Станіслаў Каласанты Роек

Станіслаў Каласанты Роек (польск.: Stanisław Kalasanty Rojek; 5 лістапада 1908, Грэмбоцін, Польшча — 6 кастрычніка 1996, Ліда) — рымска-каталіцкі дзеяч, ксёндз.

Станіслаў Каласанты Роек
Нараджэнне 5 лістапада 1908(1908-11-05)
Смерць 6 кастрычніка 1996(1996-10-06) (87 гадоў)
Пахаванне

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 15 лістапада 1908 года ў Грэмбоціне (у наш час прыгарад Торуні). У 17 гадоў уступіў у ордэн піяраў, у 22 гады прынёс вечныя манаскія зарокі. У 1935 годзе пасвечаны на святара Кракаўскім мітрапалітам Адамам Стэфанам Сапегам. Апроч багаслоўскай адукацыі, вучыўся на факультэце паланістыкі Ягелонскага ўніверсітэта. 29 ліпеня 1939 года адпраўлены ў Ліду, першапачаткова планавалася, што Станіслаў Роек правядзе ў Лідзе адзін год, пакуль яго папярэднік будзе сканчаць сваё навучанне ў Польшчы. З прычыны пачатку Другой сусветнай вайны і далучэння Заходняй Беларусі да БССР Станіслаў Роек не стаў вяртацца ў Кракаў і застаўся ў Лідзе. Апроч святарскай дзейнасці выкладаў польскую мову, гісторыю.

Пасля заняцца Ліды нямецкімі войскамі, у час савецкага авіяналёту ўзнік пажар у касцёле піяраў, які, аднак, быў аператыўна патушаны айцом Станіславам разам з астатнімі піярамі. У жніўні 1944 года пераведзены ў Шчучын, дзе змяніў Канстанціна Канеўскага, які асцерагаючыся прыходу савецкіх войскаў з’ехаў у Польшчу. Служыў у Шчучыне да сакавіка 1949 года, пасля чаго быў пераведзены назад у Ліду, бо меліся звесткі, што супраць Станіслава Роека ў Шчучыне рыхтавалася правакацыя з боку савецкіх улад.

11 лістапада 1951 года амаль усе каталіцкія святары Ліды былі арыштаваны ўладамі, пасля гэтага Станіслаў Роек быў пераведзены на пасаду настаяцеля Крыжаўзвіжанскага касцёла. У 1963, 1964 і 1965 гадах на жыццё Станіслава Роека былі здзейснены тры няўдалыя замахі. У 1970 годзе ўлады забаранілі Станіславу Роеку працягваць служыць у Лідзе і запатрабавалі ад царкоўных уладаў перавесці святара ў невялікі пасёлак Жалудок. Гродзенскі дэкан Міхал Арановіч прасіў айца Станіслава пагодзіцца на перавод, каб не абвастраць адносіны з савецкімі ўладамі. Станіслаў Роек не пагадзіўся на свой перавод і застаўся ў Лідзе, пасля чатырох месяцаў пастаянных пісьмаў вернікаў з патрабаваннем вярнуць Станіслава Роека, дазвол на святарскую дзейнасць у Лідзе быў вернуты.

Пасля распаду Савецкага Саюза, дамагаўся ад уладаў Ліды вярнуць каталікам касцёл піяраў, які ў 1958 годзе быў пераўтвораны ў планетарый. Аднак гарадскія ўлады ў выніку прынялі рашэнне перадаць касцёл Рускай праваслаўнай царквы. Неўзабаве пасля гэтага 6 кастрычніка 1996 года Станіслаў Роек памёр.

Пахаваны ля сцяны Фарнага касцёла, у якім ён душапастырстваваў палову стагоддзя.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Ірэна Стасевіч-Ясюкова. Станіслаў Роек. // Беларускія рэфераты

Спасылкі правіць