Трыстан-да-Кунья (востраў)

Востраў Трыстан-да-Кунья (англ.: Tristan da Cunha) — найбуйнейшы і адзіны населены востраў архіпелага Трыстан-да-Кунья. Агульная плошча — 98 км². Насельніцтва (2022 г.) — 238 чал. На востраве размешчана паселішча Эдынбург-Сямі-Мораў.

Трыстан-да-Кунья
англ. Tristan da Cunha
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
Характарыстыкі
Плошча98 км²
Насельніцтва238 чал.
Шчыльнасць насельніцтва2,43 чал./км²
Размяшчэнне
37°06′54″ пд. ш. 12°17′06″ з. д.HGЯO
АкваторыяАтлантычны акіян
Краіна
РэгіёнАстравы Святой Алены, Узнясення і Трыстан-да-Кунья
Трыстан-да-Кунья (востраў) (Атлантычны акіян)
Трыстан-да-Кунья
Трыстан-да-Кунья
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Адкрыты партугальскім мараплаўцам Трыстанам да Кунья ў 1506 г. У 1767 г. упершыню дэталёва абследаваны французскімі маракамі (вынікі апублікаваны толькі ў 1781 г.). Першае сталае паселішча было ўтворана ў 1810—1812 г. амерыканцам Джонатанам Ламбертам. У 1816 г. Вялікабрытанія анексіравала востраў. Кароткі час на востраве Трыстан-да-Кунья знаходзіўся невялікі брытанскі гарнізон. У 1821 г. адзін з яго служачых, капрал Вільям Глас, заснаваў калонію, вядомую з 1867 г. як Эдынбург-Сямі-Мораў.

6 жніўня 1961 г. пачаў вывяргацца вулкан на востраве Трыстан-да-Кунья. 10 кастрычніка адміністратар абвясціў аб эвакуацыі калоніі. Кароткі час трыстанцы былі вымушаны правесці на востраве Найцінгейл, пасля чаго былі эвакуіраваны праз Кейптаўн у Вялікабрытанію. Пасля таго, як вывяржэнне скончылася, яны прынялі рашэнне аднавіць калонію. 24 кастрычніка 1963 г. жыхары вярнуліся на востраў Трыстан-да-Кунья. У 2010 г. колькасць мясцовага насельніцтва склала 264 чал.

Прырода

правіць

Востраў мае вулканічнае паходжанне. Апошняе моцнае вывяржэнне адбылося ў 1963 г. Клімат марскі ўмераны. Сярэдняя тэмпература ў лютым 17 — 21° С, у жніўні 10 — 14° С. Сярэдняя гадавая норма ападкаў — 1681 мм.

Эндэмічная флора і фаўна часткова пацярпелі ад дзейнасці чалавека, аднак захаваліся мясцовыя дрэвавідныя і балотныя папараці, ягаднікі (Empetrum rubrum), шматлікія марскія птушкі, марскія коцікі і г. д.

Насельніцтва

правіць

Усё насельніцтва (238 чал. у 2022 г.) стала пражывае ў паселішчы Эдынбург-Сямі-Мораў на паўночным захадзе вострава.

Славутыя мясціны

правіць

Горы займаюць цэнтр вострава. Пік Каралевы Марыі — найвышэйшая частка, якая ўздымаецца на 2062 м над узроўнем мора. Крыху ніжэйшая за яго суседняя гара Олаў — 1969 м. Трыстанскія горы добра бачны з боку акіяна. У мінулыя часы яны з’яўляліся надзейным арыенцірам для маракоў, якія накіроўваліся з Еўропы ў Індыю і зваротна. Верхнія часткі горных схілаў не пакрытыя расліннасцю, таму асабліва падвержаны эрозіі. Моцныя дажджы ўтвараюць глыбокія равы, з-за чаго паверхня нагадвае месячную. Толькі дзе-нідзе бачны зялёныя плямы — скалы, пакрытыя лішайнікамі.

Вулканічны кратар Саміт утварае шырокую цясніну на поўдні, унутры якой месцяцца некалькі азёр. Схілы кратара абаронены ад вятроў, зарослыя дрэвавіднымі папарацямі (Blechnum palmiforme) і багатымі лугамі — месцам выпасу авечак.

У паўднёвай, найменш вывучанай частцы гор гняздуюцца жоўтадзюбыя атлантычныя альбатросы.

Базай на востраве Трыстан-да-Кунья лічаць вобласць паміж стромкімі скаламі, якія атачаюць з аднаго боку бераг, а з іншага — горы. Найвышэйшай яе часткай з’яўляецца Вялікі Зялёны ўзгорак — паразітны вулканічны конус, утвораны падчас вывяржэння 11 тыс. гадоў таму. Для Базы характэрна травяністая расліннасць. Тры мясцовыя старыя кратары, запоўненыя вадой, з тарфяністымі берагамі, трыстанцы называюць сажалкамі.

Самая шырокая частка Базы мае назву Заплаты. Астравіцяне трымаюць на ёй свае агароды, абароненыя ад вятроў насыпамі і плотам. Зверху яны сапраўды нагадваюць заплаты. Ад гор яна аддзелена скалістым Схілам.

Пігбайт

правіць

Пігбайт (англ.: Pigbite «укус свінні») — частка заходняга ўзбярэжжа, якая асабліва змянілася пасля вывяржэння 1961 г. У мінулым тут знаходзіўся Вялікі пляж, але ён быў заліты лававымі патокамі. Зараз па паверхні застылай лавы пракладзена сучасная дарога. Расліннасць Пігбайт вельмі бедная, хаця ўвесну сярод скал можна ўбачыць квітнеючы дзікі вінаград. Яшчэ адным вынікам вывяржэння стала фарміраванне лагуны, якую трыстанцы доўгі час выкарыстоўвалі для купання (у акіяне мясцовае насельніцтва купацца не адважваецца), але ў 1990-я гг. вузкая перамычка, утвораная вулканам, была разбурана штормам, і лагуна знікла.

Мыс Сэндзі

правіць

Мыс Сэндзі (англ.: Sandy «пясчаны») знакаміты доўгім пясчаным пляжам і адносна добра схаваны ад вятроў скаламі. У 1950-я гг. тут быў створаны гадавальнік для дрэваў, зараз закінуты, але пасадкі яблынь і хвоі захаваліся. У нашыя дні на мысе Сэндзі здабываюць драўніну для мясцовых патрэбаў.

Паўднёвы захад

правіць

На паўднёвым захадзе вострава знаходзяцца Цюлені заліў — прыбежышча шматлікіх ластаногіх, а таксама шырокае плато і марскія гроты. У мінулым трыстанцы прыязджалі сюды на лодках паляваць на марскіх коцікаў і спыняліся ў пячорах, калі надвор’е не спрыяла бяспечнаму вяртанню. Зараз астравіцяне трымаюць тут статак паўдзікіх кароў, якіх прыязджаюць на лодках забіваць раз на год.

Спасылкі

правіць