Стараверы ў Беларусі

Стараверы ў Беларусі — этнаканфесійная група рускіх у Беларусі.

Калі ідзе гаворка аб рускай меншасці на Беларусі, то неабходна памятаць пра тое, што не заўсёды можна ўспрымаць рускае насельніцтва як адну супольнасць. Навукова карэктным выглядае вылучэнне стараабраднікаў у асобную меншасць, як групу з уласным гістарычным лёсам, культурным комплексам і асобнай самасвядомасцю, сфармаванай пад уплывам спецыфічнай рэлігійнай традыцыі. Не зважаючы на жыццё ў іншаэтнічным і іншакультурным асяроддзі, стараабраднікі захавалі свае культурныя асаблівасці, якія вылучалі гэтую меншасць сярод мясцовага насельніцтва.

Гісторыя

правіць

Першай сталай групай рускіх на Беларусі з’явіліся стараверы (стараабрадцы), якія ў сярэдзіне XVII ст. рассяліліся на беларускіх землях. У Маскоўскай дзяржаве ў першай палове XVII ст. адбылася рэформа Рускай праваслаўнай царквы. Яна раскалола грамадства на тых, хто падтрымаў змены, і на тых, хто адмовіўся. Апошніх пачалі называць стараверамі. Супраць іх улада праводзіла палітыку рэпрэсій, якая вымушала да эміграцыі. Значная частка тых, хто не прыняў царкоўную рэформу, адразу ж накіравалася ў Рэч Паспалітую. Стараверы (сучасная навуковая традыцыя выкарыстоўвае менавіта гэты тэрмін як больш карэктны, чым «старавер») заснавалі на беларускіх землях два буйныя цэнтры — вакол Браслава і Відзаў (Падзвінне) і вакол Веткі (Палессе).

Рассяленне па гэтых регіёнах знаходзілася ў цеснай сувязі з існаваннем сярод старавераў дзвюх плыняў — папоўства і беспапоўства. Папоўцы мелі сваіх святароў і ўвесь духоўны лад, прызнавалі таінствы пасвячэння і памазання. У папоўства вылучылася найбольш заможная частка стараабраднікаў, якая з прычыны свайго эканамічнага становішча прыязна ставілася да дзяржавы. Менавіта папоўцы стварылі Веткаўскі цэнтр стараабрадніцтва, які з цягам часу стаў найбуйнейшым і сфарміраваў асобную плынь папоўства — Веткаўскі саглас (саглас, ці «сагласіе» — аб’яднанне старавераў, носьбітаў асобнай сістэмы рэлігійных уяўленняў). Веткаўскія папоўцы ў абрадавай практыцы адрозніваліся ад іншых папоўскіх сагласаў — дыяканаўскага і епіфанеўскага.

У Падзвінні рассяляліся пераважна беспапоўцы. Яны адмаўляліся ад інстытута святарства і таінстваў, дзе былі патрэбныя святары, — еўхарыстыі і шлюбу. Гэтая плынь стараабрадніцтва характарызавалася стыхійнасцю пратэсту супраць сацыяльнага зла, пошукам праўды як нябеснай, так і зямной. Беспапоўства падзялялася на вялікую колькасць кірункаў (сагласаў), самымі буйнымі сярод якіх былі паморскі, федасееўскі, філіпаўскі (спальшчыкі), нетаўскі і пастуховы. Сацыяльнай базай радыкальных сагласаў з’яўляліся сяляне, якія згубілі сувязь са сваёй абшчынай. Органы кіраваня дзяржавай успрымаліся беспапоўцамі як антыхрыставы служкі, менавіта таму да дзяржаўнасці былі негатыўныя адносіны. Кіраўніцтва Рэчы Паспалітай па-рознаму ставілася да плыняў стараабрадніцтва. Радыкальныя абшчыны Падзвіння неаднаразова падвяргаліся нападам войскаў Рэчы Паспалітай, а веткаўскія папоўцы, наадварот, мелі вельмі добрыя адносіны з уладамі.

