Уладзімір Сенька
Уладзімір Сенька (21 ліпеня 1918 — 2 лютага 1997)[1] — беларускі ваенна-палітычны дзеяч і публіцыст, калабарацыяніст. Камендант Беларускай дапаможнай паліцыі Нясвіжскага павета ў часе Другой сусветнай вайны, афіцэр разведкі Бундэсвера ў пасляваенны перыяд.
Уладзімір Сенька | |
---|---|
Нараджэнне |
21 ліпеня 1918 |
Смерць |
2 лютага 1997 (78 гадоў) |
Веравызнанне | Праваслаўе[1] |
Партыя |
Беларуская Незалежніцкая Партыя Беларускі Вызвольны Рух Беларускі Вызвольны Фронт |
Адукацыя | |
Дзейнасць | ваенна-палітычны дзеяч, |
Ваенная служба | |
Званне | маёр |
Біяграфія
правіцьСкончыў Стаўбцоўскую гімназію і Віленскі ўніверсітэт. Быў сябрам Беларускага студэнцкага саюзу. Быў мабілізаваны ў Польскую Армію, скончыў польскую школу афіцэрскага рэзерву пехоты ў Замбраве . Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР працаваў настаўнікам у перыяд 1940—1941 гадоў. Падчас нямецкай акупацыі быў начальнікам Беларускай дапаможнай паліцыі у Нясвіжскім павеце. Адначасова належаў да Беларускай незалежніцкай партыі.
Летам 1944 года эвакуіраваўся ў Германію. Пасля вайны ў 1947—1948 гадах ён быў дырэктарам беларускай гімназіі імя Максіма Багдановіча ў Ніжняй Саксоніі. Пасля працаваў для нямецкага навукова-даследчага інстытута «Forschungsdienst Osteuropa» у Дзюсельдорфе (Cecilienallee 52)[2] i, па некаторых звестках, для разведцы Бундэсвера, даслужыўся да звання маёра.
Рэдагаваў па-нямецку бюлетэні-штоквартальнікі пра становішча ў БССР (Die Weißruthenische Sowjetrepublik: Informationshefte, 1961—1983; Die Belorussische Sowjetrepublik: Informationshefte, 1985—1991, выдавецкая установа: Weissruthenischer Arbeitskreis) у Дзюсельдорфе, пазней у Штутгарце[3]. Акрамя таго, выдаваў па-беларуску газету «Жыве Беларусь!».
5 мая 1946 года разам з братам Міхасем удзельнічаў у З’ездзе беларускіх праваслаўных вернікаў у Рэгенсбургу, мэтай якога было прадухіленне далучэння Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы да Рускай замежнай праваслаўнай царквы. У маі 1948 года ўдзельнічаў у аднаўленчым Пленуме БЦР у Эльвангене, быў прызначаны віцэ-міністрам унутраных справаў. У 1953 годзе быў прызначаны намеснікам сакратара дзяржаўнай абароны БЦР, у тым жа годзе Сенька ўзначаліў дэлегатуру БЦР у Германіі. 8 лютага 1954 года быў прызначаны начальнікам Галаўнога Штаба Беларускага Вызвольнага Руху Радаславам Астроўскім, у якога быў канфлікт з былым кіраўніком арганізацыі Людвігам Зарэчным. 27 кастрычніка пленум БЦР «ліквідаваў» Беларускі Вызвольны Рух, замяніўшы яго Беларускім Вызвольным Фронтам. Удзельнічаў у перакідцы агентаў і ўзброенных групаў у Беларускую ССР. У 1963 годзе ўлады СССР беспаспяхова дамагаліся ад ураду Германіі выдаць Уладзіміра Сеньку як «ваеннага злачынца».
Памёр 2 лютага 1997 года, быў пахаваны ў Ігель каля Трыру ў Германіі. Застаўся малодшы брат Міхась Сенька[4]. Дачка, Соф’я Сенька (Sienko, нар. 1958), скончыла Бонскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «вірусолаг», лекар-гамеапат, вядзе семінары па эзатэрыцы.
Зноскі
- ↑ а б Гардзіенка Алег. Беларуская Цэнтральная Рада (БЦР): Стварэнне — дзейнасць — заняпад (1943—1995). / Прадмова Вітаўта Кіпеля, Янкі Запрудніка. — Мінск: Кнігазбор, 2016—480 с. ISBN 978-985-7144-02-0 с.208, 209, 212, 238, 245, 253, 254, 265, 269, 283, 334, 338, 448
- ↑ Die weissruthenische Volksgruppe in der VR Polen: Zusammenstellung nach Unterlagen des Polnischen und Ukrainischen Arbeitskreises (1957 або 1959)
- ↑ Апошнія выпускі рэдагаваліся ў Ляймене (1987—1989) і Боне (1990—1991)
- ↑ http://spadchyna.net/index.php?option=com_content&view=article&id=220&Itemid=235
Літаратура
правіць- Найдзюк Язэп, Касяк Іван. Беларусь учора і сяньня — Мінск 1993. ISBN 5-343-01458-5