Субхас Чандра Бос

Субхас Чандра Бос, (англ.: Subhash Chandra Bose, бенг.: সুভাষ চন্দ্র বসু, Shubhash Chôndro Boshu) (23 студзеня 1897, Катак, Арыса, Брытанская Індыя — 18 жніўня 1945)[6], Тайбэй, Тайвань, вядомы таксама як Нетаджы — адзін з лідараў Індыйскага руху за незалежнасць, які ўшаноўваецца ў наш час нароўні з Дж. Нэру і М. Гандзі, бенгалец паводле паходжання. Для барацьбы з англійскімі каланізатарамі пайшоў на супрацоўніцтва з немцамі, а затым з японцамі. Узначальваў калабарацыянісцкую праяпонскую адміністрацыю «Азад Хінд» («Свабодная Індыя»), якую абвясціў «урадам Індыі». Яна выпускала свае грошы і маркі, але ў рэальнасці кантралявала толькі невялікую тэрыторыю, занятую японцамі. Паводле афіцыйна прынятай версіі, самалёт, на якім Бос спрабаваў бегчы ў Японію, пацярпеў авіякатастрофу.[7]

Субхас Чандра Бос
бенг.: সুভাষচন্দ্র বসু
5-ы Mayor of Kolkata[d]
22 жніўня 1930 — 15 красавіка 1931
Папярэднік Jatindra Mohan Sengupta[d]
Пераемнік Bidhan Chandra Roy[d]
55-ы прэзідэнт Індыйскага нацыянальнага кангрэса[d]
18 студзеня 1938 — 29 красавіка 1939
Папярэднік Джавахарлал Нэру
Пераемнік Субхас Чандра Бос
галоўнакамандуючы (Indian National Army[d])
4 ліпеня 1943 — 18 жніўня 1945
Папярэднік Mohan Singh[d]
Нараджэнне 23 студзеня 1897(1897-01-23)[1][2]
Смерць 18 жніўня 1945(1945-08-18)[4] (48 гадоў)
Бацька Janakinath Bose[d]
Маці Prabhabati Bose[d]
Жонка Emilie Schenkl[d]
Дзеці Anita Bose Pfaff[d]
Веравызнанне індуізм
Партыя
Адукацыя
Месца працы
Аўтограф Выява аўтографа
Род войскаў Indian National Army[d]
Бітвы
Сайт netaji.org (англ.)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Субхас Чандра Бос нарадзіўся ў сям'і бенгальцаў, якія вызнавалі індуізм; быў дзявятым дзіцем з чатырнаццаці. Вучыўся ў прыватных каледжах, універсітэце Калькуты і Кембрыджскім універсітэце. З ранніх гадоў пачаў актыўна займацца палітыкай, неаднаразова арыштоўваўся за рэвалюцыйную дзейнасць. Двойчы запар абіраўся старшынёй Індыйскага нацыянальнага кангрэса. У сваіх поглядах меў значныя рознагалоссі з Махатмам Гандзі, лічыў яго палітыку нягвалту недастатковай для дасягнення незалежнасці Індыі. Бос быў прыхільнікам узброенага выступлення супраць брытанскага панавання, заснаваў уласную палітычную групоўку «Блок — Наперад Індыя». Сярод прыхільнікаў называўся Нетаджы — «правадыр», з паважлівым канчаткам («джы»).

З пачаткам Другой сусветнай вайны шукаў кантактаў спачатку з СССР, а пазней з нацыстамі, жадаючы прыцягнуць іх дапамогу ў атрыманні незалежнасці Індыі. Наведваў Германію, дзе прыняў удзел у стварэнні Легіёна СС «Свабодная Індыя». Таксама наладжваў кантакты з уладамі Японскай імперыі ў сумеснай барацьбе супраць Вялікабрытаніі.

У 1943 узначаліў Часовы ўрад свабоднай Індыі «Азад Хінд» і ўзброеныя сілы Нацыянальнай арміі, сфарміраваныя ў акупаваным японцамі Сінгапуры, галоўным чынам з індыйскіх ваеннапалонных і рабочых-мігрантаў. Атрады, сфарміраваныя Босам, бралі ўдзел у ваенных дзеяннях японскай арміі супраць англічан у Бірме і іншых тэрыторыях са значным індыйскім насельніцтвам. З'яўляўся кіраўніком дэлегацыі Свабоднай Індыі падчас Вялікай Усходнеазіяцкай канферэнцыі ў Токіа.

У пачатку 1945 у сувязі з пагаршэннем сітуацыі на франтах спрабаваў перабрацца ў Японію, аднак загінуў у авіякатастрофе каля Тайваня 18 жніўня 1945. Акалічнасці гібелі Субхаса Чандры Боса дагэтуль застаюцца нявысветленымі. Індыйскія даследчыкі не змаглі знайсці абломкі самалёта Боса, што выклікала канспіралагічныя тэорыі пра яго далейшы лёс. Паводле адной з непацверджаных версій, Субхас Чандра Бос мог быць захоплены савецкай разведкай і памёр у палоне.

Ацэнка

правіць

Улічваючы яго супрацоўніцтва з нацыстамі і японцамі падчас Другой сусветнай вайны, Субхас Чандра Бос застаецца адной з супярэчлівых фігур у гісторыі Індыі, аднак афіцыйна прызнаецца адным з рэвалюцыянераў-змагароў за незалежнасць Індыі. Сучасны трыкалор Індыі і герб былі шмат у чым запазычаны з атрыбутаў часовага ўрада, які ўзначальваў Бос у эміграцыі. У 1992 годзе яго імя было афіцыйна занесена ў пантэон герояў Індыі, ён быў пасмяротна ўзнагароджаны найвышэйшай узнагародай Індыі — ордэнам «Бхарат Ратна». У некалькіх гарадах Індыі Субхасу Босу былі ўзведзены помнікі, гісторыя яго жыцця знайшла адлюстраванне ў некалькіх кнігах і фільмах. Міжнародны аэрапорт у Калькуце і адна са станцый Калькуцкага метрапалітэна носяць яго імя.

Зноскі

  1. Subhas Chandra Bose // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Subhas Chandra Bose // Munzinger Personen Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Бос Субхас Чандра // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  4. https://www.twmemory.org/?p=11843 Праверана 18 жніўня 2020.
  5. https://www.thenewslens.com/article/50777 Праверана 18 жніўня 2020.
  6. Меркаваная дата смерці
  7. У друку таксама вядомая версія, паводле якой у рэчаіснасці ён праз Манчжурыю перабраўся ў СССР. Дакументальных пацверджанняў гэтай версіі няма. Газета Hindustan Times правяла расследаванне смерці і апублікавала серыю артыкулаў пра гіпотэзу, што Бос стаў саньясі і пад імем Бхагванджы да 1985 года пражываў у горадзе Файзабад каля Аёдх'і. Афіцыйнага пацверджання гэта версія падзей таксама не атрымала. Netaji’s death unraveled (англ.)(недаступная спасылка). HindustanTimes.com. Архівавана з першакрыніцы 19 лютага 2012. Праверана 27 верасня 2009.

Літаратура

правіць