Белорусская жизнь

грамадска-палітычная газета
(Пасля перасылкі з Северо-западная жизнь)

«Белорусская жизнь» — штодзённая грамадска-палітычная газета праваакцябрысцкага кірунку, орган «Беларускага таварыства». Выдавалася 9(22) лютага 1909 (пробны нумар) і з 1(14) студзеня да 9(22) жніўня 1911 г. у Вільні на рускай мове. Рэдактары Л. М. Саланевіч, П. В. Каранкевіч.

«Белорусская жизнь»
Арыгінальная
назва
руск.: Белорусская жизнь
Тып газета
Заснавана 9 (22) лютага 1909 і 1 (14) студзеня 1911
Спыненне публікацый 9 (22) жніўня 1911
Палітычная прыналежнасць заходнерусізм
Мова руская

Выдавец А. С. Кудзерскі планаваў выданне газеты на 2 мовах (рускай і беларускай), але, атрымаўшы дазвол, адмовіўся ад беларускамоўнага варыянта. Газета, як і «Беларускае таварыства», стаяла на пазіцыях заходнерусізму, адмаўляла самабытнасць беларускага народа, выступала за яго русіфікацыю, паступовую замену беларускай мовы рускай. Шляхам сацыяльнай дэмагогіі і палітычнай мімікрыі выдаўцы газеты спрабавалі падладзіцца пад беларускі нацыянальна-культурны рух, перахапіць ідэі газеты «Наша ніва», надаўшы ім супрацьлеглы, вялікадзяржаўна-шавіністычны сэнс. У пробным нумары (9 лютага 1909 г.) выдаўцы змясцілі статут «Беларускага таварыства» і абвясцілі сябе органам «свядомай» беларускай інтэлігенцыі, а эпоху ВКЛ — «самым светлым перыядам у гісторыі нашага народу». Аднак у артыкуле Саланевіча «Нашае нацыянальнае самавызначэнне і наша пазіцыя ў польскім пытанні» (той жа нумар) адмаўлялася нацыянальная і культурная самастойнасць беларусаў як «непадзельнай часткі рускага народа». За публікацыю паведамлення «Пакаранне смерцю» ўлады арыштавалі тыраж пробнага нумара і прыпынілі выданне.

Аднавіўшы газету ў студзені 1911 г., Саланевіч і новы выдавец Каранкевіч працягвалі лінію на русіфікацыю беларускага народа. Разглядаючы сацыяльную і нацыянальную структуру насельніцтва краю, газета абвясціла беларусаў «вялікай рускай большасцю Паўночна-Заходняга краю», запэўнівала чытачоў, быццам беларуская мова — гэта руская, часткова засмечаная польскімі і іншымі ўплывамі, і пры «нармальным развіцці» яна «пяройдзе ў рускую народную мову» (1 студзеня 1911 г.). У газеце прасоўвалася думка, што ўсе палякі ў краі — «клас памешчыкаў», яўрэі — «клас мяшчанскі, гандлёвы, гарадскі», а беларусы («рускія») — «клас выключна сялянскі, сельскі» (15 студзеня 1911 г.). У цыкле артыкулаў «Беларусы ў мінуўшчыне» ананімны аўтар, скажаючы гісторыю, прыпісваў беларусам стварэнне «рускай культуры» ў ВКЛ і ператварэнне яго ў «рускую дзяржаву». Газета з правых пазіцый крытыкавала царскі ўрад за перабольшванне ролі «розных беларускіх суполак», створаных быццам бы групкай «польскай вучнёўскай моладзі» і некалькімі прадстаўнікамі з «велікарускага асяроддзя» (16 студзеня 1911 г.). Карыстаючыся гэтай шавіністычнай меркай, газета шальмавала «Нашу ніву», называла беларускіх пісьменнікаў і іншых дзеячаў нацыянальнай культуры палякамі, якія апрануліся ў беларускую світку (15 чэрвеня 1911 г.). Патрабавала ад беларусаў схіліцца перад памяццю М. М. Мураўёва — душыцеля паўстання 1863—1864 гг., расхвальвала палітыку П. А. Сталыпіна. Газета атрымала прывітальны ліст ад лідара партыі акцябрыстаў А. І. Гучкова (15 студзеня 1911 г.).

У газетных рубрыках публікавалася інфармацыя пра сельскагаспадарчыя выстаўкі, друкаваліся (у недасканалых запісах) фрагменты беларускіх песень, паданняў, этнаграфічных апісанняў, змяшчаліся ўрыўкі з хрэстаматыйных твораў рускіх пісьменнікаў.

З 10(23) жніўня 1911 г. выходзіла пад назвай «Северо-Западная жизнь»

Зноскі

Літаратура правіць