Спецыяльная камісія на чале з А. Пацеем была накіравана ў 1690 г. у Ветку для азнаямлення з папоўскімі слабодамі. Даследаванне праводзілася па чатырох напрамках: «о родопроисхождении; о вере; о жизни; о количестве». Камісія, праца якой была ініцыявана каталіцкай царквой, прыйшла да высновы, што веткаўскія папоўцы не ствараюць пагрозы для дзяржавы. Каталіцкая царква разглядала стараабраднікаў, як групу адыходзячых ад праваслаўя. Таму кароль Рэчы Паспалітай Ян III Сабескі ў 1691 г. дазволіў супраціўнікам рэлігійнай рэформы праваслаўнай царквы свабодна жыць у дзяржаве.

Міграцыя старавераў на тэрыторыю сучаснай Беларусі негатыўна ўспрымалася ўладамі Маскоўскай дзяржавы. Гэта справакавала карную экспедыцыю палкоўніка Сыціна ў 1735 г., падчас якой былі спустошаны веткаўскія слабоды. Большасць насельніцтва (паводле некаторых звестак, каля 14 тыс. старавераў) была выселена ў Расійскую імперыю. Трагічныя падзеі паўтарыліся ў 1764 г. Частка старавераў, якой пашанцавала выратавацца ад дэпартацыі, рассялілася па ўсім Мінскім ваяводстве. Захопленых рускімі войскамі старавераў высылалі ў Сібір і на Алтай. Абшчыны тых, хто не прызнаў царкоўную рэформу, занялі ў Беларусі пустуючыя сацыяльна-эканамічныя нішы. Яны імкнуліся жыць ізалявана ад навакольнага насельніцтва. Мясцовае беларускае жыхарства не ўспрымала мігрантаў як канкурэнтаў, таму канфліктаў паміж імі не адбывалася. Стараверы лічыліся добрымі і працавітымі гаспадарамі. Землеўладальнікі імкнуліся рассяліць іх менавіта на сваёй зямлі, прапаноўвалі льготныя ўмовы арэнды.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай міграцыйныя хвалі на тэрыторыю Беларусі працягваліся і ў асноўным былі звязаны са стараверамі.

Колькасць старавераў да 1914 года дасягнула 100 тыс. чалавек. У 1993 годзе дзейнічала 26 абшчын[1].

Культура

правіць

Дэкаратыўнае мастацтва

правіць

У межах асобнай рэлігійнай традыцыі старавераў вылучалася веткаўская школа кніжнай графікі і арнамента. Для яе былі характэрны спалучэнне «старадрукаванага» стылю са стылем «маскоўскага барока», шырокае выкарыстанне расліннага арнамента. У застаўках і буквіцах выкарыстоўваліся выявы жывёл, птушак і насякомых. Кнігі мелі багатую каляровую гаму. Набыла вядомасць веткаўская школа іканапісу, для якой было характэрна спалучэнне старажытных традыцый з новымі элементамі ў тэхніцы. Спалучэнне канонаў візантыйскай і рускай праваслаўных цэркваў з тэхнікай маскоўскіх, наўгародскіх, украінскіх і беларускіх майстроў тлумачыцца тым, што Ветка мела статус рэлігійнага цэнтра старабрадніцтва, да якога імкнуліся ўсе выдатныя майстры.

Гаспадарка

правіць

Асноўнымі заняткамі стараабраднікаў былі земляробства і жывёлагадоўля. Яны дапаўняліся рамесніцтвам і адыходнымі промысламі. З XVIII ст. сярод стараабраднікаў пашыраюцца заняткі гандлем. Стараабраднікі Беларусі мелі шчыльныя сувязі з усімі страабрадніцкімі абшчынамі, што вельмі спрыяла развіццю гандлю. Галоўную ролю адыгрывалі веткаўскія купцы, якія былі пасрэднікамі ў гандлі з Расіяй. Гандлявалі збожжам, соллю, жывёлай, лесам, футрам.

