Тапаграфічная карта

від геаграфічнай карты

Тапаграфі́чная ка́рта[1] — універсальная геаграфічная карта, на якой дэталёва адлюстраваны размешчаныя на мясцовасці прыродныя і сацыяльна-эканамічныя аб’екты, іх колькасныя і якасныя характарыстыкі. Прызначаныя для шматмэтавага гаспадарчага, навуковага, адукацыйнага і ваеннага прымянення.

Тапаграфічная карта
Выява
Асноўная тэма твора тапаграфія і рэльеф
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Прыклад легенды тапаграфічнай карты

Падзяляюцца на

  • аглядна-тапаграфічныя (маштабы 1:500 000, 1:1 000 000),
  • уласна тапаграфічныя (маштабы 1:5000 — 1:200 000),
  • тапаграфічныя планы (маштабы 1:500, 1:1000, 1:2000)[1].

Уласна тапаграфічныя карты ў сваю чаргу падзяляюцца на

  • буйнамаштабныя (маштабы 1:5000, 1:10 000),
  • сярэднемаштабныя (маштабы 1:25 000, 1:50 000),
  • дробнамаштабныя (маштабы 1:100 000, 1:200 000)[1].

Да тапаграфічных карт таксама адносяць фотатапаграфічныя, аэратапаграфічныя, косматапаграфічныя і лічбавыя карты[1].

Змест і афармленне

правіць

Тапаграфічныя карты складаюцца асобнымі лістамі, абмежаванымі мерыдыянамі і паралелямі, аб’яднанымі адзінай картаграфічнай праекцыяй (роўнавугольная папярочна-цыліндрычная праекцыя Гаўса—Кругера), сістэмай разграфкі і наменклатуры (умоўнае абазначэнне лістоў) і ўмоўнымі знакамі. Праецыраванне паверхні мясцовасці ажыццяўляецца на аснове дзяржаўнай геадэзічнай сеткі па 6-градусных геадэзічных зонах. Кожная з зон мае самастойную прамавугольную сістэму каардынат, якая наносіцца на карты ў выглядзе прамавугольнай кіламетровай сеткі.

На тапаграфічных картах тапаграфічнымі ўмоўнымі знакамі паказваецца рэльеф, граніцы, гідраграфія, расліннае покрыва, грунты, населеныя пункты, дарогі, чыгункі, трубаправоды, прамысловыя, сацыяльна-культурныя, сельскагаспадарчыя і іншыя аб’екты, геадэзічныя пункты. Таксама даюцца лікавыя характарыстыкі аб’ектаў, тлумачальныя надпісы і геаграфічныя назвы.

За рамкай ліста карты змяшчаюць яго наменклатуру, назву адпаведнай адміністрацыйнай адзінкі і галоўнага населенага пункта, колькасны і лінейны маштабы, звесткі аб сістэмах каардынат і вышынь, сячэнні рэльефу, метадзе і даце вырабу і праверкі (абнаўлення) карты. На пазарамачных палях аглядна-тапаграфічных карт таксама прыводзяцца: умоўныя знакі да дадзенага ліста, шкала прыступак вышынь, схема межаў; на ўласна тапаграфічных картах — схема збліжэння мерыдыянаў і магнітнага схілення, шкала залажэнняў, дадатковыя абазначэнні аб’ектаў; на тапаграфічных планах — назва пляцоўкі, схема ўсяго ўчастка здымкі і тэксты аб прызначэнні плана, увязцы, зрэзаў водаў і іншая інфармацыя.

Ствараюцца і абнаўляюцца тапаграфічныя карты на аснове аэрафотатапаграфічных, касмічных і тапаграфічных здымак.

Зноскі

правіць

Літаратура

правіць