Культура лейкападобных кубкаў

Культура лейкападобных кубкаў (ням.: Trichter(-rand-)becherkultur) — археалагічная культура неалітычных і энеалітычных плямён, якія ў IV — III-м тысячагоддзях да н.э. жылі на тэрыторыі Паўночнай і Цэнтральнай Еўропы, сучаснай Польшчы, паўночна-заходняй часткі Украіны і (на познім этапе) паўднёва-заходняй часткі Беларусі. Назва па наяўнасці ў кераміцы кубкаў з лейкападобнай (канічнай) шыйкай.

Культура лейкападобных кубкаў
неаліт
Лакалізацыя Фрысландыя, Ютландыя, паўднёвы бераг Балтыйскага мора
Датаванне IVIII тыс. да н.э.
Тып гаспадаркі земляробства, жывёлагадоўля і паляванне
Пераемнасць
Эртэбёле
Свіфтэрбанцкая культура
Міхельсбергская культура
Хойніцка-пенькоўская культура
Культура шарападобных амфар
Люблінска-валынская культура
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лейкападобны кубак

Тэрыторыя рассялення правіць

Культура лейкападобных кубкаў ўзнікла на аснове сярэднееўрапейскіх мезалітычных культур пры ўдзеле культур дунайскага кола. Вылучаюцца 4 асноўныя этапы развіцця: ранні, класічны, позні і пазнейшы. У сярэдзіне IV-га тыс. да н.э. пачаўся перыяд дэзінтэграцыі і шматлінейнага развіцця культуры, які скончыўся знікненнем яе ў 2-й палове III-га тыс. да н.э. На позніх этапах развіцця распаўсюджвалася ва ўсходніх, паўднёва-ўсходніх накірунках, дасягнуўшы Усходняй Еўропы, дзе яна прысутнічала ў форме асобных паселішчаў, а таксама сінтэзаваных культурных элементаў у складзе мясцовых неалітычных культур (нёманскай, нарвенскай, усвяцкай, днепра-данецкай і інш.).

Ва ўсходняй частцы арэала (Валынь і Брэстчына) помнікі культуры лейкападобных кубкаў з'явіліся ў сярэднім неаліце (3,5 — 2,5 тыс. гадоў да н.э.). Іх уплыў на мясцовыя неалітычныя культуры Палесся прасочваецца да вусця Прыпяці (Цытылле Маларыцкага, Пішча Любомльскага раёна, Мнёва Чарнагаўскага раёнаў і інш.). Паселішчы сустракаюцца паміж вярхоўямі Заходняга Буга, Днястра і Прыпяці з цэнтрам на Валынскім узвышшы, элементы — у Панямонні, усходняй Прыбалтыцы і, напэўна, у Падзвінні. У Верхнім Панямонні ўплывы культуры выяўлены на лысагорскім этапе нёманскай культуры. Асобныя знаходкі з характэрнымі для культуры лейкападобных кубкаў прыкметамі адзначаліся на Ясельдзе (Носкі, Моталь), у нізоўях Тур’і (Серахавічы, Грылкі, Вулька Качынская). Вядома каля 50 паселішчаў, якія даследавалі А. Н. Цынкалоўскі, Ю. М. Захарук, Н. А. Пелешчышын. На думку некаторых вучоных, плямёны культуры лейкападобных кубкаў маюць дачыненне да этнагенезу старажытных германцаў.

Паселішчы, жытлы і гаспадарчыя пабудовы правіць

Адзначаюцца сталыя паселішчы вялікіх памераў на ўзвышаных і мысападобных участках берагоў каля шырокіх рачных далін, у т.л. ўмацаваныя валамі, равамі, драўлянымі агароджамі і інш., а таксама невялікія часовыя стаянкі на пясчаных пагорках. Жытлы — невялікія прамавугольныя ў плане зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя пабудовы слупавой канструкцыі сярэднім памерам 5х4 м. Будавалі таксама вялікія жытлы даўжынёй да 80 м з некалькімі памяшканнямі даўжынёй да 3 м кожнае. Унутры жытлаў размяшчаліся глінабітныя агнішчы, побач — гаспадарчыя ямы з абмазанымі глінай сценкамі дыяметрам 1,2 м.

Матэрыяльная культура і гаспадарчая дзейнасць правіць

Насельніцтва займалася аселым земляробствам (пшаніца, ячмень, радзей жыта, авёс, проса, гарох, чачавіца, лён і інш.), жывёлагадоўляй (разводзіла буйную і дробную рагатую жывёлу, свіней і інш.), паляваннем. Знаходзілася на стадыі патрыярхату. Глеба апрацоўвалася драўлянымі і рагавымі матыкамі, напэўна, раламі з выкарыстаннем валоў у якасці цяглавой сілы.

