Пра Еўропу эпосе неаліту гл. Неалітычная Еўропа

Старая Еўропа (англ. Old Europe) — тэрмін, які ў 1974 г. увяла ў абарот Марыя Гімбутас для абазначэння даіндаеўрапейскай Еўропы часоў энеаліту. З яе пункта гледжання, балканскія, мальтыйскія і цэнтральнаеўрапейскія культуры размаляванай керамікі ўяўлялі сабой міралюбнае аграрнае грамадства з элементамі матрыярхату, якое пачытала розных багінь, з развітым культам урадлівасці (у міжземнаморскіх народаў — быка).

Неалітычная фігура спячай жанчыны з гіпагея Хал-Сафліені.

Характарыстыкі

правіць

У адрозненне ад мегалітычных культур ускраін Еўропы (гл. дакельцкае насельніцтва Заходняй Еўропы), народы «Старой Еўропы» не пакінулі пасля сябе такіх грандыёзных помнікаў, як Стоўнхэндж. Аднак пра іх культуру і рэлігію ўсёткі можна меркаваць як па археалагічных даных (асноўныя культуры — Трыполле, Вінча, Лендэль, лейкападобных кубкаў), так і па гістарычных сведчаннях пра народы, якія меркавана прадстаўляюць даіндаеўрапейскі этнічны субстрат (мінойцы, сікулы, іберы, баскі, лелегі, пеласгі).

 
Мегалітычны гіпагей Халь-Сафліені (III тыс. да н.э.), паводлк Гімбутас, мае форму матчынага ўлоння

Уздзеянне народаў Старой Еўропы на культуру індаеўрапейцаў адрозніваецца ў залежнасці ад рэгіёна. У класічнай антычнасці водгаласамі Старой Еўропы лічацца культы багінь (Багіня са змеямі, Афрадыта, Дэметра), шанаванне быкоў на Крыце (гл. Мінатаўр, таўракатапсія, лабрыс) і ў Іберыі, талерантнае стаўленне да сужыцця асоб аднаго пола (гл. гомасексуальнасць у Старажытнай Грэцыі).

Жыхары Старой Еўропы не ведалі ганчарнага круга і кола. У адрозненне ад індаеўрапейцаў, якія сяліліся ў «полісах» на ўмацаваных месцах накшталт узгоркаў, яны жылі ў сёлах на раўнінах невялікімі паселішчамі (на Балканах існавалі населеныя пункты, разлічаныя на 3000-4000 жых.) Гімбутас меркавала, што рэліктавым астраўком іх мовы і культуры застаецца Басконія:

Няма ніякага сумневу, што баскі — жывыя стараеўрапейцы, традыцыі якіх ідуць прама з часоў неаліту. Шматлікія аспекты стараеўрапейскай культуры — шанаванне багінь, месяцавы каляндар, атрыманне спадчыны па жаночай лініі і вядзенне жанчынамі сельскай гаспадаркі — захоўваліся ў Краіне Баскаў аж да XX стагоддзя.[1]

Да канца жыцця Гімбутас прыйшла да вельмі спрэчных высноў, што плямёны Старой Еўропы размаўлялі на адным дыялекце і нават выкарыстоўвалі пісьмо (гл. тэртэрыйскія надпісы).

Гімбутас была пераканана, што ў IV тыс. да н.э. канец Старой Еўропе паклалі ўварванні ваяўнічых стэпавікоў-індаеўрапейцаў (курганная гіпотэза). Тады плямёны Старой Еўропы былі знішчаны або асіміляваны індаеўрапейцамі, а культ быка змяніўся культам каня.

Культ Багіні

правіць
 
Мінойскія багіні са змеямі

Адным з ключавых становішчаў вучэння Гімбутас пра стараеўрапейцаў было панаванне на Блізкім Усходзе і ў Міжземнамор'і з часоў палеаліту культу Трыадзінай багіні, які дажыў да класічнай антычнасці ў форме Элеўсінскіх містэрый.

Паводле меркавання Гімбутас, галоўная багіня Старой Еўропы ўспрымалася як адзінства трох іпастасяў, якія сімвалізавалі:

  • нараджэнне і ўрадлівасць (фігуры «неалітычных венер»),
  • смерць (спадарожнікі багіні — атрутныя змеі і драпежныя птушкі),
  • адраджэнне да жыцця (сімволіка матчынага ўлоння і зараджэнне жыцця ў выявах матылёў, пчол, жаб, вожыкаў і быкоў).

Успрыманне

правіць

Вучэнне Гімбутас не атрымала падтрымкі ў навуковай супольнасці[2]. Апаненты паказваюць на шэраг дапушчаных ёю спрашчэнняў і абагульненняў, а таксама на настальгічную ўтапічнасць рамантычнай ідэалізацыі стараеўрапейцаў у рэчышчы сучаснага фемінізму[3][4].

Разам з тым канцэпцыя «Старой Еўропы» была падхоплена экафемісцкімі групамі, якія склалі т.зв. «рух Багіні»[5]. Гімбутас была празвана «хроснай маці» гэтага кірунку ў неаязычніцтве[6]. Нароўні з «Белай багіняй» Р. Грэйвса яе сачыненні ляглі ў аснову культу Трыадзінай багіні ў вікан.

Канцэпцыю Гімбутас пра сутыкненне мірнага даіндаеўрапейскага матрыярхальнага грамадства з ваяўнічым патрыярхальным індаеўрапейскім прапагандавала амерыканская пісьменніца-феміністка і антраполаг Рыяна Айслер у кнізе-бэстсэлеры «Кубак і меч».

Гл. таксама

правіць

Літаратура

правіць
  • Гимбутас, Мария. Цивилизация Великой Богини. М. 2005.
  • Gimbutas, Marija (1982). The Goddesses and Gods of Old Europe: 6500-3500 B.C. Berkeley: University of California Press. ISBN 0-520-04655-2
  • Anthony, David, Jennifer Y. Chi (Editor). The Lost World of Old Europe: The Danube Valley, 5000-3500 BC.

Спасылкі

правіць
  1. The living goddesses — Google Books
  2. Dever, William G. (2005) Did God Have A Wife?: Archaeology And Folk Religion In Ancient Israel. Wm. B. Eerdmans Publishing. p.307. ISBN 0-8028-2852-3, ISBN 978-0-8028-2852-1.
  3. Whitehouse, Ruth (2006). «Gender Archaeology in Europe», p.756, in Nelson, Sarah Milledge (ed.) (2006). Handbook of Gender in Archaeology. Rowman Altamira. ISBN 0-7591-0678-9, ISBN 978-0-7591-0678-9.
  4. Chapman, John (1998). «A Biographical Sketch of Marija Gimbutas» in Margarita Diaz-Andreu Garcia, Marie Louise Stig Sorensen (eds.) (1998). Excavating Women: A History of Women in European Archaeology. Routledge. pp.299-301. ISBN 0-415-15760-9, ISBN 978-0-415-15760-5.
  5. Gilchrist, Roberta (1999). Gender and Archaeology: Contesting the Past. Routledge. p.25. ISBN 0-415-21599-4, ISBN 978-0-415-21599-2.
  6. Talalay, Lauren E. (1999). (Review of) The Living Goddesses in Bryn Mawr Classical Review 1999-10-05