Паселішчы

правіць

Планіроўка паселішчаў залежала ад умоў бяспекі, ландшафту і геаграфіі рэгіёна, а таксама ад структуры землекарыстання. Тып пасялення ў папоўцаў і беспапоўцаў адрозніваўся. Так, на Падзвінні, дзе былі раскіданы маладворныя паселішчы беспапоўцаў, назіралася бессістэмная планіроўка гнездавога ці кучавога тыпу. Папоўскія слабоды на Ветцы былі даволі вялікімі і мелі першапачаткова грабеньчаты тып забудовы, а з сярэдзіны XVIII ст. — ужо вулічны. Сама Ветка даволі хутка ператварылася ў паселішча гарадскога тыпу. Гістарычна на тэрыторыі Беларусі сярод старавераў быў распаўсюджаны замкнёны тып двара. Паступова з’явіліся двары крытага тыпу, калі хата і хлеў мелі агульную страху. Да хаты далучаліся клеці, вазоўня і інш. Практыкавалася існаванне патаемнага ходу са двара. Двор абавязкова меў лазню. Хата аздаблялася разьбой па дрэве. Існаваў нават тэрмін «веткаўская разьба», што сведчыла пра яе адметнасць, выразную мастацкасць. Патрэбна адзначыць, што стараверская абшчына Беларусі мела пэўную сацыяльную стратыфікацыю, у адпаведнасці з якой існавалі досыць розныя культурныя комплексы: сялян і мяшчан, заможных і збяднелых, земляробаў і гандляроў і г. д. Напрыклад, стараверы-мяшчане мелі даволі вялікія шматпакаёвыя дамы з арыгінальным інтэр’ерам.

Адзенне

правіць

Адзенне старавераў таксама адрознівалася ад строю мясцовага насельніцтва. У аснове жаночага комплексу адзення былі сарафан і кашуля. Кашулю шылі з палатна ці каленкору, наверх надзявалі стракаты сарафан або спадніцу. На спадніцу абавязкова надзявалі яркі фартух. Сукенкі шылі з паркалю, шоўку ці шэрсці. Галаўныя ўборы дзяўчат адрозніваліся ад жаночых. Дзяўчаты запляталі валасы ў адну касу. Для жанчын абавязковым быў галаўны ўбор. Узімку насілі футравыя шапкі ці павязкі з шэрсці. Тканіны, з якой было пашыта адзенне мяшчанак, былі даражэйшымі, чым у жанчын сялянак. Мужчынскае адзенне сялян таксама адрознівалася ад мяшчанскага ці купецкага. Сяляне насілі кашулі навыпуск з палатна ці паркалю з касым каўняром. Пад пахамі рабілі трохвугольныя ўстаўкі з другой тканіны. Шырокія шаравары з палатна падчас працы ўбіраліся ў боты ці лапці. На кашулю абавязкова надзявалі безрукаўку-паддзёўку з сукна. На галаве насілі каўпак ці картуз. Узімку апраналі футра з аўчыны. Купцы і мяшчане насілі кашулі, шаравары, даўгаполы кафтан і боты (жоўтыя або чырвоныя). Кашуля падпярэзвалася паяском. Асобным відам адзення была камізэлька. Зімой насілі доўгае футра, якое сведчыла аб заможнасці. Ежа старавераў захавала традыцыі рускай кухні.

Асноўнымі былі стравы з капусты, розныя кашы, квас. Забараняўся тытунь і алкаголь. Чай і кава лічыліся «нячыстымі» і «антыхрыставымі». Цікавым быў вясельны абрад старавераў. Ён адрозніваўся ад праваслаўных традыцый. Благаслаўленне святара замяніла бацькоўскае. Шлюб, з аднаго боку, прызнаваўся свяшчэнным, а з другога — лічыўся грахоўным. На вяселлі ў большасці абшчын было забаронена прысутнічаць непашлюбаванай моладзі. Абавязковымі на вяселлі лічыліся гарэлка, мядовыя пернікі і стравы з грыбамі.

Галерэя

правіць

Зноскі

Літаратура

правіць
  • Т. А. Навагродскі [і інш.] Этналогія Беларусі: традыцыйная культура насельніцтва ў гістарычнай перспектыве. Вучэб.-метад. дапам. — Мінск, БДУ, 2009. — 335 с. іл. — ISBN 978-985-518-121-8
  • Гарбацкі, А. А. Стараабрадніцтва на Беларусі ў канцы ХVII — пачатку XX ст. / А. А. Гарбацкі. — Брэст, 1999.
  • Короткая, Т. Н. Старообрядчество в Белоруссии / Т. Н. Короткая, Е. С. Прокошина, А. А. Чудникова. — Минск, 1992.
  • Никольский, Н. М. История русской церкви / Н. М. Никольский. — М., 1985.
  • Іваноў, У. Стараверы і злябы // Наша гісторыя, № 1, 2018. — С. 64—67. — ISBN 2617—2305
  • Стараве́ры, раскольнікі // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 684. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі

правіць