Свята-Мікалаеўская царква (Ястрамбель)

Свята-Мікалаеўская царква — праваслаўны храм, які знаходзіўся ў в. Ястрамбель Баранавіцкага раёна і не захаваўся.

Царква
Свята-Мікалаеўская царква
53°01′49,68″ пн. ш. 25°57′19,55″ у. д.HGЯO
Краіна Flag of Belarus.svg Беларусь
Вёска Ястрамбель
Канфесія Беларуская праваслаўная царква
Архітэктурны стыль народнае дойлідства Беларусі
Дата пабудовы 1840 год
Стан не захавалася

Была размешчана ў баку ад вёскі. Пабудавана ў 1840 г. з дрэва, рэканструявана ў 1925 г.

ГісторыяПравіць

Першае апісанне драўлянай капліцы ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца ў маёнтку Ястрамбель змешчана ў дакументах Візітаў уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гг., што захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Капліца была пабудавана па фундацыі пана Моклака.

Згодна з апісаннем 1864 года ў вёсцы Ястрамбель размяшчалася драўляная 5 класа Свята-Мікалаеўская царква, пабудаваная ў 1840 годзе прыхаджанамі. Пры царкве было 50 дзесяцін зямлі. Прыхаджан 865.

У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года згадваецца драўляная Свята-Мікалаеўская царква, пабудаваная ў 1840 годзе.

У склад прыходу ўваходзілі вёскі Ястрамбель, Малахоўцы, Скварчыцы, Гінцавічы, Кунцэвічы, Валахва, Гайкаўцы, Замошша. Прыхаджан 1533 душ.

Настаяцелем храма быў Аляксандр Савіч, рукапаложаны ў 1849 годзе, узнагароджаны скуф'ею. Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства і школа.

Святары Свята-Мікалаеўскай царквы вёскі Ястрамбель: Іаан Лаўроўскі (1889), Іаан Лукашэвіч (1893), Іосіф Кезевіч (1895—1908), Канстанцін Радзівіновіч (1910), Стэфан Сінякоў (1912—1915) (даты пададзены па гадах выхаду Памятных кніжак Мінскай губерніі).

АрхітэктураПравіць

Царква была вырашана кубападобным зрубам з глухім купалам над гонтавым дахам і прырубам апсіды. Вокны размешчаны ў адзін рад, мелася двое дзвярэй. Драўляны іканастас быў пафарбаваны ў карычневы колер, з пацямнеўшаю пазалотаю ў некаторых месцах, складаўся з 7 абразоў мясцовага пісьма.

На званіцы, размешчанай асобна, было тры званы вагою ў 5, 2 і 1 пуд.

ЛітаратураПравіць

  • Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007. -стар. 613.
  • «Візіты уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гг.» / Укладальнік Д. В. Лісейчыкаў. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2009. — 270 с., стар. 126—127.
  • Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202—213.
  • Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879.
  • Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён. Мінск, Белта, 2000, стар 647.
  • Памятныя кніжкі Мінскай губерніі на 1883, 1889, 1891, 1893, 1895, 1898, 1900, 1902, 1905, 1907, 1908, 1910, 1912, 1913, 1915 гады.

СпасылкіПравіць