Сярэдняпрыпяцкая нізіна
Сярэдняпрыпяцкая нізіна — фізіка-геаграфічны раён Прыпяцкага Палесся, размешчаны ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях, большай часткай па правым беразе Прыпяці ад вытокаў Мухаўца на захадзе да вусця Убарці на ўсходзе. Мяжуе з Маларыцкай раўнінай на захадзе, Ясельдзінска-Слуцкай нізінай на поўначы, Мазырска-Лельчыцкай раўнінай на ўсходзе, трапляе на тэрыторыю Украіны на поўдні.
Геалогія і рэлеф
правіцьУ тэктанічных адносінах прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны, Палескай седлавіны і Прыпяцкага прагіна. Карысныя выкапні: буры вугаль, гаручыя сланцы, пяскі шкляныя і фармовачныя, тугаплаўкія гліны, торф.
Абсалютныя адзнакі ад 128 м (на поўначы) да 157 м (на поўдні), пераважаюць 130—150 м. Асноўную тэрыторыю займаюць моцна забалочаныя пясчаныя алювіяльныя нізіны і даліны рэк. Пераважаюць пойма і пласкахвалістыя тэрасы Прыпяці з ваганнямі адносных вышынь 2-3 м, якія ўскладняюцца эолавымі ўтварэннямі (дзюнамі і бугрыста-градавымі масівамі), затарфаванымі лагчынамі. На крайнім захадзе пашыраны плоскія азёрна-алювіяльныя нізіны, на ўсходзе — спадзістахвалістыя водна-ледавіковыя раўніны.
Паверхня дрэнуецца Прыпяццю з прытокамі Піна, Стыр, Гарынь, Сцвіга, Убарць.
Глебы і расліннасць
правіцьГлебы на большай частцы тэрыторыі (уздоўж Прыпяці і яе прытокаў) алювіяльныя дзярнова-глеевыя і тарфяна-балотныя; на плоскахвалістых міжрэччах дзярнова-падзолістыя забалочаныя на пародах рознага грануламетрычнага складу; на павышаных добра дрэніраваных участках усходу і захаду развіваюцца дзярнова-падзолістыя глебы на пясках.
Сельскагаспадарчая асвоенасць тэрыторыі менш за 30 % (на ўсходзе), 30-40 % (у цэнтры), больш за 60 % (на захадзе). Лясістасць да 20-30 % на захадзе, больш за 60 % на ўсходзе. Пашыраны хваёвыя і шыракаліста-хваёвыя лясы, на нізінных балотах чарнаальховыя, на вярховых хваёвыя, на пераходных пушыстабярозавыя. Лугі буйназлакавыя і злакавыя гідрамезафітныя ў поймах Сцвігі, Гарыні, Прыпяці з участкамі дуброў; спалучаюцца з нізіннымі разнатраўна-злакавымі і гіпнава-асаковымі балотамі.
Дамінуюць алювіяльныя тэрасаваныя ландшафты. Найважнейшы ахоўны аб’ект — нацыянальны парк Прыпяцкі, заказнікі.
Літаратура
правіць- Клицунова Н. К. Среднеприпятская низина // Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 томах. Том 1. Земля и недра. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2010. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0472-3 (руск.)