Сярод посуду — шматлікія тыпы амфар з вушкамі, кубкі, гаршкі, чарпакі з высокай фігурнай ручкай і інш., якія рабіліся з дамешкамі пяску і шамоту ў цесце, старанна загладжваліся і раўнамерна абпальваліся. Аздабленне складалася з адбіткаў лінейнага штампа, шнуравых арнаментаў, пракрэсленых ліній, пальцавых зашчыпаў, рэльефных выступаў і інш. На шыйках многіх пасудзін утвараўся «каўнерык». Рабіліся гліняныя прасліцы (канічнай і біканічнай форм, з ямкавым, шнуравым і іншым арнаментамі), грузікі цыліндрычнай формы, рытуальныя сякеркі. З гліны выраблялі таксама прасліцы, грузікі, рытуальныя сякеркі. Для крамянёвай вытворчасці характэрны тэхніка зняцця доўгіх пласцін, выраб прышліфаваных сякер, долатаў, скрабкоў і сярпоў на пласцінах, нажоў, трохвугольных наканечнікаў стрэл і інш. Насельніцтва асвоіла шахтавую здабычу высакаякаснай крамянёвай сыравіны, распаўсюджвала некаторыя катэгорыі вырабаў на вялікай адлегласці. Ужывалі каменныя зерняцёркі, шліфавальныя пліткі, старанна зашліфаваныя каменныя свідраваныя сякеры (у т.л. з гузаватым абухом, патоўшчанай сярэдняй і шырокай лязовай часткамі), якія часта выкарыстоўваліся ў якасці прадуктаў абмену. Ва ўжытак уваходзілі вырабы з медзі (прылады працы і ўпрыгажэнні), у т.л. мясцовай вытворчасці.

Пахавальны абрад правіць

Асноўны пахавальны абрад — трупапалажэнне ў выпрастаным стане на спіне. Сустракаюцца пахаванні з крэмацыяй. Пахаванні здзяйсняліся ў грунтавых могільніках, таксама ў мегалітычных грабніцах памерам да 130х15х3 м, зрэдку пад курганнымі насыпамі.

Літаратура правіць

  • Becker C.J. The introduction of farming into Northern Europe // Cahiers d'histoire mondiale. — 1955. — Vol. 2. — № 4. — P.
  • Kosko A., Szmyt M. Problem wschodniej rubieży kultur nneolitycznych Niżu Środkowoeuropejskiego: VI—III tys. BC // Wspólnota dziedzictwa kulturowego ziem Białorusi i Polski / red. A. Kośko. — Warszawa, 2004.
  • Obuchowski, W. Zabytki krzemienne i kamienne od paleolitu do wczesnej epoki żelaza z terenów Białorusi w zbiorach Państwowego Muzeum Archeologicznego w Warszawie / Wiktor Obuchowski; [tł. W. Obuchowski]; Ośrodek Ochrony Dziedzictwa Archeologicznego. — Warszawa: PMA, OODA, 2003. — 207 s.: il., mapy. — ISBN 83-917894-4-6.
  • Jażdżewski K. Kultura pucharów lejkowatych w Polsce zachodniej i środkowej. — Poznań, 1936. — (Biblioteka Prehistoryczna, Tom 2).
  • Археалогія Беларусі: у 4 т. / НАН Беларусі, Ін-т гісторыі. Т. 1: Каменны і бронзавы вякі / [Э. М. Зайкоўскі і інш.; рэдкал.: М. В. Біч (старшыня) і інш.]. — Мінск: Беларуская навука, 1997. — 422, [1] с.: іл. — ISBN 985-08-0088-7.
  • Археология Прикарпатья, Волыни и Закарпатья: (Энеолит, бронза и раннее железо) / АН УССР, Ин-т общественных наук; Отв. ред. А. П. Черныш. — М.: [Б. и.], 1990. — 184, [3] с.: ил. — ISBN 5-12-001515-8.
  • Археология Украинской ССР. Том 1. — Киев, 1985.
  • Захарук Ю. Н. До питання про співвідношення і зв'язки між культурою лійчастого посуду та трипільською культурою // Матеріали і дослідження з археології Прикарпаття і Волині. Випуск 2. — Київ, 1959.
  • Захарук Ю. Н. Новые исследования культуры воронковидных сосудов в Польше // Вестник древней истории. — 1956. — № 1. — С.
  • Захарук Ю. Н. Поселение культуры воронковидных сосудов на Волыни // Краткие сообщения о докладах и полевых исследованиях Института истории материальной культуры (КСИИМК). — 1957. — Выпуск 67. — С.
  • Исаенко, В. Ф. Неолит Припятского Полесья / В. Ф. Исаенко; АН БССР, Ин-т истории. — Мн.: Наука и техника, 1976. — 128 с., 2 отд. л. черт.
  • Крывальцэвіч, М. М. Беларускае Палессе ў перыяд пераходу ад неаліту да эпохі бронзы: праблемы і перспектывы археалагічнага вывучэння / М. М. Крывальцэвіч // Wspólnota dziedzictwa kulturowego ziem Białorusi i Polski / red. A. Kośko. — Warszawa, 2004. — S. 137—162.
  • Крывальцэвіч, М. М. Лейкападобных кубкаў культура / М. М. Крывальцэвіч // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — С. 11. — ISBN 978-985-11-0354-2.
  • Стародавне населення Прикарпаття і Волині (доба первіснообщиного ладу). — Київ, 1974.
  • Чарняўскі, М. М. Неаліт Беларускага Панямоння / М. М. Чарняўскі; АН БССР, Ін-т гісторыі; Нав. рэд. Д. Я. Цялегін. — Мінск: Навука і тэхніка, 1979. — 142 с.: іл.