Салідарныя з Беларуссю

Салідарныя з Беларуссю (польск.: Solidarni z Białorusią) — назва і лозунг шэрагу канцэртаў, праведзеных польскай грамадскай арганізацыяй Ініцыятыва «Вольная Беларусь» у Варшаве на Замкавай плошчы. На канцэртах выступаюць польскія і беларускія музыкі (Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Кулінковіч, Руся і інш.), а таксама прамаўляюць беларускія апазіцыйныя палітыкі і культурныя дзеячы (напрыклад, Зміцер Колас) і дэманструюцца відэахронікі з Беларусі.

Канцэрт у 2006 годзе.
Канцэрт у 2009 годзе.

Гісторыя

правіць
Канцэрт у 2009 годзе.

2011 год — Пачуй нас!

правіць

У 2011 годзе імпрэза распаўсюдзілася на іншыя гарады, як польскія, так і замежныя. Лозунг канцэрта ў гэтым годзе быў «Пачуй нас!».

Польшча

правіць
Канцэрт у 2011 годзе.
Канцэрт у 2011 годзе.

Галоўны канцэрт адбыўся на плошчы Дэфляд у Варшаве а 18:30. Выступалі тры беларускія гурты (Крама, Рэха, Vinsent) і тры польскія (Akurat, Януш Сташэўскі i Maleo Reggae Rockers)[3]. Вядучым канцэрта быў Роберт Ляшчыньскі[4]. Крыху раней у той самы дзень праводзілася гарадская гульня, падчас якой удзельнікі маглі адчуць сябе прадстаўнікамі беларускай апазіцыі. Падчас конкурсаў стваралася ілюзія рэалій барацьбы з дыктатурай, такіх як: расклейванне плакатаў, тайнае разношванне ўлётак, пазбяганне агентаў і міліцыі, карыстанне тэлефонам, які падслухоўваецца[5].

У Беластоку 26 сакавіка а 17.00 у клубе «Loft» адбыўся канцэрт, на якім выступілі чатыры мясцовыя гурты (Miejski Klub Przyjaciół Chilloutu, Scrapped Culture, Blow Art i The Greed), а таксама беларускі гурт Relikt. Імпрэзе папярэднічаў «Марш вольнасці», які распачаўся каля помніка Юзафу Пілсудскаму за паўгадзіны перад канцэртам[6]. Яго арганізатарамі былі таварыства «Маладыя дэмакраты» і Моладзевая гарадcкая Рада ў Беластоку. Удзельнікі (каля 20 маладых людзей) патрабавалі ад уладаў Беларусі вызвалення вязняў і спынення палітычных рэпрэсій[7].

У Гданьску 26 сакавіка а 13:30 у тэатры «Акно» адбыўся міні-канцэрт беларускага гурта «Рэха». Папярэднічала імпрэзе дэманстрацыя каля Доўгага таргу, якая падтрымлівала змаганне з беларускім рэжымам. Арганізатарамі мерапрыемства былі студэнты з Беларусі, якія навучаюцца ў Труймясце, навуковае таварыства UG «Мазаіка», бюро «Гданьск і Метраполія Еўрапейская сталіца культуры 2016 — кандыдат», а таксама дзеючае ў Сопаце Беларускае культурнае таварыства «Хатка»[8].

У Катавіцах 27 сакавіка а 18 гадзіне на вуліцы Мар’яцкай адбыўся канцэрт, на якім выступілі тры польскія гурты: Cała Góra Barwinków, Leniwiec i Radical Garaża, а таксама беларускі гурт з Полацка — Indra. Канцэрт пачаўся з уступнага слова еўрапарламентарыя д-ра Марка Мігальскага, які выразіў падтрымку для падобных ініцыятыў. Таксама выступіў Эдуард Гладышаў, беларускі студэнт і апазіцыянер з Кракава, які распавёў аб парушэнні правоў чалавека і асноваў дэмакратыі ў Беларусі. На канцэрт прыйшлі некалькі соцень чалавек рознага ўзросту, сярод якіх былі і беларускія студэнты, якія навучаюцца ў Катавіцах. Арганізатарам мерапрыемства было таварыства Праект Сілезія, а суарганізатарамі — Бюро дэпутата Еўрапейскага парламента д-ра Марка Мігальскага і горад Катавіцы[9][10].

