасля адмены месніцтва ў 1682 годзе створана Палата радаводных спраў для складання радаводных кніг расійскага дваранства . Гэтая палата шляхам дапаўнення «Гасударава радаслоўца» стварыла Аксамітную кнігу. Пасля выдання Даравальнай граматы дваранству 1785 года дваранскія сходы губерняў, у т.л. беларускіх, складалі радаводныя кнігі па сваіх губернях. У іх запісвалі дваран, якія валодалі ў губерні нерухомасцю; тых, чые продкі валодалі на тэрыторыі губерні маёнткамі; асоб, якія мелі выслужанае дваранства і дваранства замежнага паходжання (у любой губерні па жаданні).
Губернскія радаводныя кнігі падзяляліся на 6 частак. У 1-ю частку запісвалі роды сапраўднага (пачатак радаводу не раней за 1685) і набілітаванага дваранства; у 2-ю — роды выслужанага дваранства ваеннай службай; у 3-ю — роды выслужанага дваранства цывільнай службай або атрыманнем ордэна, які прыносіў дваранскі статус; у 4-ю — роды замежнага паходжання; у 5-ю — тытулаваныя роды; у 6-ю — старажытныя дваранскія роды, чый радавод пачынаўся раней 1685.
З сярэдзіны 19 ст. асобныя аўтары складалі радаводныя кнігі расійскіх княжацкіх і дваранскіх родаў, якія ў адрозненне ад традыцыйных радаводных кніг былі не справаводнымі дакументамі, а навуковымі даследаваннямі.
Літаратура Правіць
- Радаводныя кнігі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).