Спасава слабада — гістарычны раён Гомеля, размешчаны на тэрыторыі старажытнага пасада горада, у раёне вуліц Гагарына, Камісарава, Пралетарскай, Пляханава, Фрунзэ.

Гісторыя

правіць
 
Мемарыяльная дошка на месцы былога гомельскага пасада

Яшчэ ў часы Кіеўскай Русі тут размяшчаўся паўднёвы пасад горада. Згодна з дадзенымі раскопак археолага Алега Макушнікава, гэты раён цягнуўся ад ручая Гамяюк да Ільінскага спуска. Тут былі знойдзены бронзавыя крыжы–«машчавікі», шкляныя і металічныя бранзалеты, кераміка[1].

Мясцовыя жыхары займаліся хлебаробствам, ахотай, ганчарным промыслам, прадзеннем, ткацтвам, тут былі знойдзены прымітыўныя горны, ў якіх варылі метал і ямы, у якіх курылі смалу і дзёгаць. Але, як лічаць археолагі, у паўднёвым пасадзе пераважаў сельскі побыт[1].

Пачынаючы з другой паловы 12-а стагоддзя жыццё на значнай частцы паўднёвага пасада стала прыходзіць у заняпад[1].

Узнікненне Спасавай слабады адносіцца да 17-а стагоддзя, калі праз мяжу, якая падзяляла Вялікае Княства Літоўскае і Рускую дзяржаву, пачалася масавая міграцыя старавераў, якія шукалі магчымасць свабодна здзяйсняць набажэнствы, і якіх прываблівалі чуткі аб аб непраходных лясах, адсутнасці падвойных падаткаў і пашпартоў, а таксама аб гатоўнасці мясцовых уладаў саступаць ім зямлю (гомельскія старасты сапраўды не перашкаджалі міграцыі). Адно са стараверскіх паселішчаў, вядомае пад назвай Спасава Слабада, узнікла на адлегласці ў палову вярсты ад Гомельскага замка. У слабадзе налічвалася да 100 двароў. Яе жыхары лічыліся дастаткова ўплывовымі і заможнымі (пасля ўзвядзення там у сярэдзіне 18 стагоддзя Праабражэнскай царквы яны настойвалі на ўсталяванні ў Спасавай слабадзе стараверскай епіскапскай кафедры). У канцы 18—19 вяках Спасава слабада стала тыповым гарадскім пасадам. У пачатку ХІХ ст. стала адным з месцаў, куды падлягалі перасяленню жыхары Гомеля ў сувязі са зносам забудовы старога горада[2].

У апісаннях Гомеля 19—пач. 20 стагоддзяў там адзначаліся рознакаляровыя драўляныя дамкі, акружаныя садамі і гародамі, парадак і чысціня, кветкі ў дварах, кветніках і на вокнах, нязменны васьміканцовы крыж ці абразок над кожнымі варотамі, лаўкі з падлакотнікамі і навесы над веснічкамі на драўляных кранштэйнах.

Да пачатку 20-а стагоддзя тут ужо меліся лакавы завод, чугуналіцейная, кравецкая, карэтная майстэрні. Функцыянавала грамадская лазня. Тут жа дзейнічала фабрыка цэментна-бетонных і мазаічных вырабаў «Геркулес», якая належала Гарохаву. На вуліцы Спаскай (цяпер Пляханава) знаходзілася кантора завода «Бетаніт» Шабунеўскага, якая размясцілася ў доме яго памошніка Шчэкудава[1].

На сённяшні дзень тэрыторыя былога пасада ўваходзіць у Цэнтральны раён горада, яе тэрыторыя забудаваная дамамі пераважна 1950—1970-х гадоў. Каларыт былога стараверскага паселішча часткова захаваўся толькі ў кварталах індывідуальнай сядзібнай забудовы (Ільінскі спуск, частка вул. Камісарава, вул. Пляханава, завулак Пралетарскі). Частцы дамоў старой забудовы па вуліцы Пралетарскай нададзены статус гісторыка-культурных помнікаў[1]. На тэрыторыі Спасавай слабады знаходзяцца стараверскія Ільінская і Праабражэнская цэрквы, Бальніца хуткай дапамогі, НДІ лесу, Гомельскі педагагічны каледж.

У межах тэрыторыі былой Спасавай слабады ў сувязі з рэканструкцыяй аўтамабільнага моста праз Сож і пашырэннем вуліцы Фрунзэ адбылася істотная «падрэзка» тэрыторыі раёна, амаль да самой Ільінскай царквы, якая пакуль узвышаецца нібыта ў цэнтры нейкага аазіса з прыватных дамоў[3]

Галерэя

правіць

Зноскі

  1. а б в г д Граф Румянцев, купцы-старообрядцы, предводитель дворянства, нэпманы: кого спасала Спасова Слобода Архівавана 30 снежня 2017.
  2. Морозов, В. Ф. Гомель классический: эпоха, меценаты, архитектура / В. Ф. Морозов. — Минск : Четыре четверти, 1997. — С. 140.
  3. Где можно встретить старообрядцев в Гомеле Архівавана 5 красавіка 2017.

Літаратура

правіць
  • Гомель. Энциклопедический справочник. Мн.: БелСэ, 1991. — 527 с.

Спасылкі

правіць