У Кельцах 25 i 26 сакавіка ад поўдня да вечара ў клубе Woor на плошчы Свабоды адбываліся «Дні салідарнасці з Беларуссю». Была арганізавана акцыя пісання апеляцыйных лістоў да ўладаў Беларусі з патрабаваннем вызваліць апазіцыянераў. Круцілі дакументальныя фільмы пра палітычную і грамадскую сітуацыю ў Беларусі, адносіны беларускай апазіцыі і іншыя беларускія фільмы. У першы дзень імпрэзы адбылася дыскусія на тэму Беларусі, у якой удзельнічалі грамадскія дзеячы і прадстаўнікі няўрадавых арганізацый. Арганізатарамі мерапрыемства былі таварыства Цэнтр валанцёрства і Ініцыятыва Вольная Беларусь, каардынатаркай была Эмілія Міхта[11].

У Кракаве культурныя падзеі цягнуліся тры дні. У чацвер 24 сакавіка а 17 гадзіне ў Малым калегіуме Paderevianum адбылася дыктоўка на беларускай мове. Тэкст дыктоўкі распрацаваў Дзмітрый Клабанаў, працаўнік Інстытута ўсходнеславянскай філалогіі Ягелонскага ўніверсітэта, аўтар кнігі «Крок за крокам знаёмімся з Беларуссю». У пятніцу 25 сакавіка ў клубе Ціша на вул. Брацкай 3-5 а 18 гадзіне адбылася выстаўка жывапісу і графікі беларускай артысткі, блогеркі і радыёвядучай Нікі Сандрас. Пасля выстаўкі адбыўся невялікі канцэрт беларускай песні ў выкананні маладога беларускага музыкі Нікіфара Маліноўскага. У суботу 26 сакавіка ў кавярні Наварольскі ў Сукенніцах а 19 гадзіне быў арганізаваны вечар беларускай і польскай паэзіі. Свае вершы чыталі паэты з Беларусі: Ірына Хадарэнка і Павел Надольскі. Вершы іншых беларускіх і польскіх паэтаў у арыгінале і ў перакладзе чыталі студэнты Дзяржаўнай Вышэйшай тэатральнай школы і члены Беларускага таварыства[12].

У Сопаце 25 сакавіка а 19 гадзіне ў канцэртнай залі Polskiej Filharmonii Kameralnej і ў Лясной оперы адбыўся канцэрт беларускіх музыкантаў: барда Змітра Вайцюшкевіча і гурта Рэха. Канцэрт быў платны. Арганізатарамі былі беларускія студэнты з Гданьскага ўніверсітэта, члены студэнцкага навуковага таварыства UG «Mozaika», пры падтрымцы Ініцыятывы Вольная Беларусь, Беларускага культурнага таварыства «Хатка», бюро «Гданьск і Метраполія Еўрапейская сталіца культуры 2016 — кандыдат» і таварыства «Гарадская культура». Мерапрыемства прайшло пры ганаровай падтрымцы прэзідэнта Сопата Яцака Карноўскага[13].

У Шчэціне 13 сакавіка а 18 гадзіне ў Доме культуры «Славянін» адбыўся канцэрт гуртоў: Rowdyside, Annalisa, Kumka Olik i Titus Tommy Gunn. У перарыве паміж імі выступіў Францішак Вячорка, беларускі дзеяч апазіцыі. Канцэрт быў платным, а ўвесь даход з імпрэзы быў перададзены на статутныя мэты Ініцыятывы Вольная Беларусь. Арганізатарамі былі: I агульнаадукацыйны ліцэй у Шчэціне, Дом культуры «Славянін» і Еўрапейскае таварыства студэнтаў права Liceum ELSA Szczecin. Імпрэзу падтрымалі: гміна Новая Варпно, Павятовае староства ў Паліцах, Заходнепаморская Управа Маршалкоўская, Урад горада Шчэцін, Шчэцінскі ўніверсітэт, Gazeta Wyborcza Szczecin, Polskie Radio Szczecin[14].

Інцыдэнт ва Улацлаўку
правіць

Імпрэза ў межах акцыі «Салідарныя з Беларуссю» планавалася таксама ва Улацлаўку. Ініцыятарам і арганізатарам была няўрадавая арганізацыя Праект Улацлавак. 22 сакавіка ў Аб’яднанні каталіцкіх школ павінна было адбыцца спатканне моладзі з беларускім апазіцыяністам, а 27 сакавіка ва Улацлаўскім цэнтры культуры планаваўся канцэрт беларускага фольк-рокавага гурта з Гомеля Бан Жвірба і двух улацлаўскіх музычнах гуртоў на разагрэве. Перад канцэртам планавалася правядзенне конкурса на лепшую карыкатуру Аляксандра Лукашэнкі. Арганізатары чакалі, што прыйдзе каля 300—400 гледачоў, якім бы раздалі бела-чырвона-белыя стужкі, што сімвалізуюць салідарнасць з дэмакратычнымі памкненнямі беларусаў. Імпрэза павінна была быць бясплатнай. Яе кошт, які складаўся з транспарту і начлега беларускіх музыкантаў, друкавання плакатаў, збіраўся ўзяць на сябе Улацлаўскі цэнтр культуры[15].

Мерапрыемства, аднак, не адбылося. За два тыдні перад імпрэзай адмовіўся Улацлаўскі цэнтр культуры, падобна зрабіла Аб’яднанне каталіцкіх школ. Арганізатары спрабавалі перанесці мерапрыемства, аднак дзве школы, да якіх яны тэлефанавалі, таксама адмовіліся. Паводле Мар’юша Серачкевіча з Праекта Улацлавак, які быў каардынатарам мерапрыемства, адмову неафіцыйна тлумачылі палітычнымі прычынамі, паясняючы тым, што ўлады горада не жадаюць праводзіць мерапрыемствы, на якіх крытычна выступаюць супраць уладаў Беларусі[15]. Улацлавак з’яўляецца партнёрскім горадам беларускага Магілёва і цесна з ім супрацоўнічае[16]. Паводле Серачкевіча, улады горада ўжо раней негатыўна рэагавалі на акцыі, якія асуджаюць парушэнне правоў чалавека ў Беларусі. Паводле прадстаўнікоў Улацлаўскага цэнтра культуры, імпрэзу трэба было адмяніць з фінансавых прычын, паколькі нечакана там трэба было зрабіць рэмонт[15].

У 2011 годзе канцэрты ў межах акцыі «Салідарныя з Беларуссю» адбыліся першы раз таксама па-за межамі Польшчы. 26 красавіка ў Вільні ў Доме нацыянальных меншасцей арганізалі святочную імпрэзу ў гонар 93-й гадавіны аб’яўлення незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Падчас мерапрыемства былі прачытаны некалькі рэфератаў на гістарычную тэматыку, а таксама выступілі барды з Вісагінаса. Арганізатарам было Таварыства Беларускай Культуры ў Вільні пры падтрымцы Ініцыятывы Вольная Беларусь. Каардынатарам быў Уладзіслаў Гурыновіч[17].

Крытыка

правіць

Канцэрты «Салідарныя з Беларуссю» сцярпелі хвалю крытыкі, асабліва акцыі 2007 і 2008 гадоў. Так, арганізатарам закідваюць камерцыялізацыю праекта[18], выкананне англамоўных песень замест беларускамоўных[19] і інш.

Рок-князёўна Кася Камоцкая як калумніст «naviny.by» у 2008 годзе давала такую ацэнку фестывалю: «Не трэба думаць, што калі ў Польшы ёсць праект „Салідарныя з Беларуссю“, ён зацікаўлены ў беларускай музыцы. У самой назве акцыі — квінтэсенцыя прыярытэтаў: „Салідарныя з Беларуссю“, а не „Прыйшлі паслухаць беларускую музыку“»[20].

Зноскі

  1. http://www.euroradio.fm/by/421/listentous/14865/(недаступная спасылка)
  2. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 сакавіка 2008. Праверана 5 красавіка 2008.
  3. Usłysz Białoruś: w niedzielę wielki koncert
  4. Dodali otuchy pod Pałacem. Solidarni z Białorusią
  5. Gra miejska o białoruskiej opozycji
  6. Koncert « Solidarni z Białorusią» po raz pierwszy w Białymstoku
  7. W Białymstoku odbyła się akcja Solidarni z Białorusią(недаступная спасылка)
  8. Solidarnie z Białorusią
  9. «Solidarni z Białorusią» po raz pierwszy w Katowicach(недаступная спасылка)
  10. Koncert Solidarni z Białorusią Архівавана 2 жніўня 2012.
  11. Kielce: Dni Solidarności z Białorusią(недаступная спасылка)
  12. Solidarni z Białorusią(недаступная спасылка)
  13. Solidarni z Białorusią — Wolność Kultury, Kultura Wolności
  14. «Solidarni z Białorusią»
  15. а б в Włocławek odwołał solidarność z Białorusią
  16. Miasta partnerskie Архівавана 10 лістапада 2011.
  17. Салідарныя з Беларуссю ў Вільні — 26 сакавіка
  18. http://naviny.by/rubrics/opinion/2008/04/03/ic_articles_410_156395
  19. http://www.pro-rock.pl/index.php?publicystyka=1&id=11
  20. Камоцкая, Кася. Кася Камоцкая. ШОУ-БІЗ. Салідарны з рок-н-ролам? (недаступная спасылка). naviny.by (17 жніўня 2008). Архівавана з першакрыніцы 30 сакавіка 2015. Праверана 3 лютага 2020.

Спасылкі

правіць