Северо-Западная жизнь
«Северо-Западная жизнь» — штодзённая грамадска-палітычная газета вялікадзяржаўнага шавіністычнага кірунку, орган «Беларускага таварыства». Выдавалася з 10(23) жніўня 1911 да 5(18) верасня 1915 спачатку ў Вільні, з 23 сакавіка (4 красавіка) 1912 у Гродне, з сакавіка 1913 у Мінску на рускай мове. Рэдактар-выдавец Л. М. Саланевіч, часовыя рэдактары яго брат С. Саланевіч, І. Цярлецкі, М. Міхальскі, таксама часовы рэдактар-выдавец І. Саланевіч. Усяго выйшла каля 110 нумароў.
«Северо-Западная жизнь» | |
---|---|
Тып | газета |
Выдавец | Беларускае таварыства |
Заснавана | 1 студзеня 1911 |
Спыненне публікацый | 5 верасня 1915 |
Працягвала праграму газеты «Белорусская жизнь» у больш рэакцыйным кірунку. Стаяла на пазіцыях манархізма, заходнерусізма, падзяляла погляды рускіх нацыяналістаў. Адмаўляла энтнічную, нацыянальную і культурную самастойнасць беларускага народа, прызнавала толькі рэгіянальныя адрозненні краю ад Расіі. Газета ідэалізавала старадаўнюю дапятроўскую Русь на чале з царом-самадзержцам і Земскім саборам, прапагандавала утапічны ідэал «народнай манархіі». Праслаўляла асобу і эпоху цара Аляксея Міхайлавіча. Паводле надрукаванага ў газеце ананімнага артыкула «Ліквідацыя пальшчызны пры першых царах дома Раманавых», менавіта цар Аляксей Міхайлавіч абвясціў пасля заняцця беларускай тэрыторыіі: «Католікам не быць, уніятам не быць, жыдам не быць, і жыцця ніякага не мець»[1].
Газета атрымлівавала дзяржаўную падтрымку царскага ўрада ў выглядзе грашовай субсідыі. Шматлікія матэрыялы былі прысвечаны апалагетыцы палітыкі прэм’ер-міністра П. Сталыпіна, у тым ліку яго аграрнай рэформе, увядзенню земстваў ў Заходніх губернях і г.д. Пасля гібелі Сталыпіна спрабавала «ўплываць на ўрад і на мясцовых агентаў урадавай улады». За абвінавачванне ўрада ў супрацоўніцтве з масонамі і здрадніцкім «лібералізме» ў адносінах да Польшчы рэдактара газеты некалькі разоў штрафавалі. Крытыка рэвалюцыйнага руху вялася ў газеце выключна з антысеміцкіх пазіцый. Вяла барацьбу з прадстаўнікамі беларускага нацыянальнага адраджэння, абвінавачвавала газету «Наша ніва», Янку Купалу і іншых пісьменнікаў у сепаратызме і дзяржаўнай здрадзе.
Зноскі
- ↑ Северо-Западная жизнь, 10 марта 1913 г.
Літаратура
правіць- Конан, У. М. «Северо-Западная жизнь» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. — С. 274.