Сідама (саманазва: ሲዳማ) — кушыцкі народ у Эфіопіі. Агульная колькасць (2023 г.) — 5 193 000 чалавек[1].

Сідама
(ሲዳማ)
Агульная колькасць 5193000 (2023 г.)
Рэгіёны пражывання Эфіопія
Мова сідама
Рэлігія хрысціянства
Блізкія этнічныя групы бурджы

Згодна паданням сідама, іх першаснай радзімай былі раёны паўднёвага ўсходу сучаснай Эфіопіі на мяжы з Самалі і Кеніяй. Аднак у XVI ст. яны былі выціснуты адтуль арома. Частка сідама пры гэтым рассялілася па ўсяму паўднёваму захаду, але галоўныя буйныя роды аселі вакол возера Аўаса на поўдзень ад Адыс-Абебы, пазней насялілі болей шырокі рэгіён.

Паданні часткова тлумачаць, чаму ў XIX ст і ў большаую частку XX ст. назва сідама ўжывалася эфіопамі як зборная ў дачыненні некаторых іншых народаў паўднёвага захаду. Аднак, як паказваюць даследаванні лінгвістаў, не ўсе гэтыя народы сапраўды звязаны з сідама, паколькі размаўляюць на амоцкіх мовах. Назва сідама ў дачыненні да канкрэтнага народа пагорыстай часткі Эфіопіі і Вялікага Рыфта паходзіць ад наймення самага буйнога роду. Іншыя буйныя роды: Алаба, Тамбара, Кевена і Марака.

Сідама былі канчаткова падначалены эфіопскім імператарам Менелікам II толькі ў другой палове XIX ст. Перадача найбольш урадлівых зямель памешчыкам прывяла да няўдалага паўстання ў 1960 г. Памешчыцкія землеўладанні былі ліквідаваны пасля падзення манархіі ў 1974 г. У 2020 г. у выніку рэферэндуму быў створаны асобны аўтаномны рэгіён Сідама.

Раёны, населеныя сідама, вызначаюцца адносна мяккім кліматам, выдатна прыстасаваным для земляробства. Сідама вырошчваюць кукурузу, проса, гародніну. Аднак найбольш важная сельскагаспадарчая культура — кава. Тут вырошчваюць да 40% эфіопскай кавы, а таму эканамічны дабрабыт значна залежыць ад міжнародных коштаў на каву. У мінулым значную эканамічную і асабліва культурную ролю адыгрывала жывёлагадоўля. Свойская жывёла была вымяральнікам сацыяльнай значнасці гаспадара, часцяком служыла грашовым сродкам. Але ў апошнія дзесяцігоддзі з-за скарачэння плошчы пашаў і эпізаотый колькасць свойскай жывёлы стала змяншаецца.

Большасць вернікаў-сідама спавядаюць хрысціянства, належаць да Эфіопскай Праваслаўнай царквы або да пратэстанцкіх арганізацый, што ўзніклі дзякуючы актыўнасці заходніх місіянераў.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Kumo, W.L. The Sidama Nation: History, Culture and Political Economy. — CreateSpace - Amazon, 2017. — ISBN 978-1530922970.

Спасылкі правіць