Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566

Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566, Другі статут ВКЛ — звод законаў феадальнага права, які дзейнічаў на землях ВКЛ у 1566—1588, а на Правабярэжнай Украіне і ў 17—18 стст.

Старонка II Статуту. Віцебскі спіс

Асноўныя крыніцы Статута: агульназемскія і абласныя прывілеі, Судзебнік 1468, Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 і некаторыя нормы звычаёвага права; выкарыстаны таксама нормы царкоўнага (рымска-каталіцкага і грэка-праваслаўнага) права. У ім былі спалучаны тэарэтычныя распрацоўкі мясцовага права з практычнай дзейнасцю і тэарэтычнымі асновамі рымскага і заходне-еўрапейскага права.

Для падрыхтоўкі Статута ў 1551 меркавалася стварыць камісію з 10 чалавек (5 католікаў, 5 праваслаўных), але былі вызначаны імёны толькі 5 католікаў.[1] Невядома, ці была створана такая камісія, бо з тэксту Бельскага прывілея 1564 вынікае, што праект Статута рыхтавала іншая камісія: «особы певные, рады наши, маршалкове, врадники земскме, хоружие и иные особы ряду и народу шляхецкого, доктори прав чужоземских, которые заседши не одно поправили тот статут старый, але теж новым кшталтом некоторые розделы звлаша судовый, за засаженьем новым обычаем суду и порадку судового то становили и написали». Працай гэтай камісіі кіраваў канцлер М. Радзівіл Чорны, у ёй удзельнічаў маршалак дворны А. Б. Валовіч, верагодна, П. Раізій, А. Ратундус і інш. Праект Статута 1566 аддадзены сойму на папярэдні разгляд у 1561, зацверджаны толькі 1ліпеня 1564, меркавапася ўвесці яго ў дзеянне з 11 лістапада 1564. Аднак з-за спрэчак па асобных артыкулах набыў законную сілу з 1 сакавіка 1566, некаторыя змены ўнесены ў яго прывілеем 1 ліпеня 1566. У Статут былі ўпісаны Віленскі прывілей 1563, Бельскі прывілей 1564, Віленскі прывілей 1565.

У Статуце 1566 захавана з невялікімі зменамі структура Статута 1529. У ім 14 раздзелаў і 367 артыкулаў. Першыя 3 раздзелы ахопліваюць нормы дзяржаўнага, ваеннага, адміністарцыйнага права, 4-ы — судовы лад і судовы працэс, 5—6-ы — сямейнае і апякунскае права, 7—9-ы — цывільнае права, 10-ы — лясное і паляўнічае права, 11—14-ы — крымінальнае права. Найбольш істотныя змены ўнесены ў нормы дзяржаўнага, судова-працэсуальнага і цывільнага права.

Статут 1566 замацаваў асноўныя прынцыпы права: адзінства права для грамадзян, хоць яно не было роўным для ўсіх, дзяржаўны суверэнітэт (насуперак царкоўнаму касмапалітызму), абмежаванне ўлады гаспадара (вялікага князя), прыярытэт пісанага права. Упершыню намячалася аддзяленне суда ад органаў улады і кіравання. Для гэтага ствараліся земскія суды і падкаморскія суды. Больш поўна рэгламентавалася кампетэнцыі органаў дзяржаўнай улады і кіравання, якія былі заснаваны на агульных прынцыпах феадальнага права: стварэння ільгот і перавага для класа феадалаў і саслоўя шляхты, недапушчэнне простых людзей у органы кіравання, замацаванне прававой няроўнасці розных сацыяльных груп насельніцтва. Складальнікі Статута надалі яго нормам аднастайную і сучасную, на той час, форму і прававую тэрміналогію (беларускую), зразумелую для большасці насельніцтва, што спрыяла ўмацаванню сярод шляхты і мяшчан павагі да закона і дзяржавы.

Кіраўніком дзяржавы і галоўнай асобай ва ўсёй сістэме дзяржаўных органаў прызнаваўся вялікі князь, які ў Статуце называецца «господарем». Яго прававое становішча тыповае для абмежаванага феадальнага манарха, але былі і некаторыя асаблівасці. Паўнамоцтвы вялікага князя грунтаваліся на выбарным пачатку, яны рэгламентаваліся прававымі нормамі Статута 1566. Ён не меў права без рашэння сойма пачынаць вайну, устанаўліваць падаткі на ваенныя патрэбы (раздз. 2, арт. 2), выдаваць законы (раздз. 3, арт. 12). Вялікі князь абавязваўся «всих князей и панов-рад, як духовных, так и свецких, и всех врядников земских и дворных, панов хоруговных, шляхту, рыцарство, мещане и всих людей посполитых у Великом Князстве Литовском… заховати при свободах и вольностях» (раздз. 3, арт. 2). Важнае значэнне меў артыкул, які забараняў даваць маёнткі, пасады, чыны і званні чужаземцам, у т.л. ўраджэнцам Польшчы (раздз. 3, арт. 9). Статут 1566 заканадаўча замацаваў прывілеі і галоўную ролю буйных феадалаў у дзяржаве. Паводле арт. 5-га раздз. 3-га, на вальны (агульны) сойм запрашаліся князі, паны, маршалкі і іншыя службовыя асобы. Інтарэсы буйных феадалаў забяспечваў арт. 10-ы гэтага ж раздзела, паводле якога ў адпаведнасці з даўнімі звычаямі захоўваліся і ўсе прывілеі, пасады, чыны і званні феадалаў. У Статуце 1566 акрэслены пераход ад феадальнага права ўласнасці да буржуазнага. Артыкул 1-ы раздз. 7-га даваў усім феадалам права вольна распараджацца сваімі маёнткамі. Паўней выкладзены і нормы спадчыннага права (8-ы раздзел). Істотныя змены ўнесены ў крымінальнае права. Суб’ектам злачынства прызнаваўся толькі чалавек. Непаўналетнія маглі быць пакараны толькі пасля 14 гадоў (раздз. 14, арт. 8). Абвяшчалася прэзумпцыя невінаватасці (раздз. 14, арт. 2). Крымінальнае пакаранне павінна было ажыццяўляцца толькі па суду, а асоба, якая абвінаваціла каго-небудзь у злачынстве і не даказала яго віны, павінна была быць пакарана так, як мог быць пакараны абвінавачаны ёю (раздз. 1, арт. 2).

Статут напісаны на беларускай мове, быў перакладзены на лацінскую і польскую мовы. Выяўлена 58 спісаў Статута 1566, з іх 13 на беларускай, 40 на польскай і 5 на лацінскай мовах. Упершыню надрукаваны ў 1855 у Маскве.

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. Ад католікаў у камісію ўвайшлі жамойцкі біскуп Ян Даманоўскі, віленскі канонік Станіслаў Габрыловіч, віленскі войт і сакратар гаспадара Аўгусцін Ратундус, віленскі суддзя Павел Астравіцкі і Марцін Валадковіч.

Літаратура

правіць