Адкрыць галоўнае меню

Удэге́йцы (саманазвы удээ, удихэ) — карэнныя насельнікі Далёкага Усходу Расіі, жывуць пераважна ў Хабараўскім і Прыморскім краях. Агульная колькасць — 1496 чал. (2010 г.).

Удэгейцы
(удээ, удихэ)
Udege Family.jpg
Агульная колькасць 1496
Рэгіёны пражывання Расія
Мова удэгейская
Рэлігія анімізм, шаманізм
Блізкія этнічныя групы ульчы, нанайцы, орачы, эвенкі

Паходжанне і гісторыяПравіць

Мяркуецца, што удэгейцы — нашчадкі старажытнага палеазіяцкага насельніцтва, блізкага да ніўхаў і айнаў, пазней асіміляванага тунгуса-маньчжурскімі прышэльцамі з захаду і поўначы. У паўднёвай групы удэгейцаў ясна прасочваецца ўплыў выхадцаў са старажытнага Бахая, кітайцаў і карэйцаў.

У кітайскіх пісьмовых крыніцах народ удэгей упершыню ўзгадваецца ў XIV ст. Да XX ст. ён насяляў ўзгор’і Сіхатэ-Алінь ад ракі Усуры на поўначы да Японскага мора на поўдні. Гэтая тэрыторыя фармальна залежыла ад Кітая, але ў рэчаіснасці кантакты кітайцаў і удэгейцаў абмяжоўваліся гандлёвымі зносінамі. Кітайскія гандляры часам сяліліся сярод удэгейцаў. Сюды таксама прыходзілі кітайскія паляўнічыя і проста беглякі. Вынікам гэтых кантактаў стала з’яўленне кітайска-удэгейскіх крэолаў тазаў.

У 1850 г. тэрыторыі ўдэгейцаў былі анексаваны Расійскай імперыяй. Расійскія даследчыкі да канца XIX ст. не вылучалі удэгейцаў як самастойны этнас, лічылі іх адным народам з орачамі. Канчатковае прызнанне яны атрымалі толькі пасля ўсталявання савецкай улады. Калектывізацыя 1930-ых гг. прывяла да заканчэння традыцыйнага ладу жыцця, у якім значнае месца адводзілася паляванню. Удэгейцы былі вымушаны кампактна сяліцца ў вёсках і буйных населеных пунктах разам з рускімі. У выніку суцэльны арэал жыццядзейнасці знік. Адзіны народ быў раз’яднаны на анюйскую, хорскую, бікінскую, цернейскую і іншыя групы.

Колькасць удэгейцаў у Расіі:

 

Традыцыйная культураПравіць

Галоўным заняткам удэгейцаў здаўна было паляванне. Яно давала не толькі мяса для ежы і скуры для вопраткі, але таксама рогі, футра, жоўць і іншыя прадукты, якія абменьвалі ў кітайскіх, а пазней і ў рускіх гандляроў на тканіны, тытунь, муку і г. д. Асноўныя прылады для палявання — драўляныя лукі бэі, самастрэлы, капканы, сеткі. Рыбалоўства і збіральніцтва адыгрывалі меней значную ролю. З дапамогай лукаў і астрог здабывалі ласосяў і карпавых. Рыбу сушылі, елі сырой або марожанай. На марскім ўзбярэжжы ўдэгейцы і тазы збіралі водарасці і малюскаў, у лесе — жэньшэнь, якія куплялі кітайскія гандляры. Земляробства з’явілася толькі ў XIX ст. пад уплывам кітайцаў і рускіх. У агародах вырошчвалі кукурузу, цыбулю, гарбузы, кавуны, бульбу і г. д. Распаўсюджаныя рамёствы — кавальская справа, вытворчасць з дрэва прыладаў працы, лодак з кары бярозы (ветразяў не ведалі), вопраткі (лічылася жаночым заняткам) і г. д.

Удэгейцы жылі асобнымі сем’ямі і часцяком мянялі месца жыхарства ў пошуках лепшых месц для палявання. Летнім жытлом звычайна быў будан джугды, які ладзіўся ў форме каркаса, крытага доўгімі палоскамі бяросты. Зімовы будан туа джо рабілі з тоўстых жэрдак, паверх бяросты клалі хваёвую кару. Пры змене месца жыхарства таксама карысталіся мабільнымі чумамі чало. Вопратку шылі з скуры звяроў і рыбы. Насілі халаты з запахам на правы бок, футравыя курткі, берасцяныя капялюшы і г. д. Жанчыны ўпрыгожваліся нагруднікамі лэлі.

Сем’і аб’ядноўваліся ў экзагамныя роды, якія валодалі пэўнымі тэрыторыямі для палявання і збіральніцтва. На родзічаў распаўсюджваўся звычай кроўнай помсты за сваіх сваякоў. Міжродавыя адносіны вырашаліся шляхам супольных судоў або праз войны. Ваенныя дзеянні вяліся па пэўных правілах. Жанчын і дзяцей воіны не чапалі, змагаліся толькі халоднай зброяй, на землях ворага забаранялася паляваць, піць ваду, лавіць рыбу. У некаторых родаў меліся асобыя воіны-абаронцы. Ваенная справа была іх галоўным заняткам, але яны маглі выступаць і ў якасці пасрэднікаў.

Жонак шукалі паза межамі свайго роду. Жаніх павінен быў выплаціць сям’і нявесты даволі значную суму грошай (у канцы XIX ст. — да 400 срэбраных рублёў). Часцей удэгеек куплялі кітайцы, а сярод саміх удэгейцаў множылася колькасць халасцякоў. Практыкаваўся абмен нявестамі паміж родамі.

Фальклор багаты чарадзейнымі казкамі, міфамі, напевамі з простымі мелодыямі і паўтаранымі словамі, гарлавымі гукамі і языкавым пстрыканнем. Удэгейцы добра вядомы драўлянай скульптурай, якая ў мінулым мела рытуальнае значэнне.

РэлігіяПравіць

Традыцыйныя вераванні былі анімістычнымі. Удэгейцы верылі ў шматлікіх духаў гаспадароў прыроды, якім прыносілі ахвяры. Асобнае месца займаў культ тыгра куты мафа. Таксама праводзіліся святы мядзведзя, якія скончваліся рытуальным паяданнем галавы звера. Значную ролю ў грамадстве адыгрывалі шаманы. Памерлых пакідалі ў лесе або хавалі на дрэвах.

З сярэдзіны XIX ст. расійскія ўлады імкнуліся распаўсюдзіць праваслаўе, але яно не асабліва паўплывала на ўдэгейцаў. У наш час удэгейцы амаль не наведваюць царкву.

Вядомыя ўдэгейцыПравіць

ЛітаратураПравіць

  • Народы и религии мира: Энииклопелия / Гл. ред. В. А. Тишков, Редкол.: О. Ю. Артемова, С. А. Арутюнов, А. Н. Кожановский и др. — М.: Большая Российская энциклопедия, 1999. - 928 с.: ил. ISBN 5-85270-155-6

СпасылкіПравіць