Сіняхвостка (Tarsiger cyanurus) — птушка з сямейства мухалоўкавых.
Мае даўжыню 13-14 см, вагу каля 10-18 грам, размах крылаў 21–24 см. Дробная (драбнейшая за вераб’я) птушка з сінімі надхвосцем і хвастом. У самца ярка-сіняе апярэнне верхняй часткі цела, на плячах, гузцы і хвасце. Сіняя афарбоўка апярэння цямней за ўсё на шчоках і па баках шыі. Ніжняя частка цела сметанковага колеру з ярка-аранжавымі бакамі. Над ілбом і вачыма праходзіць белая паласа.
У самкі апярэнне верхняй часткі цела аліўкава-карычневага колеру, святлей унізе. Гузка і хвост сіняватага колеру, бакавіцы аранжавыя. Маладыя птушкі падобныя на маладых, плямістых заранак.
Песня — набор свістаў. Характэрныя спевы сіняхвосткі пачынаюцца вельмі ціха, затым пераходзяць да гучнай пошчакі «тры-ліі, тры-ліі» і зноў ціха сканчаюцца. Птушка спявае і днём і ноччу, седзячы часцей на вяршыні дрэва. Крык — гучнае «фьіць-трр»[1].
Таежны від. Гэта нясмелая птушка, якая насяляе густыя хваёвыя і яловыя лясы.
Сіняхвостка мае вялікую вобласць распаўсюджання, якая распасціраецца ад Эстоніі і Фінляндыі праз Сібір да Японіі і Карэі. На поўдні яна распаўсюджаная ў Казахстане, Пакістане, Індыі, Непале і Тайландзе. У 2021 годзе сіняхвостка была адлоўлена і акальцавана на самай поўначы Беларусі, на станцыі кальцавання птушак «Сасновы бор».
Сіняхвостка гняздуецца на зямлі, у гнілым пні, дупле або ў паваленым дрэве. У кладцы 5-7 белых з бэжавым вяночкам на тупым канцы яек[2].
- Roger Peterson, Guy Montfort, F. A. D. Hollom: Die Vögel Europas, Verlag Paul Parey, Hamburg und Berlin, 9. Auflage 1966, ISBN 3-490-05518-7
- R. Boeme, A. Cherenkov, V. Dinez, V. Flint: Birds of Russia, Moscow, 1998.