Адкрыць галоўнае меню

Стары саюз (Auld Alliance) — ваенна-палітычны, а таксама культурны альянс сярэдневяковых Францыі і Шатландыі, накіраваны, у першую чаргу, на стрымліванне замежнапалітычных амбіцый Англіі. Саюз быў аформлены ў 1295 годзе каралямі Філіпам Прыгожым і Іаанам Баліялам і праіснаваў 265 гадоў. Шатландская варта ахоўвала пакоі французскага караля з Сярэднявечча і да адрачэння апошняга з Бурбонаў у 1830 годзе.

Першапачаткова саюз быў накіраваны на стрымліванне заваявальных памкненняў Эдуарда I. На працягу Стагадовай вайны Англія ўяўляла роўную небяспеку для Францыі і Шатландыі, таму саюзныя адносіны па традыцыі абнаўляліся пры змене манархаў у абедзвюх краінах. Урады Францыі, Шатландыі і Нарвегіі каардынавалі свае дзеянні супраць Англіі і да афіцыйнага афармлення саюзных адносін. Калі ў 1173 годзе супраць англійскага караля Генрыха Плантагенета са зброяй у руках выступілі яго жонка і трое сыноў, Францыя і Шатландыя абмяняліся пасольствамі, якія выказалі падтрымку паўстанцам.

Пасля разгрому французаў у бітве пры Крэсі (1346 год) па іх просьбе шатландскі кароль Давід II спешна ўварваўся ў межы Англіі, каб адцягнуць сілы англічан з кантынента. Аднак пры Невілс-Кросе ён пацярпеў паражэнне і патрапіў у палон да англічан.

У 1421 годзе сумесныя франка-шатландскія сілы атрымалі перамогу над англічанамі ў бітве пры Бажэ. Падчас знакамітай аблогі Арлеана на баку французаў таксама біліся шатландцы. Бітва пры Флодэне была прымеркавана да чарговага абвастрэння англа-французскіх адносін.

Нягледзячы на шлюб французскага караля Францыска II і шатландскай каралевы Марыі Сцюарт, інтарэсы Францыі і Шатландыі да сярэдзіны XVI стагоддзі сталі аб'ектыўна разыходзіцца. Шатландская Рэфармацыя апынулася куды больш паспяховай, чым французская. У Францыі разгараліся войны каталіцкага ўрада з пратэстанцкай меншасцю, у той час большасць насельніцтва Шатландыі, наадварот, складалі пратэстанты.

У 1560 годзе Англія і Шатландыя заключылі Эдынбургскі дагавор, паводле якога на змену прафранцузскай арыентацыі шатландскага ўрада прыходзіла праанглійская. Пасля ўзыходжання на англійскі прастол у 1603 годзе дынастыі Сцюартаў абедзве дзяржавы злучыліся ў асабістай уніі. Да гэтай даты шатландская карона некалькі разоў накіроўвала невялікія атрады на дапамогу французскім гугенотам.

Спробы аднаўленняПравіць

У XVIII стагоддзі ў сувязі з якабіцкімі паўстаннямі Францыя неафіцыйна аднавіла адносіны з па-сепаратысцку настроенай часткай шатландскага дваранства. Французская карона аказвала падтрымку спробам Сцюартаў высадзіцца ў Шатландыі і дала прытулак якабітам, вымушаным пакінуць родныя краі (уключаючы сямейства маршала Мак-Дональда).

У разгар Другой сусветнай вайны, у 1942 годзе, Шарль дэ Голь, выступаючы ў Эдынбургу, назваў саюз Францыі і Шатландыі найстарэйшым у свеце, а ў 1995 годзе ў абедзвюх краінах адзначалася 700-годдзе саюзных адносін.

Гл. таксамаПравіць

ЛітаратураПравіць

  • Norman Macdougall. An Antidote to the English: The Auld Alliance, 1295—1560. Tuckwell Press, 2001. ISBN 1862321450.