Слуцкія замкі
Слуцкія замкі існавалі ў 15—18 стст. y г. Слуцк Мінскай вобласці. Размяшчаліся ў абалоне р. Случ. Складаліся з Верхняга (Горнага), Ніжняга (Дольнага) і Новага (Цытадэлі) замкаў.
Верхні замак
правіцьВерхні (Горны) замак займаў прыродную выспу авальнай формы памерам 80 х 100 м, якая ўзвышалася над поймай р. Случ на 5—7 м y сутоках яе з р. Бычок. У 11—14 стст. тут размяшчаўся дзядзінец летапіснага Случаска. Першыя звесткі пра Верхні замак адносяцца да 1409 года, калі ён згадваецца як умацаванне на насыпаным «капцы» з драўлянымі сценамі і вежамі. Па перыметры пляцоўкі быў насыпаны глініста-пясчаны вал шырынёй y аснове 22 м і вышынёй больш за 4 м. 3 боку поля вал апяразваўся ровам шырынёй 25 м і глыбінёй каля 2 м. Схілы замка былі ўмацаваны дубовымі завостранымі на конус палямі даўжынёй 4—6 м. Паводле інвентарных апісанняў Слуцка за 1627, 1728, 1791, 1793 і 1800, Верхні замак займаў плошчу каля 1,5 га. Цераз абарончы роў быў перакінуты пад'ёмны мост з парэнчамі, які вёў да ўваходнай замкавай брамы. Над ёй мелася высокая вежа з гадзіннікам. На вежы знаходзіўся пакрыты пазалотай медны шар з выявай арла на ім. Замкавая брама мела 4 ярусы бою. Яшчэ ў 1791 тут размяшчаліся 3 гарматы. На восі ўезду стаяў І-павярховы палац з часаных брусоў на падмурку.
Ніжні замак
правіцьНіжні (Дольны) замак размяшчаўся на паўночным усходзе ад Верхняга замка (на месцы былога вакольнага горада) і быў аддзелены ад яго запоўненым вадой ровам. Гэты замак быў на 2—3 м ніжэйшы за Верхні і меў выгляд няправільнага чатырохвугольніка плошчай 1,9 га. Ён ахоўваўся земляным валам і драўляным парканам. Паводле інвентара 1687, тут стаялі 3 палацы, зрубленыя з часанага бруса на падмурку, вазоўня, замкавая стайня і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Верхні і Ніжні замкі абмываліся водамі р. Бычок з дапамогай плацін і штучнага рова, які злучаў р. Бычок з р. Случ. У 18 стагоддзі гэтыя замкі мелі назву «Земляны замак».
Новы замак
правіцьНовы замак (Цытадэль) размяшчаўся на левым беразе р. Случ на тэрыторыі Новага места (горада). Ён меў форму квадрата плошчай 1,1 га з 4 бастыёнамі і адным равелінам. На бастыёнах і курцінах стаялі драўляныя вежы, што не ўласціва для заходне-еўрапейскай бастыённай фартыфікацыі. Новы замак быў абкружаны вадзяным ровам, злучаным з р. Случ патаемным шлюзам. Уваход y цытадэль вёў цераз мост і браму, якая знаходзілася ў тоўшчы вала. Яна была 1-павярховая і мела вароты з 2 палотнішчаў, збітых з дубовых дошак. Новы замак уваходзіў y сістэму знешніх умацаванняў Слуцка 17—18 ст.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15), С. 34-35.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх