Тадэвуш Чудоўскі

паўстанец

Тадэвуш Рыгор Удальрык Чудоўскі (польск.: Tadeusz Czudowski; 5 ліпеня 18241863) — адзін кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў на Магілёўшчыне.

Тадэвуш Чудоўскі
Нараджэнне 5 (17) ліпеня 1824
Смерць 1863[1]
Род Чудоўскія[d]
Бацька Тадэвуш Чудоўскі[d]
Маці Юстына з Галынскіх[d]
Адукацыя
Бітвы

Біяграфія правіць

Паходзіў са шляхецкага роду Чудоўскіх. Сын Тадэвуша Міхайлавіча Чудоўскага, чэрыкаўскага павятовага маршалка, і Юстыны Іванаўны з Галынскіх. Нарадзіўся 5 ліпеня 1824 г., паводле мемуараў Якуба Гейштара — ў бацькоўскім маёнтку Нізкі. Ахрышчаны спачатку адной вадой у Вародзькаве. Хрост быў закончаны ў Маляцічах[2].

Вучыўся ў Віленскім дваранскім інстытуце, які скончыў у 1841 г. разам з Гейштарам. Праз год паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, які пакінуў у 1846 г. Разам з ім вучыліся Гейштар, Аляксандр Аскерка і знакаміты рэвалюцыянер Зыгмунт Серакоўскі. У 1848 г. Чудоўскі зноў на радзіме, тут ён быў прызначаны ганаровым наглядчыкам вучылішчаў Мсціслаўскага павета. Потым, з 1850 па 1855 гг., быў чэрыкаўскім павятовым суддзёй, аб чым сведчаць «Магілёўскія памятныя кніжкі» за гэтыя гады. Але ён пакінуў службу па прычыне хваробы[2].

У 1857 г. Чудоўскі зноў прызначаны ганаровым наглядчыкам Мсціслаўскага дваранскага павятовага вучылішча з абавязкам уносіць штогод на патрэбы гэтай установы па 150 рублёў[2].

У гэты час Чудоўскі ліставаўся з Адамам Кіркорам, які плануе выданне «Віленскага літаратурнага весніка». У сваім лісце ён прапануе карэспандэнтам гэтага выдання ксяндза Кеўліча, а таксама піша[2]:

  …маім стараннем будзеш мець значную колькасць артыкулаў: а менавіта аповесцяў і сельскагаспадарчых матэрыялаў, цудоўна апрацаваных Ігнатам Цеханавецкім, … матэрыялы Аляксандра Цеханавецкага…: з паэзіі Бржастоўскага і Барэйшы і многіх іншых…  

Чудоўскі таксама прасіў прыслаць рэкамендацыйнае пісьмо ў Санкт-Пецярбург да знакамітага літаратара Фадзея Булгарына, спадзяваўся, што ўплывовы зямляк дапаможа ў сталічных клопатах[2].

Чудоўскі быў частым госцем у Горках, дзе знаходзіўся земляробчы інстытут. Колішні яго студэнт, а потым краязнавец Ф. Сурын піша ў сваіх «Горацкіх успамінах»[2]:

  Сябрам нашым на працягу ўсёй бытнасці маёй ва ўстанове быў адзін з блізкіх памешчыкаў пан Тадэвуш Чудоўскі.  

Сурын апісвае Чудоўскага эксцэнтрыкам і ідэалістам, які свята верыў у сваю адметную місію[2].

Чудоўскі дапамог адкрыць у Горках падпольную народную школу, дзе навучанне вялося паводле беларускіх кніг, друкаваных лацінкай. Падтрымліваў здольную моладзь таксама і матэрыяльна, не шкадуючы на гэта ўласных сродкаў. Напрыклад, за яго кошт вучыўся ў інстытуце зямляк з Чэрыкаўскага павета Станіслаў Віскоўскі, які ў 1863 г. стаў адным з кіраўнікоў паўстання горацкіх студэнтаў[2].

Чудоўскі, які вітаў адмену прыгоннага права ў 1861 годзе, задоўга да гэтага даў сваім сялянам волю[2].

Паўстанне 1863—1864 гадоў правіць

Роля Чудоўскага ў падрыхтоўцы паўстання на Магілёўшчыне была вельмі значнай. Удзельнік паўстання З. Міткевіч на допытах паказваў[2]:

  Пры паездцы маёй у другой палове сакавіка 1863 г. у С.-Пецярбург… памешчык Чэрыкаўскага павета Фадзей Чудоўскі даручыў мне адвезці туды да капітана генеральнага штаба Серакоўскаму ліст…

 

З Вільні Міткевіч прывёз Чудоўскаму два пакеты, у якіх былі рэвалюцыйныя паперы. Вельмі інфармаваны расійскі генерал Васіль Ратч[ru], які хутка пасля падаўлення паўстання напісаў апісанне падзеі 1863 г., лічыў Чудоўскага галоўным арганізатарам магілёўскага паўстання. Ратч паведамляў, што Чудоўскі раздаваў мандаты на рэвалюцыйныя пасады па паветах. У прыватнасці, ад яго ў сакавіку 1863 г. атрымаў свой мандат на начальніка Горак Віскоўскі[2].

Узброенае паўстанне на Магілёўшчыне планавалася на 23—24 красавіка 1863 года. Вайсковым начальнікам (ваяводам) быў прызначаны Людвік Звяждоўскі (псеўданім «Тапор»), які служыў тады ў Маскве, у штабе грэнадзёрскага корпуса. У ноч на 24 красавіка з дапамогай студэнтаў, якімі кіраваў Станіслаў Віскоўскі, Тапор-Звяждоўскі захапіў Горкі. Потым яго атрад, які павялічыўся за кошт студэнтаў, накіраваўся ў Чэрыкаўскі павет[2].

На Чэрыкаўшчыне фарміраваў атрад паручнік Ян Жукоўскі (Каса). Паводле дыспазіцыі, ён павінен быў захапіць гарматы ў Крычаве, але ўлады даведаліся пра гэты планы. Паўстанцкі атрад быў рассеяны. З рэшткамі Жукоўскі накіраваўся ў Краснае насустрач Звяждоўскаму. З Жукоўскім быў і ўладальнік Краснага Чудоўскі. У ваколіцах Краснага інсургенты правялі безвыніковую агітацыю сярод сялян з мэтай далучыць іх да паўстання[2].

Сітуацыя для паўстанцаў склалася адчайная. Звяждоўскі з маёнтка Чудоўскага накіраваўся праз увесь Чэрыкаўскі павет на захад і пераправіўся праз Проню, спаліўшы за сабой паромную пераправу. 30 красавіка ён распусціў сваё войска. Значная частка паўстанцаў здалася ўладам у Прапойску, частку вылавілі па лясах сяляне. Чудоўскі ж адбіўся ад асноўнага атрада і накіраваўся таксама да ракі Проня, каб далучыцца да Звяждоўскага. Шукаючы броду, наткнуліся на вайсковую каманду з сялянамі. Салдаты абшукалі фурманку, на якой ехаў Чудоўскі, і знайшлі зброю. Салдаты і сяляне кінуліся на паўстанца і яго спадарожнікаў. Чудоўскі бараніўся і быў забіты[2].

У нарысе «Куток паўстання» в «Историческом вестнике» за 1902 год, напісанага журналістам С. Акрэйцам[ru], які ўдзельнічаў у паўстанні, але пасля карэнным чынам адышоў ад сваіх ідэалаў, Чудоўскі называецца Чудзіноўскім, а Магілёўская губерня іншасказальна называецца Дняпроўскай. У гэтым матэрыяле гаворыцца, што Чудзіноўскі ўвосень 1862 г. паехаў у Варшаву і вярнуўся адтуль з мандатам (намінацыяй) на званне камісара Дняпроўскага ваяводства. Характарыстыку Чудзіноўскаму-Чудоўскаму аўтар дае не вельмі паважлівую[2]:

  …выхваляка, дэкламатар, праматаны пан, які ганарыцца сваім родам і ажаніўся грошай дзеля з дурнаватай, хваравітай шляхцянкай, дачкой нейкага Свадскага, цёмнай асобы, якая нажылася ліхвярствам і ўтрыманнем паштовых станцый.

 

Сувязь з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам правіць

Беларускі пісьменнік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч гасцяваў маёнтку Шчаўры Сенненскага павета, якім валодаў аматар беларушчыны Юлій Рашкоўскі, брат чэрыкаўскіга павятовага маршалка. Пра сваё гасцяванне паэт напісаў у вершаваным апавяданні «Літаратурныя клопаты»[2]:

  Малады ён і багаты, а не ганарысты,
прадстаўляе мне суседзяў ветла, урачыста.
То з-пад Лепеля прыехаў Павел з Пацейкова,
то Тадэуш — лепшы сябра — аж з-пад Магілёва…
 

«Тадэуш з-пад Магілёва» гэта, несумненна, Тадэвуш Чудоўскі[2].

Ёсць дакументальнае сведчанне стасункаў Чудоўскага з Дуніным-Марцінкевічам. У 1858 г., аддаючы ў цэнзуру сваю вершаваную аповесць «Быліцы, расказы Навума», пісьменнік зрабіў іранічнае прысвячэнне: «Вяльможнаму Тадэвушу Чудоўскаму ў знак глыбокай пашаны гэты слабы твор ахвяруе аўтар». Чудоўскі ў адказ напісаў на цэнзурным рукапісе: «На ахвяраваную мне дэдыкацыю твора згаджаюся і з падзякаю прымаю. Тадэвуш Чудоўскі»[2].

Сям’я правіць

4 ліпеня 1856 г. у Чэрыкаўскім касцёле ўзяў шлюб з Антанінай Свяцкай з маёнтка Горы, якая была маладзейшай за яго на 12 гадоў.

Зноскі

Спасылкі правіць